Кожны гурт падрыхтаваў сюрпрызы для наведвальнікаў – ад выканання прэм’ер да замалёвак на калядную тэматыку.
Штогадовы фестываль сярэднявечнай і фольк-музыкі “Калядны фэст” пройдзе ў сталічным клубе Re: Public 25 снежня. У музычным марафоне традыцыйна возьмуць удзел лепшыя калектывы фолькавага накірунку – “Палац”, “Стары Ольса”, Znich, Irdorath, Trollwald, “Гістрыён”, Vuraj.
Напярэдадні фэстываля мы патэлефанавалі кожнаму з яго ўдзельнікаў і даведаўся, якія сюрпрызы яны рыхтуюць для прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі і як ставяцца да самаго фэсту як да з’явы.
Усе апытаныя музыкі сышліся ў меркаванні, што “Калядны фэст” – мерапрыемства з асаблівай святочнай, вясёлай атмасферай і выступае ў якасці своеасаблівага злучальнікам паміж гісторыяй, традыцыямі і сучаснасцю.
“Калядны фэст” – гэта вяртанне старых традыцый, вяртанне аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў. І адпаведна гэты настрой перадаецца музыкам. Я нават лічу, што гэты настрой неяк генетычна закладзены. У гэты час хочацца свята і адчуванне нейкае святочнае прысутнічае ў кожным”, – распавёў лідэр гурта “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі.
Ён адзначыў, што “Стары Ольса” на “Калядным фэсце” выканаюць урачыстыя вясёлыя кампазіцыі, зайграюць некалькі кавер-версій рок-класікі, некаторыя рэлігійныя кампазіцыі і паабяцаў шмат сярэднявечных танцаў.
Гурт “Палац” рыхтуе да каляднага мерапрыемства песні з больш электроннай аранжыроўкай і прадставяць новую песню.
“Нам бы хацелася на фоне нашых калегаў, нашых паплечнікаў, якія будуць граць больш акустычныя і нават фолк-металічныя рэчы, усё ж такі звярнуць увагу на фальклор, звязаны з тэхналогіямі сэнтэзатарнымі альбо сэмплернымі. Для нас гэта крыху важна таму што мы лічым, што канешне ,у фальклоры ў будучыні будзе мець развіццё ў гэтым адгалінаванні больш актыўнае – распавёў лідэр і зазнавальнік “Палацу”, родапачынальнік “Каляднага фэсту” Алег Хаменка.
Сапраўдны сюрпрыз сваім прыхільнікам на “Калядны фэст” рыхтуе гурт Irdorath – з фестывальнай сцэны ад гурта будзе аб’яўлена вельмі важная і прыемная навіна, не абыйдзецца і без прэм’ер. Вакаліст гурта Уладзімір Ірдарат запэўніў, што на фэсце гурт выканае “самае лепшае”.
“Калядны фэст – гэта ўжо традыцыйны адрыў напрыканцы года. На фестываль збіраюцца не толькі нашыя прыхільнікі, але і ўся моц нашага фолк-руху, там лунае вельмі моцная энергетыка, на фестывалі заўжды радасна і весела. Мы вельмі рады, што мы ўжо чацвёрты год запар уваходзім у залаты склад гэтага фестывалю”, – распавёў вакаліст гурта.
“Мы вельмі любім гэты фестываль. Гэта выдатнае мерапрыемства. Мы на ім гралі яшчэ ў тыя часы, калі былі Litvintroll, а першы выступ Trollwald адбыўся менавіта на “Калядным фэсце”. Вельмі душэўны фестываль – адзначыў вакаліст гурта Trollwald (ex-Litvintroll) Андрэй Апановіч.
Лідэр гурта Znich Алесь Таболіч распавёў, што сёлета “мы зробім нешта такое, чаго не было ў мінулым годзе”. Музыка распавёў, што гурт пачне свой выступ з народнай песні “Каляда калядзец”.
“Гэта адзін з наймацнейшых зімовых фестываляў. Я яго параўноўваю з “Купальскім колам”, на які таксама збіраецца шмат прадстаўнікоў альтэрнатыўнай, фолькавай і металічнай тусоўкі і які таксама прысвечаны дню сонцастаяння”, – сказаў Таболіч.
Лідэр гурта Znich высказаў здагадку, што людзі любяць наведваць і “Калядны фэст”, і “Купальскае кола” менавіта там што дух продкаў, народныя святы з казой і народнымі песнямі блізкія беларусам па духу, а гэтага не знойдзеш на іншых фестывалях.
Удзельнікі калектыву “Гістрыён” адзначылі, што “Калядны фэст” для ніх заўжды карнавал і магчымасць як след павесяліцца і прыдумаць нешта незвычайнае.
“Ужо дргі год запар мы рыхтуем для фэста невялікія тэатральныя замалёўкі, якія будзем паказваць у перапынках паміж выступленняў гуртоў. Замалёўкі гэтыя на калядную тэматыку – летась нашыя калядоўшчыкі згубілі і знайшлі казу, а сёлета мы ўзгадаем каляднае паданне пра цмока і сонца. Думаю, сюрпрызам стануць нашыя персанажы, але гэта пакуль сюрпрыз”, – распавялі ўдзельнікі калектыву.
Музыкі з гурта Vuraj распавялі, што падчас мерапрыемства зробяць акцэнт на калядных песнях, зайграюць песні “Святы вечар”, “Шчодры вячор”, а таксама развучаць адну з калядных песень разам з усімі наведвальнікамі фэсту і заспяваюць разам з імі. “Гэта добрая нагода – зрабіць такое свята, прысвечанае калядам”, – адзначылі музыкі.
“Калядны фэст-2016” адбудзецца 25 снежня ў сталічным клубе Re: Public, пачатак у 17:30; кошт квіткоў складае 25 рублёў папярэдне, 30 – у дзень канцэрту.