• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
14.06.2021 | Каляндар

Каляндар на 14–20 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


14 чэрвеня

1900. Нарадзіўся Міхаіл Забэйда-Суміцкі

Міхась быў адзіным з семярых дзяцей у сялянскай сям’і, які выжыў. З дзяцінства добра спяваў. У пачатку стагоддзя яго панасіла па свеце: з маці ў эвакуацыю трапіў у Смаленск, затым — у Сібір. Там пачаў настаўнічаць і арганізоўваць хоры. Тамсама засвойваў музычныя інструменты: ад скрыпкі да губнога гармоніка.

Забэйда-Суміцкі.jpg

У 1932-м з’ехаў у Італію. Вучыўся ў Фернанда Калі, колішняга канкурэнта Каруза. Адтуль у Заходнюю Беларусь Суміцкі вярнуўся ўжо оперным мэтрам: канцэрты даваў ад Варшавы да Вільні. Ладзіў радыёвыступы, якія трансляваліся па ўсім свеце, запісваў вінілавыя кружэлкі.

Гады вайны Міхаіл правёў у Празе. Пасля 1945-га савецкія органы мелі да яго падазрэнні, але знялі ў 1950-м. Тым не менш у БССР яго не чакалі: дазволілі прыехаць толькі аднойчы, у 1963-м. Да канца жыцця Суміцкі падтрымліваў кантакты з Танкам, Гілевічам, Брылём, Караткевічам... Памёр у 1981-м, пахаваны ў Празе. Асабісты архіў, паводле запавету, пакінуў Беларусі.


15 чэрвеня

1896. Нарадзіўся Пётр Татарыновіч

Паходзіў са Случчыны, традыцыйна праваслаўнага рэгіёна. Вучыўся ў Петраградзе, у Мінскай духоўнай семінарыі. У 1921-м рукапакладзены ў каталіцкія святары. Працаваў у Пінску, Наваградку, Баранавічах, але за беларушчыну быў пераведзены ў польскую Мазовію.

Друкаваўся ў паэтычных і рэлігійных заходнебеларускіх выданнях. Аўтар кніг «Купалле», «Святы Ізідар-хлебароб», «Шляхам дзіваў і ўражанняў». У творчасці нібы перакідваў масток паміж каталіцкай верай і сацыяльнымі праблемамі землякоў. У другой палове 1930-х вярнуўся ў Беларусь, пашыраў унію на Палессі.

Пасля вайны ў эміграцыі. Абараніў дысертацыю па Кірыле Тураўскім. Быў аўтарам беларускамоўных перадачаў для «Радыё Ватыкан». Прызначаны душпастырам для ўсіх беларусаў замежжа. «Лісты святых апосталаў» у перакладзе Татарыновіча і сёння можна сустрэць у касцёлах: у вочы кідаецца найперш простая, з элементамі трасянкі, нелітаратурная мова — той самы масток ад веры да хлебароба-земляка.


16 чэрвеня

1931. Самазабойства Францішка Рамейкі

«У самым мястэчку Сяльцы есьць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касьцёл у стылю готыка-раманскім... Будуе гэты касьцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус», — пісала «Наша Ніва» ў 1912 годзе. «Ксёндз Р.» — гэта Францішак Рамейка, які ўзводзіў мураваны касцёл св. Аляксея.

Касцёл у Сяльцы, збудаваны Францішкам Рамейкам.jpg
Касцёл у Сяльцы, збудаваны Францішкам Рамейкам

Паходзіў з Мядзельшчыны, вучыўся ў Вільні, там і быў рукапакладзены. Служыў на Івейшчыне і Ашмяншчыне. У 1925-м падпісаўся пад мемарандумам да Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў за беларускую мову ў духоўных семінарыях. Фінансава падтрымліваў нацыянальныя выданні.

У 1928-м яму было часова забарноненая душпастырская дзейнасць. Для Францішка гэта было вялікім ударам, нягледзячы на пазнейшы дазвол службы. Загінуў ксёндз пры загадкавых абставінах: у Вільні прыйшоў да Адама Станкевіча па нейкай пільнай справе. Доўга чакаў, але таго не было. Застрэліўся ў ягоным кабінеце...


17 чэрвеня

1696. Памёр Ян ІІІ Сабескі

Ян Сабескі зрабіў сабе кар’еру ў часы выпрабаванняў. Стаў палкоўнікам падчас вайны з Багданам Хмяльніцкім у 1653-м, вялікім каронным гетманам — у 1668-м. У 1673-м атрымаў перамогу над туркамі ў Хоцінскай бітве. Праз год абраны каралём: яго папярэднік, Ян Казімір, выракся трона.

Сабескі спецыялізаваўся на паўднёвым вектары: ваяваў з туркамі і казакамі. Пік ягонай велічы — перамога ў бітве пад Венай 12 верасня 1683 года. Тады ягоная кавалерыя разбіла ў шмат разоў большае войска султана, уратаваўшы Еўропу ад лавіны. Эстэтыка «залатога часу» Рэчы Паспалітай — шаблі, крылатыя гусары, пераможныя паходы — акурат часоў Сабескага.

Смерць караля і вялікага князя ў Вілянаве пад Варшавай стала сімвалічным канцом сармацкай эпохі і фіналам апошняга ўздыму Рэчы Паспалітай. Наступныя сто гадоў сталі для дзяржавы часам заняпаду.


18 чэрвеня

1806. Нарадзіўся Міхал Валовіч

Восем тысяч шпіцрутэнаў, калесаванне, чвартаванне — так гучаў карны прысуд, вынесены 27-гадоваму шляхціцу Валовічу. Гродзенскі губернатар праявіў «гуманізм»: цяжкія катаванні былі замененыя на павешанне. Цела Валовіча было ўначы вывезенае і схаванае на адным з вапнавых кар’ераў, каб паплечнікі не знайшлі і не зрабілі месцам шанавання.

Злева - Міхал Валовіч.jpg
Злева — Міхал Валовіч

Міхал Валовіч браў удзел у паўстанні 1830–1831 гадоў, пасля паразы эміграваў у Францыю. Само паўстанне ацэньваў крытычна: маўляў, яно бараніла інтарэсы шляхты і не ўлічвала сялянаў, таму і прайграла. Так, Валовіч далучыўся да экспедыцыі Заліўскага з мэтай падняць на барацьбу ўвесь край, меўся ачоліць Слонімска-Наваградскую акругу.

19 сакавіка 1833-га паўстанцы перайшлі мяжу. Дзейнасць пачалі на Слонімшчыне: з вакольных вёсак да іх пацяклі сяляне. Каб здабыць грошы, інсургенты ўзялі пошту, задумвалі таксама штурм турмы ў Слоніме і вызваленне вязняў. Атрад акружылі царскія войскі над Шчарай, Валовіч з паплечнікамі трапіў у палон, быў пакараны смерцю.


19 чэрвеня

1924. Нарадзіўся Васіль Быкаў

Калі «Новая зямля» — гэта энцыклапедыя сялянскага жыцця, то «Альпійская балада», «Сотнікаў», «Абеліск», «Круглянскі мост», «Дажыць да світання» — беларуская энцыклапедыя вайны. Без пафасу, палымяных заклікаў, маралі, якая ляжыць на паверхні. Энцыклапедыя чалавека на вайне і вайны, якую той пасля носіць усё жыццё з сабой...

Цікава, што Быкаў мог не стаць пісьменнікам: з дзяцінства яго цягнула да малявання, вучыўся на скульптара. Мог не выжыць у вайну: шматкроць паранены, абвінавачаны ў шпіянажы, лічыўся загінулым. Мог не стаць адным з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэння 1990-х: быў папярэдне аблашчаны савецкай уладай, узнагародамі і прэміямі.

Але кожны раз у Быкава атрымлівалася рабіць тое, што трэба, і заставацца самім сабой. У гэтым ягонае вечнае хаджэнне над прорвай, балансаванне, пераадоленне страху і чарговы крок над пусткай. Сёння Быкаў — самы «неўшанаваны» беларускі класік: без вуліцаў, плошчаў і помнікаў свайго імя. Затое, актуальны, а значыць — жывы.


20 чэрвеня

1606. Магілёўскае паўстанне месцічаў

Магілёўскае начальства з магістрата цалкам падарвала свой аўтарытэт хабарамі і злоўжываннямі. Голасам народнага гневу стаў Стахор Мітковіч, кіраўнік цэху саладоўнікаў.

Паўстанне 1606 году - з экспазіцыі Магілёўскага музею.jpg
Паўстанне 1606 годa — з экспазіцыі Магілёўскага музею

20 чэрвеня пачаўся ланцужок народных сходаў, на якіх трыбунам быў той самы Мітковіч. Праз месяц рамеснікі ўзялі штурмам ратушу і пасадзілі сваю абраную раду. Новая каманда ў магістраце кіравала каля двух гадоў.

Пачаліся інтрыгі, інспіраваныя цэнтральнай уладай Рэчы Паспалітай: кагосьці перакупілі, кагосьці запалохалі, адбыўся раскол. «Лаяльныя» напісалі ў Вільню «ўгодлівы ліст», каб вярнуць стары парадак рэчаў. Лідара «радыкальнай» часткі Хатко Багдановіча прысудзілі да смерці. Далей падобныя паўстанні працягваліся з перыядычнасцю ў 5-10 гадоў.

Падзеі 400-гадовай даўніны ў Магілёве заслугоўваюць экранізацыі ці хаця б графічнага рамана. Фактычна, гэта спроба лакальнай буржуазнай рэвалюцыі на ўсходзе ВКЛ: рэй вяла акурат не галеча, але заможныя майстры і рамеснікі. Падобныя падзеі на той час адбываліся па ўсёй Еўропе, за выключэннем Масковіі.

Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску

У пятніцу, 2 чэрвеня, музей Якуба Коласа ладзіць Фэст дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». Праграма: ...

valiancina_shauchenka
Асоба

Мелказёраў: я не баюся быць тупаком

Мікіта Мелказёраў жыве ў Варшаве, а ягоныя думкі па-ранейшаму — у беларускай стужцы навінаў. П’е эспрэса памерам...

valiancina_shauchenka
Краіна

Найвышэйшы над Беларуссю помнік ўсталявалі ў Наваградку

Скульптуру сімвала старадаўняга мястэчка, Міхала Арханёла, усталявалі ў двары колішняга дамініканскага кляштара ля касцёла...

valiancina_shauchenka
Культура

Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына

Дасяжныя для спампавання новыя стыкеры, створаныя мастачкай Вольгай Бабурынай, больш вядомай у творчым асяродку як Palunisа. ...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску
    Асоба
    Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    Краіна
    Найвышэйшы над Беларуссю помнік ўсталявалі ў Наваградку
    Культура
    Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
    Грамадства
    Стала вядома, як будзе выглядаць надмагільны помнік Змітраку Бядулю на Усходніх могілках
    Грамадства
    «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    Грамадства Музыка
    «Краіна Ценю (Прывітанне)». Гурт «Маці Ветру» выпусціў новы трэк
    Грамадства
    Незададзеныя пытанні з непрыемнымі адказамі
    Грамадства Літаратура Асоба
    «Чырвоная ўтопія» Святланы Алексіевіч — энцыклапедыя гвалту, у якой не пастаўлена кропка
    Культура
    Дзесьці ля анлайн-вытокаў. Гайд па віртуальнай музейнай прасторы Беларусі
    Музыка
    Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    Культура
    Успамiнаць Менск тут будзе не балюча. У Вільні пакажуць мультымедыйную фотавыставу для тых і пра тых, хто не можа вярнуцца ў родны горад
    Культура Музыка
    Беларускія песні ды танцы, майстар-класы ды купальскае вогнішча. Абвешчана праграма Фэстывалю Беларускай Традыцыі SONCAHRAJ
    Літаратура
    Першая кніга прозы аб пратэстах Беларусі — «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя за 5 хвілін
    Тэстамент Гедыміна: памылка ці поспех вялікага князя? Адказваем у «Гісторыі за 5 хвілін»

Афіша

  • 31.05 — 02.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Ich heiße Frau Troffea»: спектакль-перформанс Сяргея Шабохіна ў Варшаве

  • 31.05 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 31.05Адкрыццё выставы памяці Ларысы Геніюш у Празе
  • 31.05Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Таро» у Гданьску
  • 31.05 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 31.05 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 31.05 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 31.05 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    • Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип