Каля Смаргоняў здымаюць батальныя сцэны мастацкага фільма пра Першую ўсясьветную вайну

18.01.2019 Кіно

На месцах баёў Першай усясьветнай у Смаргонскім раёне Горадзенскай вобласьці пачаліся здымкі мастацкага фільму рэжысэра Аляксея Туровіча з працоўнай назвай «У акопах Смаргоняў». Гэта першы зварот беларускіх кінэматаграфістаў да тэмы ваенных падзеяў 1914–1918 гадоў. Рэпартаж Свабоды зь месца здымак.

Артылерыйскія залпы, газавыя аблокі, санітарныя абозы, штыкавыя атакі і братаньне ворагаў — усё як было цягам 1915–1918 гадоў, калі беларускія землі падзяліла лінія фронту. Каля Смаргоняў пазыцыйнае супрацьстаяньне расейскага і германскага войскаў расьцягнулася больш як на 800 дзён. Немцы будавалі доты, расейцы заглыбляліся ў траншэі, адны адных труцілі ды абстрэльвалі.

Прадаць дом, каб зьняць кіно

Здымачны лягер раскватараваны ў Каранях — прыгараднай вёсцы пад Смаргонямі, побач зь якой вырас мікрараён трактарабудаўнікоў. Навокал узбуджанае ажыўленьне. Мужчына вядзе на пляцоўку свайго каня з высокай крытай кібіткай — гэта перасоўны шпіталь часоў Першай усясьветнай. У аўтобусах падвезьлі мэдсясьцёр, яны грэюцца, чакаюць свайго выхаду. Каскадэр Сяргей Катаржэнка навучае актораў прыёмам рукапашнага бою, піратэхнікі ўсталёўваюць выбухоўку, а ля вогнішча грэецца касьцюмаваная масоўка, не задзейнічаная ў эпізодзе. Агулам на пляцоўцы блізу сотні чалавек.

Кіруе ўсім працэсам рэжысэр Аляксей Туровіч. Ён жа і сцэнарыст, бо ў аснове сюжэту — ягоная кніга «Забытая вайна». Асыстэнт рэжысэра — Станіслаў Цыбінскі, музыку піша кампазытар, былы дырэктар Магілёўскай абласной філярмоніі Ўладзімер Браілоўскі.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Кіно робіцца за кошт асабістых сродкаў Туровіча і Цыбінскага: першы прадаў нерухомасьць, другі — два аўтамабілі. Абодва задзейнічаныя ў ролях афіцэраў расейскай арміі.

Станіслаў Цыбінскі
Станіслаў Цыбінскі

Спробы Туровіча займець дзяржаўную падтрымку дзеля стварэньня фільму пра Першую ўсясьветную былі марнымі. Некалькі разоў ён сустракаўся з кіраўнікамі Міністэрства культуры Беларусі, прапаноўваў зьняць карціну да 100-годзьдзя пачатку вайны, а пасьля — да юбілею яе заканчэньня. Ідэя чыноўнікаў не зацікавіла, сцэнар не дапусьцілі да ўдзелу ў конкурсе.

«Дырэктар „Беларусьфільму“ Ўладзімер Карачэўскі, калі я дамаўляўся пра рэквізыт, кінуў: ведаеш, што бюджэт такога кіно цягне на 5 мільёнаў даляраў! Як будзеш здымаць на свае капейкі? — кажа Туровіч. — „Моўчкі,— кажу.— Вазьму і буду рабіць“. І здымаю. Дзяржава ні капейкі не дала, хоць грошы на гэты фільм ідуць немалыя. На мне ж усе выдаткі: арэнда абсталяваньня, міліцэйскае суправаджэньне, забесьпячэньне піратэхнікай, абеды акторам. Працоўны матэрыял мы здымем, павінна хапіць. Але ж яшчэ зьвядзеньне, мантаж, праца гукарэжысэра — таксама расходы».

За працэсам здымак у Смаргонях назіраюць прадстаўнікі мясцовых уладаў — начальнік міліцыі і ідэоляг. Аляксей Туровіч — адзін з актыўных абаронцаў Курапатаў, адбываў адміністрацыйнае пакараньне за пікеты супраць дзейнасьці рэстарану «Поедем поедим».

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Летась Аляксей Туровіч за ўласныя сродкі экранізаваў «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава — пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах. Пракат у Беларусі быў абмежаваны, бальшыня кінатэатраў адмаўляліся ад паказаў. У той жа час у YouTube стужка набрала амаль 4,5 мільёна праглядаў, гледачы пакінулі больш за 4,5 тысячы камэнтароў.

Пра што фільм?

Сюжэтная лінія стужкі грунтуецца на гісторыі артылерыста Генадзя Маркоўскага. У 1915-м ён вызваўся добраахвотнікам у расейскае войска і адразу трапіў у «пекла» — на лінію фронту ў Смаргонях. Адсюль ён піша лісты сваёй каханай дзяўчыне Ніне, у якіх расказвае пра жахі і бессэнсоўнасьць вайны. Адрозна ад многіх таварышаў па службе, яму пашчасьціла выжыць. На ягоныя ўспаміны падчас працы ў архівах і наткнуўся Аляксей Туровіч. А яшчэ кіно — пра тых беларусаў, якія вымушана ваявалі за чужыя інтарэсы, кажа Свабодзе рэжысэр.

Адной з гераінь уведзена графіня Аляксандра Талстая, дачка Льва Талстога. Яна загадвала палявым шпіталем у Залесьсі, які быў разгорнуты ў колішняй сядзібе кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Будуць і іншыя пэрсанажы, правобразы якіх сталі потым знакамітымі пісьменьнікамі, артыстамі, канструктарамі.

Да тэмы Першай усясьветнай вайны ў Туровіча свой інтарэс. Ён рос у дзіцячым доме ў суседняй Ашмяне, часта яго прывозілі на сустрэчы і спартовыя спаборніцтвы ў такую ж установу ў Смаргонях. Калі ўжо пачаў рабіць кар’еру ў кіно, па старой памяці наведваў інтэрнаты, дапамагаў ім і шмат езьдзіў па ваколіцах Смаргоняў, бачыў сьляды забытай вайны. Тады і зьявілася ідэя паказаць смаргонскую старонку Першай усясьветнай.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Здымкі ідуць на месцах былых баёў

Большую частку амуніцыі, артылерыйскай і табэльнай зброі арандавалі на кінастудыі «Беларусьфільм». Як кажа Станіслаў Цыбінскі, там запатрабавалі за гэта каля 5 тысяч даляраў — па ўдвая большых расцэнках, чым для расейскіх сэрыяльшчыкаў. У выніку лепшы рэквізыт забралі на здымкі ў Астрахань, Туровічу далі тое, што засталося.

На здымкі ў масоўцы прыехалі сябры клюбаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі з розных месцаў — у іх свая амуніцыя.

«Кінастудыя ўзяла вялікія грошы, але паглядзіце, якое „шыла“ падсунулі, — паказвае мундзір асыстэнт рэжысэра Цыбінскі. — Шынялі парваныя, без падкладкі, штаны паедзеныя мольлю, шапкі без кукардаў, боты ўсе 44-га памеру. У нас здымаюцца 17—18-гадовыя хлопцы, дык вымушаныя ў тры слаі намотваць анучы, каб не згубіць абутак падчас здымкаў. Некаторыя сцэны складана ўзяць буйным плянам: рэквізыт вычарпаў свой рэсурс і насамрэч яго трэба сьпісваць. А яны толькі пагражаюць штрафам, калі мы форму „сапсуем“. Але даводзіцца карыстацца тым, што ёсьць».

 

Фільм здымаецца ў натуральных гістарычных дэкарацыях: на ўскрайку Смаргоняў у выдатным стане захавалася германская фартыфікацыя, сіламі энтузіястаў нядаўна былі ўпарадкаваныя і расейскія пазыцыі. Для здымак пасярод кустоўя пастаўлены зруб сялянскай хаты, адноўлены антураж нямецкага дота. Гэты зруб потым згарыць у канцы здымак. Цяпер здымаюцца сцэны артылерыйскага абстрэлу, рукапашны бой, а таксама вываз забітых, параненых і атручаных.

Аднавіць памяць, каб не было жаданьня «паўтарыць»

Акторамі кінапраекту «Ў акопах Смаргоняў» — удзельнікі аматарскіх тэатраў, навучэнцы менскай студыі кінаактораў, рэканструктары-аматары з пошукавага аб’яднаньня «Смаргоні франтавыя», валянтэры з розных рэгіёнаў, якія адгукнуліся на прапанову зьняцца ў кіно за інтарэс.

Ігар Паўлаў
Ігар Паўлаў

Здымаецца і афіцэр запасу Ігар Паўлаў — мясцовы прадпрымальнік, які за ўласныя сродкі аднаўляе месцы баёў, адшуквае і ўшаноўвае вайсковыя пахаваньні. Высілкамі ягонага фонду «Смаргонь франтавая» адноўленая стратэгічная высотка «Залатая горка», якую за савецкім часам ператварылі ў сьметнік. Акурат насупраць яе дзяржаўны даўгабуд — незавершаны мэмарыял, які абяцалі здаць яшчэ ў 2014-м, да 100-годзьдзя пачатку той вайны.

«За савецкай уладай па незразумелых крытэрах Першая ўсясьветная вайна была выцертая з нашай гісторыі, — кажа Ігар Паўлаў. — Як вынік, многія аб’екты гістарычнай значнасьці ператвораныя ў гарадзкую звалку. Таму мы сваім аб’яднаньнем вырашылі ўзяць іх пад абарону. Гэта і „Залатая горка“, і артылерыйскі нямецкі дот побач у полі. Сваімі сіламі расчысьцілі яго ад бытавога, будаўнічага друзу, прывялі ў парадак. Галоўная задача — стварэньне музэю пад адкрытым небам. Каб людзі прыходзілі, разумелі, які боль і пакуты нясе вайна: і першая, і другая, і, ня дай бог, трэцяя».

Лінія расейскага-германскага фронту праходзіла ўздоўж дарогі, якая і цяпер зьвязвае Смаргоні і старажытнае Крэва. Амаль тры гады тут лёталі артылерыйскія снарады, паўзьлі клубы атрутнага газу, салдаты ішлі ў штыкавыя атакі.

Беларусь у Першай усясьветнай вайне

На пачатку ХХ стагодзьдзя беларусы ня мелі сваёй дзяржаўнасьці, гэтыя землі ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі. А падчас Першай усясьветнай вайны тэрыторыя Беларусі стала арэнай жорсткага змаганьня дзьвюх варожых імпэрый. За тры гады зь беларускіх губэрняў было мабілізавана каля 700 тысяч мужчынаў: загінуў кожны дзясяты, шмат хто дадому так і не вярнуўся, застаўшыся на месцы службы. Страты мірнага насельніцтва ацэньваюцца больш як у 60 тысяч.

Агулам з найбольш заселеных заходніх рэгіёнаў Расейскай імпэрыі ў рамках прымусовага «бежанства» царскія ўлады эвакуавалі 2 мільёны жыхароў. Пасьля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны назад вярнуліся менш за палову. Наступствы дэмаграфічных стратаў адчуваюцца дагэтуль.

Ад 1915 году былі эвакуаваныя вёскі Сялец, Наваспаск, Суцькава, Кунава, Бялкоўшчына, Аславяняты, Залесьсе, Зарудзічы, Готкавічы, Сапачы, Хатуцічы. У Смаргонях пасьля 810 дзён пазыцыйнай вайны ацалела толькі некалькі хатаў.