Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённешніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1439. Фларэнтыйская царкоўная унія
Паводле сабору (сходу) хрысціянскіх цэркваў, праваслаўныя меліся прызнаць пэўныя каталіцкія догматы, пасля чаго аб’яднацца ў адну царкву пад кіраўніцтвам Рыма. Візантыя, цвярдыня праваслаўя, пайшла на такі крок у надзеі на падтрымку Захаду ў вайне з туркамі.
У ВКЛ ідэя уніі была запатрабаваная і раней: за Вітаўтам, пазней — за Свідрыгайлам. Князі разлічвалі пакласці канец рэлігійнай варажнечы, умацаваць цэнтралізаваную дзяржаву. Фармальна унія была прынятая, але ў рэальнасці сабатавалася і праваслаўным, і каталіцкім клірам. Найперш унію асудзілі ў Маскве і зняволілі мітрапаліта Ісідара за «лацінства» (пазней ён збег у ВКЛ).
Фларэнтыйская ўнія стала пралогам да пазнейшай Берасцейскай — у 1596 годзе. Яе прасоўваў мітрапаліт Іпацій Пацей, спасылаючыся акурат на рашэнні 1439 года. У 1605-м Пацей нават сцвярджаў, што знайшоў у Крэўскім замку тэксты на старабеларускай мове з часоў Фларэнтыйскага сабору, якія нібыта надавалі новай уніі легітымнасць.
1253. Каранацыя Міндоўга
Князь ваяваў за ўладу з раднёй: пляменнікамі Таўцівілам і Эдзівідам. Для канчатковай перамогі яму быў патрэбны моцны хаўруснік. Выбар спыніўся на крыжаках і каталіцкім калектыўным Захадзе. У 1251-м князь-язычнік прыняў «лацінскую веру», а ў 1254-м атрымаў ад Папы карону: Міндоўг з жонкай Мартай сталі каралём і каралевай Літвы.
Гісторыкі бачаць дзве лакацыі, дзе магла прайсці каранацыя. Першы гісторык ВКЛ XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі ў паэме спачатку згадваў Кернаў, але ўжо ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» ён жа адзначыў Наваградак. Да апошняга варыянту схіляюцца і сучасныя даследчыкі.
Чаму ж ВКЛ не стала каралеўствам? Разабраўшыся з пляменнікамі і татарамі, ужо ў 1260-м Міндоўг пачаў чарговую вайну з крыжакамі. Зрокся каталіцтва, аўтаматычна страціў карону, якая была шчыльна звязаная з веравызнаннем уласніка. Тактычна ён рэалізаваў свае планы, але стратэгічна адсунуў ВКЛ ад развіцця ў заходнееўрапейскім кірунку.
1882. Нарадзіўся Янка Купала
«Хоць нясцерпным ставала гора / Наваколле пакуль што маўчала / Ноч плыла агнямі і зорамі... / Нарадзіўся Янка Купала.» — так заканчваецца верш Караткевіча «Папараць-кветка», пакладзены на музыку Кулінковічам у праекце «Скрыпка дрыгвы». Здаецца, у кароткім чатырохрадкоўі зашыфраванае міфалагічнае стаўленне да Купалы: прарока, песняра і збаўцы.
Будучы паэт нарадзіўся ў вёсцы Вязынка на Вілейшчыне ў сям’і арандатара Дамініка Луцэвіча. Бацька паходзіў са збяднелай каталіцкай шляхты, быў залічаны да мяшчанаў, але падчас хросту сына адзначыў дваранскае паходжанне. Маленства і юнацтва Янка правядзе ў пераездах з адной на іншую арандаваную гаспадарку ў ваколіцах Радашковічаў.
Як памяць пра дзень нараджэння — сакральны ў беларускай традыцыі — Іван Луцэвіч возьме сабе псеўданім Янка Купала, пад якім яго сёння памятаюць нават тыя, хто не чытае вершаў, не цікавіцца беларускай літаратурай.
1861. Нарадзілася Марыя Магдалена Радзівіл
Марыя паходзіла з магнацкага роду Завішаў, бацька валодаў зямлёй і нерухомасцю як у Беларусі, так і ў Варшаве. Пасля смерці першага мужа, Марыя выйшла замуж за Мікалая Радзівіла, узяўшы ягонае прозвішча. У выніку збегу абставінаў жанчына стала ўласніцай немалога капіталу.
У пачатку ХХ ст. яна стала найбольш вядомым мецэнатам беларускага руху. Фінансавала беларускія выдавецтвы, школы, газеты, у тым ліку «Нашу Ніву». У яе маёнтку на Ігуменшчыне бывалі Луцкевіч, Уласаў, Скірмунт, Іваноўскі. Нездарма на тытульным аркушы «Вянка» Багдановіча ёсць выява лебедзя: гэта герб Завішаў, удзячнасць выдаўца за фінансаванне кнігі.
У 1918-м Марыя Магдалена была змушаная эміграваць. Жыла ў Польшчы, Літве, Германіі. Нават за мяжой, пазбыўшыся вялікай долі ўласнасці, працягвала дапамагаць нацыянальнаму руху ў Заходняй Беларусі. Памерла ў 1945 годзе ў Швейцарыі. У ліпені 2017-га яе прах быў вернуты на Радзіму.
1906. З’езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне
«...У гадзін 12 ночы раптам уляцеў ураднік у кватэру настаўніка і з крыкам "ні з месца", як каршун, наляцеў на наш пратакол. Следам уварваліся сюды паліцэйскія стражнікі на чале з прыставам. Закамандавалі падняць рукі ўгору і пайшлі трасці нашы кішэні і шукаць па ўсіх кутках крамолы».
Так вынікі з’езду падсумаваў Якуб Колас, адзін з удзельнікаў. Праз ягоную асобу мы і памятаем з’езд настаўнікаў Мінскай губерні. Падзея адбывалася на фоне першай расійскай рэвалюцыі. Настаўнікі сабраліся, каб абмеркаваць свае справы: бясплатнае навучанне, пашырэнне асветы і беларускай мовы.
З’езд скончыўся пагромам. Нехта паведаміў царскаму начальству, якое пільна сачыла за любымі праявамі іншадумства. Галоўным доказам стаў пратакол з’езду: пад удар трапілі тыя, чые прозвішчы там стаялі. Нехта паспеў эміграваць да суда, большасці забаранілі займацца педагагічнай дзейнасцю, а Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) трапіў за краты — у Пішчалаўскі замак у Мінску.
1900. Нарадзіўся Пётра Сергіевіч
«Беларускі Матэйка», мастак «ад сэрца» — так пра Сергіевіча казалі сучаснікі. Ён стаў адным з першых нацыянальных мастакоў ХХ ст., у адным шэрагу з Драздовічам і Рушчыцам. «Каліноўскі сярод паўстанцаў», «А хто там ідзе», «Шляхам жыцця», партрэты Багушэвіча і Усяслава Полацкага — класіка нашага жывапісу.
Пётра нарадзіўся ў беднай (без перабольшвання) сялянскай сям’і на Браслаўшчыне. У 7-гадовым узросце застаўся без бацькі, сям’я не мела нават сваёй гаспадаркі... Выбіўся ў людзі: вучыўся ў Вільні, Кракаве, Італіі. Колішняя сталіца ВКЛ стала для яго магнітам — ёй Сергіевіч аддаў большую частку жыцця, там працаваў, рабіў выставы.
Яшчэ ў міжваенны час Сергіевіч быў удзельнікам беларускага руху, пазней — захавальнікам фондаў Віленскага беларускага музея. У БССР ён не пераехаў нават пасля вайны, таму большая частка твораў, а таксама манументальныя працы засталіся ў Вільні. Памёр у 1984-м як грамадзянін Літоўскай ССР, пахаваны на Вайсковых могілках Вільнюса.
1705. Бойня у Сафійскім саборы ў Полацку
Падчас Паўночнай вайны расійскія войскі занялі Полацк. Заўважым, што гэта былі саюзнікі караля Рэчы Паспалітай у змаганні са шведамі. У горад над Дзвіною прыбыў Пётр Першы. Расійцы паводзілі сябе як гаспадары, таму вырашылі перадаць уніяцкі храм мясцовым праваслаўным. Апошнія адмовіліся, баючыся канфлікту пасля адыходу расійскіх войскаў.
11 ліпеня ў святыню завітаў сам Пётр. Версіі далейшых падзеяў разыходзяцца. Ці то манахі-базыляне не далі цару ключоў ад царскіх варотаў. Ці то спрэчка ўзнікла праз абраз Язафата Кунцэвіча. Ці то манахаў хацелі арыштаваць, а тыя аказалі супраціў. Дакументы з архіву Кабінета Пятра дадаюць, што базыляне «справакавалі» гнеў манарха...
Крыніцы аднадушныя ў іншым: цар асабіста забіў чатырох манахаў. Іхныя целы былі патопленыя ў Дзвіне. Не пашчасціла і сабору. У прытворы храма расійцы размясцілі парахавы склад, які выбухнуў 1 траўня 1710 года: Сафія была зруйнаваная. Уніяты аднавілі храм толькі ў 1750-я ў стылі віленскага барока. Пасля скасавання уніі ў 1839-м Сафія зноў была перададзеная праваслаўным.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч