22 лістапада – прэзентацыя кнігі “Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну”

22 лістапада ў Доме-музэі Ваньковічаў адбудзецца прэзентацыя кнігі Валера Каліноўскага “Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну”, прысьвечанай беларускай эміграцыі ў Францыю ў міжваенны час і паваеннай рээміграцыі ў СССР. Кніга выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор” пры спонсарскай падтрымцы беларуска-французскай кампаніі ЗАТ «Dilis Cosmetic» і ганаровага консула Францыі ў Берасці Леаніда Стаецкага.


«Кніга закрывае яшчэ адну белую пляму ў гісторыі Беларусі, Францыі і Польшчы – у ёй сабраныя 14 сямейных гісторый беларускіх французаў, эмігрантаў з міжваеннай Польшчы ў Францыю, якія паслухалі савецкую прапаганду і пераехалі ў сталінскі СССР. Дзьве значныя главы ў кнізе прысьвечаныя гістарычнаму кантэксту гэтых сямейных гісторый: у іх я сабраў зьвесткі пра эміграцыю ў Францыю з тэрыторыі сучаснай Беларусі 19-20 стагодзьдзяў, беларускую прысутнасьць у гэтай краіне ў міжваенны час і пра сталінскую рэпатрыяцыю з Францыі ў СССР.

Праца над гэтай кнігай стала для мяне захапляльным досьведам, гэта амаль паўтара гады сустрэч, інтэрвію, пошукаў у бібліятэках і архівах, напісаньня і рэдагаваньня. Я аўтар, але гэта была калектыўная праца з героямі кнігі, гісторыкамі, францускімі дыпляматамі, фатографамі, рэдактарамі і выдаўцамі. Я ім усім бязьмежна ўдзячны! » – кажа спадар Каліноўскі.

Імпрэза абудзецца 22 лістапада 2019 года а 16.00 ў Доме-музэі Ваньковічаў па адрасе: горад Мінск, вуліца Інтэрнацыянальная, 33А.