Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1791. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай
Вялікі сойм у Варшаве зацвердзіў «Урадавы закон», які ўвайшоў у гісторыю як канстытуцыя 3 траўня. Гэта быў другі ў свеце звод законаў такога кшталту (пасля амерыканскай канстытуцыі 1787 года) і першы ў Еўропе такі выпадак.
У палітычным і юрыдычным сэнсах канстытуцыя стала прарывам для РП: абмяжоўвалася «шляхецкая анархія», буржуазія рабілася суб’ектам, зацвярджалася свабода веравызнання, хоць паноўнай рэлігіяй заставалася каталіцтва. З іншага боку, дакумент ужо не мог нічога змяніць, як і эканамічныя рэформы.
Крытыкі кажуць, што ў канстытуцыі ні разу не згадвалася ВКЛ, толькі «Польшча». Разам з тым дакумент быў недапрацаваны, пра што сведчылі самі яго стваральнікі. У сакавіку 1794-га пачалося паўстанне Касцюшкі, а пасля — апошні падзел Рэчы Паспалітай. У гісторыі канстытуцыя 3 траўня засталася як спроба мадэрнізаваць дзяржаву, якая імкліва рухалася да скону.
1799. Нарадзіўся філосаф Фларыян Бохвіц
Паходзіў з каталіцка-пратэстанцкай шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Нясвіжы, у школе пры кляштары дамініканаў. Далей — у Віленскім і Кіеўскім універсітэтах. Пасля працаваў адвакатам у Наваградку. Жонка Бохвіца Паўліна Маеўская была сваячкай Адама Міцкевіча.
У 1841 годзе Бохвіц выдаў першую кнігу — «Лад думкі: на памяць маёй жонцы і дзецям». У 1842-м — «Правілы думкі і маіх пачуццяў». У 1847-м — «Ідэі па выхаванні чалавека». У доме Бохвіцаў у Вашкаўцах пад Ляхавічамі ладзіліся сустрэчы і дыскусіі інтэлігенцыі.
Прыклад Бохвіца — выдатнае сведчанне ўключанасці нашага краю ў першай палове ХІХ ст. у сусветны філасофскі дыскурс: пытанні маралі, этыкі, рацыяналізму. Больш за тое, такая інтэлектуальная праца вялася не толькі ў Вільні ці Мінску, але і ў глухой правінцыі — такі сабе «даўншыфтынг» эпохі рамантызму. Фларыян Бохвіц памёр у 1856 годзе, на яго надмагіллі напісалі: «Няхай твой прыклад паказвае нам дарогі праўды».
1819. Нарадзіўся Станіслаў Манюшка
Нарадзіўся ў вёсцы Убель на Ігуменшчыне пад Мінскам. Першыя ўрокі музыкі малому Стасю давала мама, якая добра грала на фартэпіяна. Далей было навучанне ў мінскай музычнай школе, Берлінскай спявацкай акадэміі, праца арганістам у Вільні. З 1858 і да канца жыцця Манюшка быў дырыжорам Варшаўскай оперы.
Цымус у тым, што пры напісанні сваіх вадэвіляў, камедыяў ды оперных лібрэта Манюшка карыстаўся беларускім фальклорам, мовай, звычаямі і танцавальнымі традыцыямі «простага люду». Ніколі дагэтуль беларускі кантэнт не трапляў на оперную сцэну, таму Станіслава Манюшку заслужана лічаць заснавальнікам нашай нацыянальнай оперы.
«Сялянка», «Рэкруцкі набор», «Чарадзейная вада» і іншыя творы складаюць залаты фонд аўтара. Цікава, што свае найлепшыя творы Манюшка стварыў у часы рэакцыі Мікалая Першага, калі за «крамолу» было вельмі лёгка займець непрыемнасці. Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, разам з якім яны працавалі над «Ідыліяй», можна ўбачыць ля мінскай ратушы.
1686. «Вечны мір» паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай
Замірэнне было заключанае пасля доўгай вайны, якая трывала ажно з 1654 года і аказалася катастрофай для земляў Беларусі і Украіны. Шмат у чым «вечны мір» паўтараў пастулаты Андрусаўскага замірэння 1667-га, але пэўныя моманты «дашліфоўваліся» і дадаваліся наноў.
Тэкст дамовы складаўся з 33 пунктаў, вось галоўныя. Кіеў назаўжды пераходзіў пад патранаж Масквы. За гэта Рэч Паспалітая атрымлівала 146 тысяч рублёў кампенсацыі. Роўна тое ж было са Смаленскам. РП абавязвалася гарантаваць праваслаўным свабоду веравызнання, а Масква абяцала «сачыць за сітуацыяй» са сваімі аднаверцамі.
«Вечны мір» не толькі істотна скараціў тэрыторыю і ўплывы Рэчы Паспалітай, але і стаў асновай для будучай Паўночнай вайны (1700–1721). Тады РП была ўцягнутая ў цалкам непатрэбны ёй ваенны канфлікт з ноткамі грамадзянскай вайны, а тэрыторыя Беларусі чарговым разам стала «выпаленым полем», па якім гойсалі чужыя арміі.
1942. У Мінску павешаны Ісая Казінец
Казінец нарадзіўся ва Украіне ў 1910 годзе ў яўрэйскай сям’і. Падчас Грамадзянскай вайны ягоны бацька далучыўся да бальшавікоў, быў забіты казакамі. Ісая навучаўся ў Кіеўскім нафтавым інстытуце, служыў у Чырвонай арміі. У 1940 яго накіравалі спачатку ў Мінск, пасля — у Беласток інжынерам «Нафтазбыту».
У 1941-м, калі Чырвоная армія спешна адступала, Казінец здолеў падарваць усе запасы нафты ў Беластоку. Пасля пешкі накіраваўся ў Мінск, дзе сабраў падпольную групу. Да вясны 1942-га ягоная сетка здзейсніла пад сотню дыверсіяў. Праз здраду паплечнікаў Казінец з таварышамі быў арыштаваны. 7 траўня яго разам з 28 падпольшчыкамі павесілі ў Аляксандраўскім скверы.
Постаць Казінца стала адной з легендаў мінскага падполля. У 1965-м яму пасмяротна надалі званне Героя СССР. Барацьба групы Казінца стала асновай рамана Новікава «Руіны страляюць ва ўпор», а таксама аднайменнага фільма. У гонар Казінца ў Мінску названая вуліца.
1883. Нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч
Паходзіў з дваранскага роду. Скончыў настаўніцкую семінарыю. У Першую сусветную ваяваў на румынскім фронце, пасля апынуўся ў Адэсе. Пасля абвяшчэння БНР узначаліў Адэскае консульства новаабвешчанай рэспублікі. У 1920-м вярнуўся ў савецкі Мінск.
Менавіта Некрашэвіч выступіў з ідэяй стварэння Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), а пасля — пераўтварэння яго ў Акадэмію навук. Стаў віцэ-прэзідэнтам АН. Сам займаўся пытаннямі мовазнаўства, дыялектаў і тэрміналогіі. Галоўныя працы — беларуска-расійскі і расійска-беларускі слоўнікі, якія выйшлі ў суаўтарстве з Міколам Байковым у 1925–1928 гадах.
У 1930-м быў упершыню арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Сасланы на 5 гадоў ва Удмурцію. Наступным разам арыштаваны ў лістападзе 1937-га, у снежні расстраляны. Канчаткова рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР толькі ў 1988 годзе.
1953. Першы нумар часопіса «Маладосць»
Літаратурны штомесячны часопіс з’явіўся на сконе сталінскай эпохі — яшчэ да развянчання культу асобы. Нядзіўна, што на вокладцы першага нумару — акурат партрэт Сталіна (на вокладцы другога — таксама). Разам з тым часопіс стаў сімвалам адлігі, калі беларускія аўтары нарэшце пачалі вяртацца да чытача, сама літаратура — адраджацца пасля чыстак і войнаў.
У розныя гады ў «Маладосці» друкаваліся зоркі першай велічыні белліту ХХ стагоддзя: Быкаў, Караткевіч, Брыль, Колас, Мележ, Адамовіч. Сярод рэдактараў — Пімен Панчанка, Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін. Часопіс не замыкаўся выключна на тэме літаратуры: у 1970-х у ім з’явіліся каляровыя ўстаўкі, прысвечаныя беларускаму жывапісу.
«Маладосць» выходзіць і сёння — гэта адзін з часопісаў выдавецкага дома «Звязда». Афіцыйна пазіцыянуецца як літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс для моладзі. Сярод сучасных аўтараў, якія «засвяціліся» ў «Маладосці», — Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Дзяніс Марціновіч, Кастусь Касяк і іншыя.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч