Каліноўскі ці Манэргейм: хто круцейшы?

15.05.2019 Гісторыя

Асоба Кастуся Каліноўскага чарговым разам выйшла на першы план у нацыянальным медыйным пантэоне праз знойдзеныя ў Вільні парэшткі закатаваных паўстанцаў. Ізноў пайшлі сваркі, маўляў, “правільны” ці “няправільны”, “польскі” ці “беларускі”, “аб’ядноўвае” ці “раз’ядноўвае”.

Сваркі пры гэтым ідуць выключна ў эмацыйна-ідэалагічным полі, дзе існуе толькі чорнае і белае, тая ж гама адценняў, што і ў фільме 1920-х пра Кастуся, дзе герой выстаўлены ў фантастычным нацыянал-камуністычным ключы, наўздагон духу эпохі. Здаецца, нам усё ж не хапае ацэнкі тых падзеяў па факце. Дакладней, унутранай дыскусіі сярод нацыянальна арыентаванай публікі, якая бачыць не толькі промні святла, але і цені Паўстання 1863 года.

Скажам, ці магло перамагчы паўстанне? Ці сувымерныя былі ахвяры бонусам і актывам, якія атрымаў польскі, беларускі ды літоўскі нацыянальны рух? Паўстанне, урэшце, аслабіла ці ўзмацніла імперыю, супраць якой было скіраванае? Кожная наша праекцыя з шэрагу “а вось калі б у 1863-м нічога не здарылася” можа падацца надуманай, таму звернемся да паралельнага прыкладу – фінскага.

Фіны: дачакацца моманту “Х” ды “зваліць”

Вядома, у ХІХ ст. Фінляндыя, як і наша Бацькаўшчына, знаходзілася пад крылом двухгаловага арла. Але ж яе нацыянальны актыў замест збірання па сховах крамянёвых стрэльбаў абраў іншы шлях. А менавіта – выгадоўванне эліты, якая не займалася “разбазарваннем” рэсурсаў: чалавечых, адміністрацыйных, фінансавых. Іхная дзяржаўнасць выспявала ўсярэдзіне імперыі, нацыя выкрышталізоўвалася шляхам выбудоўвання для сябе аўтаномнай сістэмы. Фіны дачакаліся зручнай сітуацыі ды акуратна “звалілі”.

І для гэтага моманту “Х” усё было гатова. Адміністрацыя і чыноўнікі, якія ўмеюць кіраваць. Бізнесоўцы, якія ўмеюць гандляваць і назапашваць капітал. Армія, якая ўмее ваяваць, атрымаўшы ў Расіі (якая ваявала бясконца) перадавы досвед сучаснага канфлікту: кар’ера Густава Манэргейма, героя Руска-японскай і Першай сусветнай – яскравы таму досвед.

Разам з тым самі фіны сыгралі не апошнюю ролю ў сконе Расійскай імперыі. Як? А дзе, скажыце калі ласка, хаваліся ад царскіх жандармаў камуністы-бальшавікі? Правільна, у Фінляндыі. Мясцовая паліцыя фармальна падпарадкоўвалася Пецярбургу, але ж кадры на месцах былі свае, таму камуністаў і не выдавалі: хай жывуць ды працуюць на развал Расіі. Акурат такі партызанскі спосаб урэшце аказаўся больш эфектыўным за сялян-касінераў, якіх кідалі супраць намуштраваных расійцаў з агнястрэльнай зброяй.

Mannerheim1919.jpg

Карл Густаў Манэргейм

Паўстанне-1863: адны паспяшаліся, іншыя спазніліся

Дык ці герой Каліноўскі? Вядома, герой. Проста ёсць героі – пераможцы ды паспяховыя менеджары, а ёсць – пакутнікі. Вось ён акурат з ліку апошніх, крывёю якіх заліты алтар нацыянальнай ідэі. З нашых рэвалюцыянераў-змагароў ён адназначна самы-самы, з асобаў Беларусі ХІХ ст. – таксама першы. Першы, хто пачаў размаўляць з народам на ягонай мове. Першы, хто апеляваў да сацыяльных пытанняў. Першы, хто, будучы прыхільнікам Рэчы Паспалітай, зразумеў, што як раней ужо ніколі не будзе.

Падняць сялянскія масы не атрымалася, сацыяльны аспект не стрэліў – момант быў не той. “Мужыцкая праўда” была сапраўды круценным праектам, але не было ўжо таго болю – прыгонніцтва, – які хіба і мог вывесці сялянаў на паўстанне. Хай адмена прыгонніцтва ў 1861-м і была слізкай рэформай, з нейкімі выкупамі на 40 гадоў і г.д., затое мужыку гэта акурат давала надзею. Як кажуць, “надзея на вялікія грошы заўжды лепшая за самі грошы”. Шляхта ж успрымалася акурат рэакцыянерамі, якія хочуць вярнуць рабства, а не рэвалюцыянерамі.

Не было і зручнай палітычнай сітуацыі: калі б паўстанцы падняліся падчас Крымскай вайны, калі супраць Расіі вялі гульню такія гіганты, як Англія і Францыя, калі прыгон яшчэ быў не зняты, магчыма, сітуацыя выглядала б па-іншаму. Дарэчы, французы ў гэтай вайне таксама ўлічвалі фактар прыхільнікаў Рэчы Паспалітай у імперыі. Так і выходзіць: адны паспяшаліся, іншыя спазніліся.

Калі мы не прагаворым балючыя пытанні, то хто?

“Якой Беларусі хацеў Каліноўскі?” – запытваюцца ў сацсетках. Пытанне ўсё ж некарэктнае. Ва ўсіх нумарах “Мужыцкай праўды” размова адно пра Рэч Паспалітую. Вядома, Каліноўскі бачыў дзяржаву не замшэлым утварэннем XVIII ст., а сучасным механізмам: дзе няма рэкрутчыны, дзе селянін мае зямлю і плаціць падаткі, дзе селяніну не тлумяць галаву “сабачай верай” (гаворка не пра веру як такую, а пра бюракратычную карпарацыю, у якую тая вера ператварылася). Карацей, дзяржава ягонай мары – абноўленая Рэч Паспалітая, са старым духам, але з новымі тэхналогіямі ды свабодамі.

Віктар Марціновіч: Адчапіцеся ад Каліноўскага

Увесь вышэйпададзены “разбор палётаў”, безумоўна, не для таго, каб вы безапеляцыйна паверылі аўтару, не для таго, каб знялі партрэт Каліноўскага з-над ложка і павесілі Манэргейма. Зусім не. Проста калі мы самі не будзем прамацваць балючыя месцы і разбірацца ў моцных і слабых баках нашай гісторыі, гэтым зоймуцца зусім іншыя людзі. А нам застанецца адно баніць іх у Фэйсбуку альбо навешваць ярлыкі “ватнікаў” ды “імперцаў”.

Пантэон? Самі ж плявацца будзеце…

Ну і апошняе. Пра месца пахавання. Вядома, крута было б нам на сваёй тэрыторыі мець пантэон з парэшткамі Каліноўскага ды іншых бацькоў нацыі. Але як вы сабе тое цяпер уяўляеце? У фармаце маўзалея ў цэнтры Мінска з пачэсным каравулам ад БРСМ?.. Там жа і Машэрава, і Цанаву пакладуць. Самі ж будзеце плявацца. Успомніце, што ў Беларусі, у Свіслачы, пахаваны брат Кастуся – Віктар Каліноўскі. Да ягонай магілы штовосень прыязджае ўсё менш народу, месца фальварка Каліноўскіх у Якушоўцы выкасіць няма каму, а тут цэлы пантэон падавай!

Урэшце, Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах (Польшча), змагаўся на Гарадзеншчыне (Беларусь), а загінуў у Вільні (Літва). Такі ягоны лёс, героя трох народаў. Такая геаграфія нашай Айчыны – шырэйшыя за сённяшнія геаграфічныя межы Беларусі. Ды і Вільня не так далёка: сеў у цягнік ды паехаў. Было б жаданне не ў “Акропаліс” збегаць, а на Лукішскі пляц. І гэта не ад літоўцаў, Макея ці Лукашэнкі залежыць, а ад кожнага з нас.

Алесь Кіркевіч, budzma.org