У пасёлку Першамайск (раней пасёлак называўся Кухцічы) пачалі аднаўленне святыні. Кальвінскі збор з’яўляецца ўнікальным для Беларусі архітэктурна-рэлігійным помнікам абарончага тыпу. Ён быў пабудаваны ў сярэдзіне XVI стагоддзя адным з першых уладальнікаў маёнтка Кухцічы Мацеем Кавечынскім, піша zorkanews.by.
Будынак быў невялікі, відаць, разлічваўся толькі на жыхароў сядзібы. Апроч рэлігійных мэт, ён з’яўляўся сховішчам у выпадку патрэбы — сцены збору дасягалі таўшчыні ў паўтара метра.
Пазней збор асвяцілі як каталіцкі храм, а ў XVIII стагоддзі і зусім пераабсталявалі пад магільны склеп. Рэканструкцыяй займаўся вядомы ў тыя часы архітэктар Карл Спампані. Да былога збору дабудавалі дзве вежы, ля ўвахода з’явілася званіца. У такім выглядзе склеп прастаяў да 1938 года, калі на базе маёнтка з’явіўся саўгас «Кухцічы», а збор стаў эксплуатавацца як гаспадарчы будынак.
Увесну 2024 гады ў будынка з’явіўся гаспадар. На тэрыторыі касцёла пачаліся работы па рэканструкцыі.
— Сцены разбуранага храма патрапілі ў патрэбныя рукі, — падзяліўся Дзмітрый Карплюк, які вядзе рэстаўрацыйныя працы. — Гэты храм гістарычна належаў пратэстантам. І вось калі царква была выстаўлена на аўкцыён, Евангелічная царква, не раздумваючы, выкупіла яе. У планах зрабіць гэтую святыню дзейнай. У нас ёсць праект, па якім і ідуць працы. Царква захавае свой першародны выгляд і прыцягне вернікаў і турыстаў.
Выява Кальвінскага збору
Варта адзначыць, улічваючы ўзрост пабудовы, аднавіць усё хутка не атрымаецца. Час і людзі зрабілі сваю справу. Але ўжо можна ацаніць выкананыя работы не толькі ўнутры, але і звонку.
— Трэба разумець, што гэты праект не з лёгкіх, — кажа Павел Ташэйка. — Мы намагаемся максімальна захаваць старадаўнюю чырвоную цэглу, з якой зроблены будынак. Разбіраем і сартыруем яго, каб пасля выкарыстоўваць. Ёсць свае тонкасці, бо царкве больш за 450 гадоў. Цяпер мы актыўна аднаўляем званіцу.