• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
25.04.2021 | Каляндар

Каляндар на 26 красавіка – 2 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.

26 красавіка

1986. Выбух на Чарнобыльскай АЭС.

Самая жахлівая тэхнагенная катастрофа адбылася ў Чарнобылі над Прыпяццю, зусім побач з мяжой БССР. Выбух справакаваў пажар, а той — выкід вялізнай колькасці шкодных рэчываў, якія разнесліся па тэрыторыі Еўропы і пакрылі ўсю Беларусь (недзе менш, недзе больш).

Савецкае кіраўніцтва спрабавала схаваць трагедыю. Гэта абярнулася яшчэ большай бядой: на першамайскія дэманстрацыі ў 1986-м, як і кожны год, выганялі тысячы і тысячы людзей... Лічыцца, што чарнобыльскі кейс (разам з Афганістанам і эканамічным крызісам) спрычыніліся да скону СССР.

Чарнобыль.jpg

З 1986 па 2000 год сотні тысяч людзей былі эвакуяваныя з найбольш брудных раёнаў Беларусі, Украіны і Расіі. Частка тэрыторыяў прызнаная непрыдатнай для жыцця. Тым не менш 12% насельніцтва Беларусі дагэтуль жывуць на забруджанай тэрыторыі. На ёй жа месціцца 2371 населены пункт.

27 красавіка

1919. У Гродна ўваходзяць польскія войскі.

Дата сімвалічная: пачатак гісторыі міжваеннай Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. Нават нягледзячы на тое, што ў 1920-м палякам давядзецца адступіць пад наступам Чырвонай арміі і вярнуць пазіцыі толькі пасля бітвы пад Віслай.

Гродна «за польскім часам» (1919–1939) — гэта рост камерцыі, прыватнай ініцыятывы, прадпрыемстваў. Не так, як у Вільні ці Львове, але ўсё ж. Разам з тым — час паланізацыі: нават музеі польская ўлада стварала з канкрэтнай мэтай: «аслупаваць» сваё гістарычнае права на тэрыторыю.

Сёння любяць рамантызаваць той перыяд, забываючыся на палітычныя працэсы, ціск на ўсе праявы беларушчыны. Разам з тым для большасці гарадзенцаў гэта быў час «нармальнасці»: стабільнага жыцця, калі можна было зарабляць грошы, будаваць дамы, пачаць сваю справу. Апошняе мірнае дваццацігоддзе перад Другой сусветнай, якая змяніла горад і яго насельніцтва да непазнавальнасці.

28 красавіка

1944. Памёр Ільдэфонс Бобіч.

Будучы святар, пісьменнік, адзін з беларусізатараў касцёла вучыўся ў Коўне, пасля скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Ужо ў 1907 годзе ў «Нашай Ніве» было надрукаванае ягонае першае апавяданне «Слёзы». З 1913 па 1915 друкаваў у Вільні газету для каталікоў «Беларус». З 1920-га Бобіч служыў у Вільні ў кафедральным касцёле, друкаваў працы па практыцы беларускіх набажэнстваў. Польская касцельная вярхоўка пасля кансультацыі ў Варшаве «зарубіла» ініцыятыву. Бобіч апынуўся ў парафіі Германовічы на Шаркаўшчыне, з 1930-га — у Іўі. Службы ён упарта праводзіў па-беларуску.

Ільдэфонс Бобіч.jpg

Пры немцах Бобіч выдаў некалькі кніжак, рыхтаваў яшчэ больш, але быў арыштаваны ў 1942-м. З вялікай імавернасцю на яго данёс нехта з ліку каталіцкага кліру. Выйшаў у 1944 годзе і ў хуткім часе памёр. Пахаваны ў Іўі каля касцёла. Надпіс на крыжы зроблены па-польску.

29 красавіка

1921. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч.

Перад вайной Ермаловіч паспеў скончыць тры курсы педінстытута ў Мінску. Пасля, маючы «бронь» ад войска па зроку, у эвакуацыі. Вучыў дзяцей расійскай мове ў Мардовіі. Вярнуўся ў БССР, выкладаў, але ўжо з 1957-га на пенсіі: зрок імкліва пагаршаўся...

Жывучы ў Маладзечне, амаль штодня ён ездзіў у Мінск, каб працаваць у архівах. Вынікам стала канцэпцыя, якая перавярнула погляд на сярэднявечча ў Беларусі. ВКЛ, аказваецца, не чужая, а беларуская дзяржава. Больш за тое, яе сэрца — гэта гістарычная Наваградчына!

У СССР такую «крамолу» надрукаваць не маглі. Працы Ермаловіча перадавалі з рук у рукі ў выглядзе самвыдату. Зорны час Ермаловіча — час перабудовы: «Па слядах аднаго міфу» (1989) стала культавай кнігай для пакалення нацыянальнай інтэлігенцыі. Яго працы з’явіліся ў кнігарнях па ўсёй краіне. Гісторык памёр у Маладзечне ў 2000-м, крыху не дажыўшы да свайго 90-годдзя.

30 красавіка

1564. Андрэй Курбскі перайшоў на бок ВКЛ.

Гісторыя Курбскага — гэта першы кейс расійскага дысідэнта, які збег у варожую краіну праз нязгоду з палітыкай Масквы. За Іванам Грозным Курбскі займаў ключавыя пасады. Больш за тое, быў ягоным асабістым сябрам. Магчыма, адзіным.

Князь Курбскі.jpg

Жорсткая да бязглуздасці палітыка Грознага выклікала ў Курбскага дысананс. Застаўся выбар: падпарадкаванне, смерць або эміграцыя. Так Курбскі стаў першым расійскім палітэмігрантам. Жыгімонт Ваза прыняў яго на службу, даў зямлю на Валыні.

Курбскі паспеў паўдзельнічаць у Лівонскай вайне з Масковіяй. Сям’ю Курбскага (жонку і сына) Іван Грозны пасадзіў, таму той жаніўся яшчэ раз у ВКЛ, меў дзяцей. Захавалася некалькі лістоў з палемікай Курбскага і Грознага. Маскоўскі цар так і не прабачыў свайму сябру, стаў яшчэ больш жорсткім: атачэнне лічыў «здраднікамі», а калектыўны Захад ненавідзеў.

1 траўня

1879. Нарадзіўся Ян Серада.

Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, пасля — у Манчжурыі. У той самай якасці — ветэрынара — быў мабілізаваны ў войска падчас Першай сусветнай: стаўка рабілася на конніцу, таму прафесія запатрабаваная. Палітыка з’явілася ў жыцці Яна Серады пасля рэвалюцыі 1917-га.

Быў старшынёй Усебеларускага кангрэсу ў 1917-м, старшынёй Рады БНР — у 1918-м. Лысы мужчына ў форме са стаічным поглядам з-пад пенснэ на легендарным фота «айцоў БНР» — гэта ён, Янка Серада. Уваходзіў у Найвышэйшую раду БНР з 1919-га па 1920-ы. На гэтым з палітыкай усё.

У БССР Серада працаваў у наркамаце земляробства, загадчыкам бібліятэкі пра Інбелкульце, дацэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1930-м Сераду арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі. Чарговы арышт — у 1941-м. У 1943-м колішняга старшыню Рады БНР нечакана вызваляюць, і... на гэтым яго сляды губляюцца. Далейшы лёс і нават магіла — невядомыя.

2 траўня

1888. Нарадзіўся Іван Віткоўскі.

Лёс Віткоўскага нетыповы для адраджэнцаў ці нацыянал-камуністаў першай паловы ХХ ст. Нарадзіўся пад Оршай. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу. Служыў памочнікам ксяндза ў Мазыры. У 1918-м пазбаўлены духоўнага сану. Што там дакладна адбылося — невядома... Але ўжо праз год Віткоўскі ідзе добраахвотнікам у Чырвоную армію.

Праца Віткоўскага '1863 год на Меншчыне'.jpg

Далей — кар’ера партработніка. Спачатку на Віцебшчыне, пасля ў Мінску. У Інбелкульце Віткоўскі кіраваў польскім аддзелам. Пазней — дырэктар Інстытута польскай пралетарскай культуры. Як і Усевалад Ігнатоўскі, Віткоўскі даследаваў паўстанне 1863 года. Акурат тады, на хвалі беларусізацыі, Студзеньскае паўстанне «перакоўвалася» ў паўстанне Каліноўскага: патрэбныя былі адукаваныя спецыялісты з добрым веданнем польскай мовы.

У 1933-м Віткоўскага арыштавалі. Арышты пачатку 30-х яшчэ не былі фатальнымі, не мелі на мэце фізічнага вынішчэння інтэлігенцыі. Выйшаў. Паспеў нават уладкавацца на працу пад Ленінградам. Паўторна арыштаваны ў 1937-м. Віткоўскага этапавалі ў Мінск і пасля хуткага следства расстралялі.

Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў

У красавіку выйдзе з друку кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гарадзенцаў «Ніколі болей», — паведаміў Андрэй Янушкевіч...

valiancina_shauchenka
Тэатр

Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі

Сёння, 27 сакавіка, у свеце адзначаюць Дзень тэатра. У беларускага тэатральнага мастацтва найбагацейшая гісторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным

Выйшла пілотная серыя падкасту «Супердудко», — паведамляе «Літрадыё». Крытык Наста Грышчук п’е таматны гозэ і ўспамінае...

valiancina_shauchenka
Краіна

«Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм

Што можа быць больш сумным і дзікім за даносы беларусаў на іншых беларусаў? У 2020 годзе гэта было нормай, на жаль,...

Апошнія навіны

    Літаратура
    У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў
    Тэатр
    Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі
    Літаратура
    Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным
    Краіна
    «Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм
    Грамадства
    У Вязынцы вясну гукалі. І нагукалі! Шмат фота
    Мастацтва
    Таша Кацуба. Мяккая зброя
    Гісторыя Літаратура
    Мікалай Гусоўскі і «Песня пра Зубра»
    Гісторыя
    Першая ў старадаўняй Беларусі жанчына-лекар. Лёс і вандроўкі Саламеі Русецкай
    Грамадства Літаратура
    Бяляцкі гаворыць пра нацыянальнае прымірэнне, падымае іншыя дыскусійныя тэмы не пад прымусам, а з-за сваёй інтэлектуальнай смеласці
    Грамадства «Музыка»
    Музыку Фёдара Чаранкова арыштавалі на 15 сутак
    Каляндар
    Каляндар з 27 сакавіка па 2 красавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Мастацтва Беларусы свету
    Выстава пад знакам Пагоні ў Нью-Ёрку
    Замежжа
    Гайд па беларускай Вільні: усё, што трэба мігрантам з Беларусі
    Грамадства
    Упершыню ў беларускага горада з’явіліся свае духі. Гэта Брэст
    Культура
    Песням-вяснякам навучаць усіх жадаючых у Веткаўскім музеі стараверстваў і беларускіх традыцый

Афіша

  • 28.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя беларускага перакладу «Дзьмухаўцовага віна» Рэя Брэдберы у Мінску

  • 28.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 28.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 28.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 28.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 28.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 28.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 28.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Як, дзе і калі беларусы свету будуць адзначаць Дзень Волі
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    • Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», трэйлер якога з’явіўся ў сеціве?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип