Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1459. Нарадзіўся кароль Ян Ольбрахт
Будучы польскі кароль выхоўваўся лепшымі настаўнікамі. Сярод іх быў гісторык Длугаш ды вядомы гуманіст Філіп Калімах. Апошні, паводле сучаснікаў, падказваў таму сродкі для апанавання «абсалютнай улады»...
Ян Ольбрахт (польскае вымаўленне, насамрэч — Альберт ці Альбрэхт) стаў каралём, але яго праўленне суправаджалася крызісамі. Манарх не мог знайсці баланс паміж шляхтай і мяшчанамі, а вынікам паўднёвых паходаў стала знішчальная навала татараў і туркаў на Польшчу.
Ольбрахт быў старэйшым братам Аляксандра, вялікага князя літоўскага. Поспехі Аляксандра — плён спаборніцтва з братам, спроба давесці «хто галоўны». Нават манеты, якія біў Аляксандр, утрымлівалі больш срэбра за польскія, каб паказаць, што ВКЛ багацейшая дзяржава.
1920. Канец Слуцкага збройнага чыну
Сімвалічная дата сканчэння баявых дзеянняў на Случчыне ў часе Грамадзянскай вайны. Ужо 29 снежня большасць случчакоў перайшлі польскую мяжу, дзе былі раззброеныя ды змешчаныя ў фільтрацыйны лагер. Пэўная частка былых паўстанцаў далучылася да партызанкі Балаховіча.
Так званае Слуцкае паўстанне — ці не адзіны выпадак арганізаванага супраціву беларускіх незалежніцкіх збройных фарміраванняў у той час. Большасць вайсковых структураў БНР існавала толькі на паперы або ў складзе чужых арміяў.
Случчакі ж мелі цэлую брыгаду, стрэльбы і кулямёты, у лепшыя часы трымалі каля 60 км фронту. Паўстанцы вялі паспяховыя баі, бралі ў палон чырвонаармейцаў, але — былі здраджаныя Польшчай: палякі дэманстрацыйна адыйшлі са Случчыны. Баявыя дзеянні трывалі з 27 лістапада да 28–29 снежня 1920-га.
«Удзячна і сардэчна ўзгадаюць яго некалі — калі пасталеюць — наступныя беларускія пакаленні», — так напісаў пра літаратара польскі часопіс Kraj, які выдаваўся ў Пецярбургу. Адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры адыйшоў у лепшы свет у фальварку Люцынка на Валожыншчыне пад Мінскам.
Марцінкевіч рана кінуў дзяржаўную службу, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, сядзеў, ягоная дачка Каміла была сасланая ў Сібір... Ён адным з першых пачаў пісаць па-беларуску, хоць круціўся ў колах польскамоўнай інтэлігенцыі.
Ягоная «Пінская шляхта», «Залёты», «Гапон» ды іншыя творы выйшлі па-беларуску, але лацінкай. Унармаванай мовы яшчэ не існавала, таму камедыі Марцінкевіча можна лічыць смелымі эксперыментамі. Аўтару не пашчасціла жыць і памерці ў найбольш змрочныя часы рэакцыі ў імперыі... Як генія яго ўзгадаюць толькі на пачатку ХХ стагоддзя, праз 25 год пасля смерці.
1937. Расстраляны Аляксандр Цвікевіч
Апошні раз на Радзіму знясіленага Цвікевіча прывезлі з глыбіняў РСФСР, дзе той адбываў тэрмін і ссылку: у Пярмі, Ішме, Сарапуле. Прывезлі, каб расстраляць у Мінску. Большасць расстрэлаў, як вядома, прайшла ў 1937-м — магчыма, органам трэба было «закрыць гадавы план», таму і прыводзілі выракі ў выкананне пад самыя святы...
Цікава, ці згадваў Цвікевіч у сваім апошнім падарожжы ў Беларусь пра падзеі кастрычніка 1925-га — Берлінскую канферэнцыю. Менавіта ён склікаў яе, каб давесці дзеячам БНР у эміграцыі, што БССР — адзіны цэнтр адраджэння Беларусі. На той канферэнцыі Урад БНР быў ліквідаваны, Цвікевіч ды іншыя вярнуліся на Радзіму.
У БССР Цвікевіч працаваў у Наркамаце фінансаў, у Інбелкульце, у Інстытуце гісторыі АН БССР. Ажно да арышту ў 1930-м па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі. Лёс Цвікевіча ды іншых дзеячаў яго пакалення — трагічны напамін пра немінучую расплату за палітычную наіўнасць.
1802. Нарадзіўся Максіміліян Рыла
Цяжка паверыць, але першым даследаваў руіны Старажытнага Вавілона наш зямляк, хоць ягонае імя ў Беларусі сёння амаль невядомае. Максіміліян Рыла нарадзіўся ў Падароску на Ваўкавышчыне ў сям’і збяднелай шляхты. Скончыў павятовую школу і Полацкую езуіцкую акадэмію, што і вызначыла яго далейшае жыццё.
Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі перабраўся ў Рым, дзе стаў прафесарам філасофіі. З 1833 года — святар. Езуіты дзейнічалі па ўсім свеце — так Рыла трапіў на Блізкі Усход, дзе даследаваў Вавілон. Адтуль у Ватыкан ён прывёз калекцыю археалагічных знаходак.
Рыла быў абраны ў Папскую Археалагічную акадэмію ды Арыенталагічнае таварыства ў Францыі. Пазней працаваў у Бейруце, на Мальце і нават у Цэнтральнай Афрыцы. Рылу можна лічыць адным з першых беларускіх археолагаў ды арыенталістаў, прычым — высокага еўрапейскага ўзроўню.
1919. Абвяшчэнне ССРБ
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь была абвешчаная маніфестам у Смаленску. Гэтаму папярэднічала барацьба ў партыйных колах: за Савецкую Беларусь выступалі нацыянал-камуністы Жылуновіч і Чарвякоў, а супраць — Мяснікоў, Кнорын і Ландэр. Апошнія хацелі далучэння да РСФСР.
Сітуацыя «нічыёй» зямлі ўзнікла праз імклівае адступленне немцаў напрыканцы 1918 года. Бальшавікі павінны былі нешта рабіць з Беларуссю, таму наспех сфармавалі органы ўлады ды абвясцілі ССРБ. Урад БНР быў аб’яўлены па-за законам, затое бальшавікі скарысталіся геаграфічнай мапай папярэднікаў.
ССРБ мела ўключаць Гродзенскую, Віцебскую, Мінскую і Магілёўскую губерні, а таксама часткі Віленскай ды Смаленскай. Зусім хутка, праўда, Магілёўшчыну, Віцебшчыну і Смаленшчыну зноў далучылі да РСФСР. ССРБ праіснавала нядоўга, бо ўжо 27 лютага ў Маскве было вырашана стварыць новую дзяржаву — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (ЛітБел).
1946. Загінуў Фабіян Абрантовіч
Будучы манах-марыянін і культурны дзеяч нарадзіўся на Наваградчыне ў сям’і мяшчанаў. Навучаўся ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, пасля ў Каталіцкім універсітэце Лёвена. Пасвячоны ў святары ў 1908 годзе. У Мінск быў камандзіраваны ў 1918-м — удзельнічаў у справах БНР, дзе яго бачылі будучым кіраўніком місіі ў Рыме.
Фабіян Абрантовіч у зняволенні
У міжваенны час займаўся кляштарам марыянаў у Друі, вакол якога гуртаваліся каталікі ўсходняга абраду. Беларушчына бянтэжыла кіраўніцтва польскага кліру, таму Абрантовіча адправілі з місіяй у Манчжурыю, дзе той працаваў у 1929–1938 гадах. Быў экзархам Харбіна, дзе жыло шмат рускамоўных «белаэмігрантаў».
Фабіян Абрантовіч быў арыштаваны савецкімі органамі ў верасні 1939-га. Больш за пяць гадоў правёў у зняволенні, а памёр у сумнавядомай Бутырскай турме ў Маскве. Месца пахавання невядомае.
АК, budzma.org/