• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
22.02.2021 | Каляндар

Каляндар на 22-28 лютага. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і “пасланне ў бутэльцы” для нас сённешніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.

22 лютага

У 1883 годзе нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч.

Невядома, ці памяталі б мы Станіслава Нікадзімавіча, каб не Першая Сусветная. Падчас вайны ён стаў не проста прафесійным вайскоўцам, але таленавітым майстрам партызанскай вайны, лідэрам і “бацькам” для жаўнераў. Удзельнік шматлікіх баёў, некалькі разоў паранены, узнагароджаны высокімі адзнакамі Расейскай арміі.

У Грамадзянскую Балаховіч ваяваў спачатку за чырвоных, пасля – за белых. Па забрашэнні Кастуся Езавітава разам са сваім палком падтрымаў БНР, але хутка расчараваўся: грошаў і зброі яму так і не далі. Затое, даў Пілсудскі. Пры яго падтрымцы Балаховіч увосень 1920-га зладзіў Палескі паход і дайшоў ад Берасця да Мазыра. Пасля паразы, паранены, адступіў у Польшчу.


Яшчэ ў Мазыры Балаховіч абвясціў стварэнне Беларускай дзяржавы. У адрозненні ад БНР, яго дзяржава мела галоўнае – войска. Магчыма, каб у Балаховіча атрымалася, беларусы да 1939-га мелі б сваю незалежную дзяржаву і прыйшлі б у 1991-ы больш сфармаванай нацыяй. Сам Балаховіч застаўся б у памяці народу асобай накшталт Пілсудскага ці Манэргейма.

23 лютага

У 1563 годзе маскоўскія войскі ўзялі Полацак.

Нягледзячы на рыторыку Івана Грознага пра “братні народ” і “праваслаўе”, на горад імгненна абрынуліся рэпрэсіі. Безліч палачанаў, незалежна ад веры і палітычнай пазіцыі, былі вселеныя ўглыб Масковіі. Найбольш жорсткія рэпрэсіі абрынуліся на “небяспечныя элементы”: яўрэяў, шляхту, пратэстантаў, каталікоў ды іншаземцаў.

Для палачанаў усё гэта было шокам, бо горад жыў рэаліямі ВКЛ, меў магдэбурскае права, шчыльна кантактаваў з Інфлянтамі, лічы, Захадам. Ніхто нават з прамаскоўскага сегменту гараджанаў не атрымаў пасадаў ці прывілегіяў (апрача некаторых святароў). Для Масковіі тутэйшы люд усё адно быў “чужы”. Таму стаўка рабілася на грубую сілу і свой гарнізон у Верхнім замку.

Стэфан Баторый вызваліў Полацак адно ў 1579-м, пасля 16 гадоў няволі. Сімвалічна, што адным з удзельнікаў вызвалення быў колішні сябар і паплечнік Грознага Андрэй Курбскі.

24 лютага

У 1935 годзе нарадзіўся Рыгор Барадулін.

Рыгор Іванавіч нарадзіўся на хутары Верасоўка на Ушаччыне. У 1937-м хутар ліквідавалі бальшавікі, у 1944-м немцы забілі бацьку, які быў у партызанах. Барадулін працаваў у безлічы газетаў і часопісаў: “Бярозка”, “Полымя”, “Савецкая Беларусь” ды інш. У 1959-м выйшаў ягоны першы зборнік – “Маладзік над стэпам”.

Цікава, што Барадулін здолеў стаць народным паэтам са шматтысячнымі тыражамі, удзельнічаць у дэлегацыі БСССР у ААН, атрымліваць прэміі ды ўзнагароды, застаючыся далёкім ад партыйнай палітыкі. Яшчэ дзіцёнкам, калі вучняў школы запісвалі ў піянеры, Барадулін збег. Неаднаразова адмаўляўся ад уступу ў КПСС.


На хвалі Перабудовы Барадулін падтрымаў адраджэнскі рух і Беларускі Народны Фронт. Разам са сваім земляком Васілём Быкавым, Барадулін неаднаразова выказваўся на карысць Зянона Пазняка. У далейшым адыйшоў ад палітычных справаў.

У 1992-м Барадулін стаў народным паэтам Беларусі – ён апошні, каму ўручалася гэтае ганаровае званне.

25 лютага

У 1879 годзе нарадзіўся Гасан Канапацкі, беларускі вайсковец.

Канапацкі паходзіў з татарскага роду. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус і Пецярбуржскую артылерыйскую акадэмію. Быў кадравым вайскоўцам, ваяваў у Руска-японскую і Першую сусветную вайну. Даслужыўся да палкоўніка.

На момант абвяшчэння БНР знаходзіўся ў Менску. Далучыўся да нацыянальна-арыентаваных вайскоўцаў і Беларускай вайсковай камісіі. БВК падтрымлівалі палякі, якім патрэбная была беларуская вайсковая адзінка як саюзнік. У 1920-м Канапацкі перабраўся ў Вільню, дзе прымаў удзел у грамадскіх справах, сябраваў з Францішкам Аляхновіча і Макарам Краўцовым.

У Польшчы дагэтуль жывуць нашчадкі Канапацкага. Як сямейную рэліквію яны захоўваюць форменную цешку на фуражку і пагоны Канапацкага часоў службы ў беларускім войску ў 1919-20-м.

26 лютага

У 1918 годзе нарадзіўся Пятро Машэраў, савецкі кіраўнік Беларусі.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Сенненскім раёне, настаўнічаў у школе. З пачаткам вайны далучыўся да падполля і ўжо ў 1942-м камандваў партызанскім атрадам імя Шчорса. Машэраў прымаў удзел у планаванні ды здзяйсненні дыверсіяў на Віцебшчыне ды Заходняй частцы Расеі.

Пасля вайны Машэраў імкліва рабіў партыйную кар’еру. У 1964-м замяніў Мазурава на пасадзе першага сакратара Кампартыі БССР – стаў кіраўніком рэспублікі. Яго эпоха, якая супала ў СССР з “брэжнеўскім застоем”, запомнілася стабільнасцю, будоўлямі, ростам заробкаў у калгаснікаў. Людзі бачылі ў Машэраве таленавітага адміністратара, блізкага да народу лідэра, які не баяўся без аховы хадзіць па Менску.


На эпоху Машэрава таксама прыпаў час татальнай русіфікацыі: скарачэння беларускіх школаў і самой мовы ва ўжытку. Машэраў цудоўна ведаў беларускую, але не ўжываў. На час яго кіраванне прапыла і знішчэнне вялікага масіву старога Менску – раёну Нямігі.

Машэраў кіраваў Беларуссю ажно да смерці падчас аўтакатастрофе ў 1980-м. Хадзілі чуткі, што здарэнне было невыпадковым: маўляў, Машэраў у Саюзе стаў больш папулярным за нямоглага Брэжнева, таму і “прыбралі”.

27 лютага

У 1734 годзе нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Ужо ў 18 год ён стаў вялікім мечнікам літоўскім ВКЛ, праз 10 год – віленскім ваяводам. Удзельнічаў у войнах паміж магнацкімі кланамі. У 1768 выступіў супраць таго, каб Рэч Паспалітая стала расейскім пратэктаратам, зрабіўся генеральным маршалкам Барскай канфедэрацыі. Калі расейцы ўзялі яго родны Нясвіж, вымушаны быў з’ехаць у эміграцыю ў Еўропу.

Чаму “Пане Каханку”? Менавіта так магнат звяртаўся да ўсіх, з кім размаўляў: незалежна быў гэта селянін ці кароль. “Пане Каханку” быў вядомы сваімі эксцэнтрычнымі паводзінамі і татальным алкагалізмам.

Пра яго дзівацтвы хадзілі легенды. Напрыклад, “Пане Каханку” вырашыў улетку пакатацца на санях і загадаў засыпаць дарогу соллю – дарагім на той час таварам. Або плаціў вяскоўцам, каб тыя залазілі на дрэвы і кувалі як птушкі, а сам страляў па іх соллю ці перцам.

“Пане Каханку” застаўся ў гісторыі як эталон сармацкага ладу жыцця ў яго анекдатычным прачытанні: шчодрасць, п’янства і патрятызм у адным флаконе.

28 лютага

У 1468 годзе ў Вільні зацверджаны Судзебнік Казіміра.

Гэта быў зборнік нормаў права, якім карысталіся пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх справаў у ВКЛ ажно да з’яўлення статутаў XVI стагоддзя. Аўтарства Судзебніка не было высветлена, арыгінал таксама не збярогся: толькі перапісныя копіі XV- XVI стст.

Згодна Судзебніку, крымінальная адказнасць наступала з 7 гадоў. Усе слаі грамадства былі роўныя перад законам: пан адпавядаў нароўні з іншымі, калі злачынства адбылося з яго ведама або з яго ўдзелам. Уводзіўся тэрмін “саўдзел у зачынстве”, напрыклад, для родных злодзея, якія ведалі, але захавалі ў таямніцы.

Вялікі князь Казімір.jpg

За дробны крадзёж на першы раз штраф. За сярэдні ці вялікі – вешалі. Падзяляліся паняцца “крадзеж”, “грабунак” ды “махлярства”. Каб выбіць інфармацыю са злодзея дазваляліся катаванні. Пацярпелы меў права праводзіць следства самайтойна: “права следу”. Вышэйшая мера практыкавалася праз павешанне ці спаленне. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй быў вялікі князь.

Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

Балота — адметнасць беларускага ландшафту, ці не вызначальная рыса беларускай прыроды. Таямнічы і жудасны свет,...

valiancina_shauchenka
Культура Гісторыя

Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых

Засталося ўсяго два тыдні да самага рамантычнага дня ў годзе ‒ Дня ўсіх закаханых. Традыцыйна Літаратурны музей Петруся...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка

27 студзеня ў Гомелі міліцыяй былі затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка Вікторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура Беларуская мова

«Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»

У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку чарговае, трэцяе па ліку, выданне маляўніча аформленай кнігі —...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі
    Культура Гісторыя
    Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых
    Грамадства Музыка
    Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка
    Літаратура Беларуская мова
    «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»
    Грамадства
    «Сяргей можа застацца без лекаў...». Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата
    Адукацыя
    ЕГУ абвясціў імя новага рэктара
    Літаратура
    «Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння». Што раілі беларускія класікі маладым пісьменнікам
    Грамадства Гісторыя
    Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён
    Культура Грамадства Гісторыя
    У Мсціславе ў гэтым годзе прыступяць да рэканструкцыі забудовы XII-XIV стагоддзяў на Замкавай гары
    Культура Грамадства
    На вышытай мапе Беларусі кожны рэгіён будзе прадстаўлены сваімі этнаграфічнымі славутасцямі
    Музыка «Музыка»
    «Гэта нас натхніла і працягвае натхняць». Топ беларускіх трэкаў ад гурта «Puaro»
    Грамадства Адукацыя
    «Васьміног» абвяшчае конкурс на атрыманне грантаў для адукацыйных праектаў, якія дапамогуць школьнікам і рэпрэсаваным настаўнікам
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 4-5 лютага
    Грамадства Тэхналогіі
    Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    Культура Грамадства
    Слуцкі пояс і саломка – зацверджаны лагатып сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі

Афіша

  • 10.02 — 12.02

    Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні

  • 04.02 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 04.02 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 04.02 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 04.02 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 04.02 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 04.02 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 04.02 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Цяпер у мяне ёсць месца, дзе я магу быць шчырай і не думаць пра тое, каб выжыць»: актрыса Святлана Зелянкоўская адкрыла ў Варшаве тэатр-студыю
    • Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
    • Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    • «У 73 гады паехала скараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    • Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип