Спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш» — вынік 100-гадовай працы беларусаў

У Варшаве перавыдалі спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш. Зборнік беларускіх патрыятычны песень для хору». Budzma.org пагутарыла з укладальніцай перавыдання, музыкай і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай.

Tacciana Hrynievič-Matafonava Таццяна Грыневіч-Матафонава

Спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш. Зборнік беларускіх патрыятычны песень для хору» ўпершыню выйшаў у Нью-Ёрку ў 2006 г. Яго ўклаў дзеяч беларускай эміграцыі Кастусь Верабей. У кніжцы змешчаны тэксты песень, якія спявалі беларусы ў эміграцыі. Аднак у зборніку не было нот, былі толькі словы, аўтарства якіх, да таго ж, не заўсёды дакладна вядомае.

Spieŭnik
Спеўнік 2026 году выдання

Кастусь Верабей пісаў пра сябе: «Складальнік зборніка ня меў доступу да большасьці арыгінальных запісаў словаў і мэлёдыяў, надрукаваных у гэтым зборніку песьняў, а запісваў іх з памяці. З гэтае прычыны ў зборніку маглі здарыцца памылкі ў названьнях аўтараў словаў і музыкі, а таксама незнарочныя разыходжаньні паміж аўтарскімі арыгіналамі й надрукаванымі тэкстамі, за што складальнік перапрашае аўтараў твораў і сьпевакоў, што будуць карыстацца зборнікам» (тут і далей у цытатах захаваны арыгінальны правапіс — Рэд.).

Vokladka vydannia spieŭnika Kastusia Vierabja, 2006 h.
Вокладка выдання спеўніка Кастуся Вераб’я, 2006 г.

Музыка і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава вырашыла зрабіць перавыданне зборніка, але ўжо з нотамі. На гэту працу спатрэбіўся цэлы год. Укладальніца тлумачыць: «Беларусы ў эміграцыі проста збіраліся і спявалі гэтыя песні так, як іх вывучылі ў свой час, напрыклад, у хорах, але не заўжды мелодыі былі запісаныя нотамі. Пра кампазітараў некаторых твораў вядома зусім мала. Ёсць і песні невядомых аўтараў».

Tacciana Hrynievič-Matafonava
Таццяна Грыневіч-Матафонава

Некаторыя песні са зборніка папулярныя і сёння: «Магутны Божа», «Не загаснуць зоркі ў небе», «Ваяцкі марш» (іх выконваў хор «Унія» пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева). Частка мелодый ужо друкавалася раней і адносна даступная, але некаторыя Таццяне давялося шукаць. 

Напрыклад, ноты Антона Грыневіча на верш Янкі Купалы «Гэй, наперад» знайшліся ў «Беларускім календары» за 1923 год. Укладальніца кажа пра гэты твор: «Песня, якую ўсе любілі і спявалі амаль што як народную, праз сто год была забытая і, каб не запісаныя ноты, яе было б немагчыма аднавіць».

Spieŭnik
Спеўнік 2026 году выдання

Некаторыя ноты Таццяна сама наноў аранжавала для хору. Мелодыі твораў «Як шырока і далёка», «Нёман», «Я люблю густыя шумы», «Партызанскі марш» яна запісала з голасу Алы Орсы-Рамана, якая ў пасляваенны час спявала ў хорах Міколы Куліковіча і Міколы Равенскага ў нямецкім Рэгенсбургу, а цяпер жыве ў ЗША. У прадмове да выдання можна пачытаць вытрымкі з успамінаў спадарыні Алы:

«Пасьля вайны ў беларускім лягеры ў горадзе Рэгенсбургу была створана акрэдытаваная гімназія для дзяцей... Галоўным адказным за ўсе музычныя патрэбы ў гімназіі быў Мікола Куліковіч, ён жа кіраваў хорам гімназіі. Равенскі меў у лягеры свой асобны хор. Тады мы ўсе хадзілі і ў адзін, і ў другі хор...

Равенскі быў невысокі, кіраваў хорам спакойна, часам нешта расказваў, калі практыкаваліся, ужываў скрыпку, каб паказаць тон, паўтону вышэй. Пераважна сьпявалі беларускія народныя песьні, і заўжды а капэля. 

Куліковіч жа ўвесь час сядзеў за піяніна, калі нехта нешта зробіць, ён папраўляў, граючы на піяніна, даваў слухаць, дзе мы памылкі зрабілі. Сьпявалі песьні нацыянальна моцныя, адраджэнцкія, усе з акампанімэнтам Куліковіча.
Кожны тыдзень быў выступ у лягеры, нас прыходзілі слухаць украінцы, немцы, іншыя нацыянальнасьці. Часам мы езьдзілі з выступамі па іншых лягерох. Такім было патрыятычнае выхаваньне ад Куліковіча і Равенскага на ўсё далейшае жыцьцё».

У працы над укладаннем зборніка Таццяне дапамагаў бард Сяржук Сокалаў-Воюш, канчатковую вычытку тэкстаў зрабіў Вінцук Вячорка, які прапанаваў невялікія праўкі, што больш адпавядаюць першакрыніцам. 

У сваёй частцы прадмовы Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў: «Працу, якую ў іншых краінах робяць цэлыя калектывы, Тацяна зрабіла адна. Мы, хто нешта дапамаглі, ДАПАМАГЛІ, БО ЯНА ЗРАБІЛА! як сказаў Вінцук Вячорка, «фантастычную, унікальную працу на вякі». І гэта праўда»

Сама ж Таццяна адзначыла: «Гэты зборнік — вынік 100-гадовай працы беларусаў». Нават больш, чым стогадовай: у спеўнік увайшоў, напрыклад, верш Янкі Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе», напісаны ў 1911 г. і пакладзены на музыку Мікалаем Янчуком, «Ваяцкі марш (Мы выйдзем шчыльнымі радамі)», напісаны ў 1919 г. Макарам Краўцовым, які стаў гімнам БНР з музыкай Уладзімера Тэраўскага.

Spieŭnik
Спеўнік 2026 году выдання

Цікавая гісторыя варыянту верша «О Беларусь, мая шыпшына», змешчанага ў спеўніку. Да яго пазначана аўтарства Уладзіміра Дубоўкі і Ларысы Геніюш. У верш Дубоўкі ўстаўлена чатырохрадкоўе Геніюш, бо Таццяна раней пачула такі варыянт песні ад сяброў, і ў такім выглядзе ўзяла яе ў свой рэпэртуар. «Ларыса Геніюш у сваіх лістах пісала, што ў вершах Дубоўкі не хапае пратэсту, то праз дадаванне гэтага чатырохрадкоўя ў песню пратэст у ёй з’явіўся», — патлумачыла Таццяна.

Укладальніца распавядае: «Агулам у зборніку 37 песень. Ён выйшаў у Варшаве накладам тысяча асобнікаў для таго, каб мы больш не забыліся на гэтыя песні, і каб праз яшчэ сто год яны шырока гучалі сярод беларусаў».

Vyšyŭka
 Вышыўка, фота якой змешчана на вокладцы спеўніка 2026 году выдання

На вокладцы перавыдання — фотакопія вышыўкі, якую зрабіла ўкладальніца. Кожная песня суправаджаецца qr-кодам, па якім на youtube-канале Таццяны Грыневіч-Матафонавай можна паслухаць, як твор гучыць у выкананні хора (усе партыі запісала сама спявачка, а некаторыя песні — з сынам Адасем Матафонавым). «У зборніку — ноты для хору, — тлумачыць укладальніца. — Але і адзін чалавек дома можа слухаць запісы на канале і, гледзячы ў ноты, падпяваць мелодыю»

Акрамя таго, на канале шмат іншых праектаў Таццяны: беларускія калыханкі, забаўлянкі, музыка і майстар-класы па традыцыйных танцах, вершы беларускіх паэтаў у іх аўтарскай агучцы, турэцкія песні.

Спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш. Зборнік беларускіх патрыятычны песень для хору» можна набыць у беларускіх крамах Варшавы («Кнігаўка», «Вырай», kirma.sh), у тым ліку праз інтэрнэт.

Алеся Лях, budzma.org

Фота з асабістага архіва гераіні

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.