Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як “пасланне ў бутэльцы” для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
14 снежня
У 1987-м быў створаны Беларускі саюз дызайнераў. Імперыя дажывала апошнія гады, таму беларуская філія спачатку аўтаматычна прымацоўвалася да Саюза дызайнераў СССР.
БСД – прафесійнае аб’яднанне графічных дызайнераў, адмыслоўцаў па інтэр’ерах, мадэльераў, тэарэтыкаў, педагогаў і г.д. Кіраўнік БСД – Дзмітрый Сурскі, мастак і дызайнер, які спецыялізуецца на плакатах.
Інтэлігентны беларус сёння можа не цікавіцца дызайнам у прынцыпе, але не ведаць працы чальца БСД Уладзіміра Цэслера – маветон. Цягам палітычнага крызісу апошніх месяцаў ягоныя працы набылі асаблівую папулярнасць.
Працы сябра БСД Цэслера, створаныя ў часы пратэстаў
15 снежня
У 1862-м запрацавала першая чыгунка ў Беларусі. Яна звязала Гродна з Парэччам, невялікім мястэчкам блізу сённяшняй беларуска-літоўскай мяжы. Цікава, што літаральна праз пару месяцаў на станцыі адбыліся падзеі, што маглі б стаць сцэнарам для сапраўднага вестэрну.
2 сакавіка (па старым стылі) 1863-га група паўстанцаў, пераважна гімназісты, планавала цягніком вывезці з Гродна ў Парэчча цэлы атрад. Горад быў пад кантролем расійскіх войскаў. Хлопцы загрузіліся ў вагоны, але былі заўважаныя… набеглі вайскоўцы – пачалася страляніна. Машыніст Вінтэр адчапіў вагоны, сам паехаў на Парэчча, пакінуўшы паўстанцаў на вакзале.
Нявопытныя і слаба ўзброеныя гімназісты ўрэшце расцерушыліся па горадзе. Расійцы ж на наступны дзень зладзілі аблаву і арыштавалі 46 чалавек, якіх палічылі “паўстанцамі”.
Сімвалічна, што ў гэты ж дзень ў 1836-м нарадзіўся Валер Урублеўскі – паўстанец 1863-га года, адзін са стваральнікаў Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Авантура на чыгунцы, выходзіць, адбылася акурат на ягоны дзень народзінаў.
16 снежня
У 1989-м пачаліся масавыя выступы ў горадзе Тымішаара, якія сталі пачаткам рэвалюцыі ў Румыніі – канцом камунізму і сям’і Чаўшэску.
Тымішаара – горад, меншы за Гродна, на захадзе Румыніі, дзе традыцыйна жыло багата венграў. У 1989-м улады вырашылі выселіць пастара-венгра Ласла Цёкеша, якога лічылі дысідэнтам. Народ абурыўся, выступіў супраць. Людзей спрабавалі разганяць вадамётамі, пасля ўжылі агняпальную зброю. Былі дзясяткі забітых.
Сітуацыя стала спускавым кручком – ужо 25 снежня 1989-га, на Раство, дыктатар Чаўшэску быў расстраляны пасля ганебных уцёкаў на верталёце з Бухарэста. Ласла Цёкеш стаў палітыкам, ён дагэтуль жывы, мае 68 гадоў.
Румынскія дэманстранты ў 1989-м нясуць плакат з надпісам 'Тымішаара'
17 снежня
У 1924 годзе створанае прафесійнае аб’яднанне кінематаграфістаў “Белдзяржкіно”. Менавіта яно праз чатыры гады, у 1928-м, паклала пачатак “Беларусьфільму”.
Цікава, што кінастудыя была створаная спачатку пад назвай “Савецкая Беларусь” у Ленінградзе. А ў Мінск пераехала толькі ў 1939-м. То бок кіналегенды ранняга БССР – “У агні народжаная” (1930), “Палескія рабінзоны” (1935) і інш. – ствараліся ў горадзе над Нявой.
Пасляваенныя стужкі “Беларусьфільма” вы і самі прыгадаеце: ад “Альпійскай балады” да “Дзікага палявання караля Стаха”. Апошні раз “Беларусьфільм” мільгаў у СМІ ў сувязі з “забароненай” кінастужкай “Купала”.
10 пытанняў пра беларускі блакбастар «Купала», адказы на якія трэба ведаць
18 снежня
У 1928-м у Туле нарадзіўся легендарны беларускі археолаг Эдуард Загарульскі. Чаму легендарны? Бо гэта адзін з першых даследчыкаў сярэднявечнага Мінска і іншых старажытных беларускіх гарадоў: Заслаўя, Рагачова, Копысі.
Сярод іншых аб’ектаў Загарульскі даследаваў замак Вішчын у Рагачоўскім раёне. Не так вядомы сам замак, як скарб, які знайшлі на ягонай тэрыторыі. Гэта цэлая гара манет, упрыгожанняў, караляў, колтаў і іншых каштоўнасцяў – усяго 37 адзінак.
Лічыцца, што скарб быў закапаны падчас татара-мангольскага нашэсця на мяжы ХІІ і ХІІІ стагоддзяў. Асоба, якая схавала скарб, хутчэй за ўсё, не выжыла, таму каштоўнасці праляжалі ў зямлі ажно да 1979 года.
19 снежня
У 2010-м прайшлі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. На першую пасаду прэтэндаваў шэраг вядомых апазіцыянераў: Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Мікалай Статкевіч і іншыя. Пераможцам Цэнтрвыбаркам абвясціў Аляксандра Лукашэнку.
Увечары 19 снежня цэнтрам Мінска прайшла вялікая калона дэманстрантаў (як падаюць крыніцы – ад 30 да 50 тысяч чалавек). На плошчы Незалежнасці адбыўся буйны мітынг, які скончыўся гвалтоўным разгонам сіламі міліцыі і ўнутраных войскаў.
Каля 1000 чалавек трапілі за краты на суткі, больш за 30 былі абвінавачаныя па крымінальных справах, у тым ліку шмат хто з апазіцыйных кандыдатаў. Беларусь аказалася ў міжнароджнай ізаляцыі на наступныя некалькі гадоў.
Міліцыя супраць дэманстрантаў на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010-га
20 снежня
У 1860-м нарадзіўся Яўхім Карскі – філолаг, этнограф, аўтар вялізнай колькасці працаў па беларусістыцы і славістыцы. Карскі вывучаў беларускія гаворкі, мову летапісаў, старадаўнія карты, песні і паданні.
Ягоная галоўныя працы – манаграфія “Беларусы” і вялізная мапа беларускіх гаворак: ад Ржэва да Беластока. Межы гаворак пазней паклалі ў фундамент палітычнай мапы БНР.
Менавіта Карскі даводзіў, што беларусы – асобны славянскі народ, яго прарадзіма – Палессе. Менавіта Карскі першы звярнуў увагу на тое, што беларусы не ведаюць, хто яны: каталікі называюць сябе “палякамі”, праваслаўныя – “рускімі”, а часам – проста “тутэйшымі”. Таму акадэмік усё жыццё даводзіў беларусам, што яны ёсць.
Сімвалічна, што ў гэты ж дзень у 1937 годзе быў расстраляны яшчэ адзін мовазнавец, знаёмы Карскага, які, як і ён, прыклаўся да стварэння беларускай мовы, – Сцяпан Некрашэвіч.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч