Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
7 чэрвеня
1927. Забойства беларусам савецкага пасла ў Польшчы
А 9-й ранку пасол СССР у Польшчы Пётр Войкаў прыбыў на галоўны вакзал Варшавы для сустрэчы іншага савецкага дыпламата. Зайшлі ў буфет, выпілі кавы, а калі выйшлі на перон — і раздаўся стрэл. Войкаў пачаў уцякаць, але невядомы страляў услед. Пасол упаў, а праз некалькі дзён памёр.
Забойцам аказаўся Барыс Каверда, беларус, навучэнец Віленскай беларускай гімназіі. Замах ён рыхтаваў разам з расійскімі белымі эмігрантамі. Мэтай была помста за сотні тысяч ахвяраў чырвонага тэрору і забойства царскай сям’і. Каверда добраахвотна здаўся паліцыі.
Забойства справакавала дыпламатычны скандал і камуністычныя дэманстрацыі па ўсёй Польшчы. Каверда прызнаўся, што забіў Войкава, але не прызнаў сябе вінаватым. Яму далі пажыццёвую катаргу, якая была замененая 15 гадамі турмы. На волю па амністыі ён выйшаў у 1937-м. Жыў у Югаславіі, Швейцарыі, ФРГ, памёр у ЗША.
8 чэрвеня
1924. Самароспуск партыі беларускіх эсэраў
БПС-Р, створаная ў 1918 годзе, была моцнай і аўтарытэтнай сілай. Эсэры былі левымі, але іх праграма рознілася ад камуністычнай: стаўка рабілася не столькі на рабочых, колькі на сялянаў. За «аграрнымі дзяржавамі» эсэры бачылі будучыню. Беларусь, паводле партыйцаў, мела мець федэратыўныя адносіны са свабоднай Расіяй.
Сярод эсэраў былі Тамаш Грыб, Палута Бадунова, Сцяпан Некрашэвіч і іншыя нацыянальныя дзеячы. Эсэры супрацоўнічалі з Урадам БНР у Коўне пад кіраўніцтвам Ластоўскага, змагаліся з палякамі. Пасля перамогі бальшавікоў быў спадзеў працаваць на карысць савецкай Беларусі: да гэтага аднапартыйцаў заклікаў былы эсэр Ігнатоўскі.
Але з 1921-га пачаліся арышты чальцоў БПС-Р. Некаторыя былі змушаныя з’ехаць у Заходнюю Беларусь, каб змагацца ў КПЗБ. Эсэры так і не сталі легальнай левай апазіцыяй у Савецкай Беларусі. З’езд у чэрвені 1924-га абвясціў пра самароспуск партыі. Абсалютную большасць былых партыйцаў арыштавалі і расстралялі ў часы Сталіна.
9 чэрвеня
1881. Нарадзіўся Іван Луцкевіч
Дзіўным чынам у Луцкевічу суіснавалі натура рэвалюцыянера і навукоўца, палкага прамоўцы, канспіратара і — руплівага збіральніка-калекцыянера. Нарадзіўся на Ковеншчыне, вучыўся ў Мінску і Пецярбургу, хаваўся ў Фінляндыі, збіраў калекцыі і памёр у Вільні.
Беларускімі справамі Луцкевіч заняўся яшчэ цягам навучання ў Пецярбургу. Далей было стварэнне БРГ (Беларускай рэвалюцыйнай грамады), арышт, зняволенне ў «Крестах». Найбольш плённы перыяд жыцця Івана — віленскі. Менавіта тут ў 1907-м з яго ініцыятывы паўстала выдавецтва «Наша Ніва». Ён жа істотна паўплываў на Коласа, Багдановіча, Бядулю, Купалу, Гарэцкага.
У Вільні Луцкевіч сабраў унікальную калекцыю беларускіх старажытнасцяў: гравюры, рукапісы, помнікі археалогіі... Ён жа ўвёў у навуковы ўжытак старадаўнія татарскія рукапісы — аль-кітабы, пісаныя арабскай вяззю, але па-беларуску. Калекцыя стала асновай для створанага ў 1921-м Беларускага музея. Іван не дажыў да гэтага моманту, памёр у 1919-м у Польшчы.
10 чэрвеня
1723. Нарадзіўся Францішак Папроцкі
Жыццё Папроцкага — напалову навучанне і педагогіка, напалову выдавецкая справа. Вучыўся бадай што ва ўсіх езуіцкіх калегіумах рэгіёна: у Нясвіжы, Слуцку, Полацку, Гродне, Варшаве. Выкладаў у сталіцы РП, затым у Вільні, у Езуіцкай акадэміі. Там заняўся выдавецкай справай.
Папроцкі пачаў з «палітычных календароў», дзе змяшчаў звесткі па гісторыі, астраноміі і геаграфіі. Далей узяўся за штотыднёвы «Кур’ер літоўскі». Дзякуючы Папроцкаму ў перакладзе на польскую мову на нашых землях з’явіліся працы еўрапейскіх навукоўцаў, вайсковых гісторыкаў, географаў. Ён жа адаптаваў і каментаваў кнігі для тутэйшага чытача: каментары часам ператвараліся ў дадатковы том.
Вяршыня кар’еры Папроцкага — пасада пракуратара Літоўскай правінцыі езуітаў, якія падаваліся найбольш уплывовай рэлігійна-фінансавай карпарацыяй у Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў РП ордэн быў скасаваны. Папроцкі ж вярнуўся да перакладаў Вальтэра і іншых асветнікаў, далёкіх ад рэлігійнай тэматыкі.
11 чэрвеня
1923. Выйшла «Новая зямля» Якуба Коласа
«...Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут», — квінтэсенцыя беларускай нацыянальнай ідэі пачатку ХХ стагоддзя. Саму ж паэму даследчыкі неаднойчы называлі і энцыклапедыяй сялянскага быту і нават беларускай Бібліяй.
«Новая зямля» мае багата аўтабіяграфічных рысаў. Прататыпы — бацькі і сваякі літаратара, якія намучыліся з набыццём зямлі ў часы Сталыпінскай рэформы. Першыя раздзелы ў якасці самастойных твораў паўсталі ў мінскім астрозе, дзе Колас сядзеў у 1911-м. За кратамі, як згадваў аўтар, да яго прыходзілі вобразы маленства і вёскі, якія добра клаліся на рыфму.
Паэма была скончаная ў пачатку 1923 года, а ў пачатку лета — надрукаваная у Мінску ў выдавецтве «Савецкая Беларусь». Пазней «НЗ» перавыдавалася безліч разоў: што ў Заходняй Беларусі, што ў дыяспарным друку пасля Другой сусветнай. У 1982-м у БССР быў зняты аднайменны фільм. «Новую зямлю» Колас да скону лічыў сваім найлепшым творам.
12 чэрвеня
1895. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч
Яшчэ да рэвалюцыі Родзевіч увайшоў у беларускія колы: Паўліна Мядзёлка ўспамінала, што яго часцяком можна было бачыць у віленскай кавярні «Чырвоны штраль» разам з Гарэцкім і Бядулем. Родзевіч не далучыўся да рэвалюцыйных справаў, але актыўна выдаваў і рэдагаваў беларускія тэксты.
У пачатку 1920-х Родзевіч цвёрда перайшоў на левыя пазіцыі, рэдагаваў газеты «Наша будучыня» і «Беларускі звон», за што трапіў ў турму на Лукішках. Сябар КПЗБ. У 1924-м паехаў у Мінск, адкуль яго перакінулі з рэвалюцыйным заданнем ізноў у Заходнюю Беларусь. Пасля чарговага вяртання ў БССР супрацоўнічаў з Камінтэрнам, быў кансультантам па Заходняй Беларусі пры АН БССР.
Змены, якія адбываліся з Родзевічам, можна прасачыць па назвах ягоных п’есаў: ад «Збянтэжанага Саўкі» і «Блуднікаў» у нашаніўскі час да «Рэвалюцыйным шляхам» і «Вогнішча барацьбы» ў савецкі. Родзевіча арыштавалі і выслалі ў 1933-м. Паўторна — у 1938-м. Расстралялі. Дата і месца гібелі невядомыя.
13 чэрвеня
1889. Нарадзіўся Павел Жаўрыд
Лютаўскую рэвалюцыю Жаўрыд заспеў на Румынскім фронце — там быў абраны старшынёй палкавога камітэта. Быў делэгатэм 1-га Усебеларускага з’езду ў Мінску. Царская армія развалілася, таму вярнуўся на бацькоўскі хутар пад Слуцкам, дзе і сустрэў восень 1917-га.
Ландэр, старшыня ЦК КПБ, уключыў Жаўрыда як юрыста ў камісію па праверцы дзейнасці Слуцкага ЧК. Той знайшоў шмат злоўжыванняў. Чэкісты адпомсцілі: арыштавалі. Неўзабаве Жаўрыда выменялі на польскіх ваеннапалонных, але той... зноў вярнуўся ў Слуцк. Больш за тое — быў мабілізаваны ў Чырвоную армію: стаў памочнікам камандзіра кавалерыйскай роты.
Увосень 1920-га Жаўрыд адгукнуўся на заклік Рады БНР — стаў камісарам Случчыны, удзельнічаў у баях з бальшавікамі. Паўстанне прайграла, Жаўрыд з’ехаў у Вільню, але... чарговым разам вярнуўся на радзіму. Яго не чапалі амаль 10 гадоў. Арыштавалі ў 1930-м, вызвалілі ў 1934-м, зноўку арыштаваны ў 1937-м... Паводле афіцыйнай версіі, памёр у зняволенні ў 1939-м «ад хваробы».
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч