Калядны гайд: як і навошта святкаваць Каляды

Па традыцыі, што ўтварылася ў савецкі час, Новы Год у Беларусі для нерэлігійных людзей — большае за Каляды свята. Эмігранты наракаюць, што ў заходніх краінах іх не віншуюць Дзед Мароз са Снягуркай. Дык усё ж Новы Год ці Каляды (і ці трэба рабіць такі выбар)? Чаму памірае Каза? Навошта цягнуць каляду на дуб? Адказы на гэтыя пытанні і яшчэ шмат цікавостак шукайце ў нашым калядным гайдзе.

У межах святочнай інфармацыйнай кампаніі «Гонар упрыгожвае» распавядаем пра ўнікальныя беларускія традыцыі святкавання Калядаў і Новага года.


Упрыгожаная ялінкаУпрыгожаная ялінка. Фота Алены Ляшкевіч

Святкаванне Новага Года ў тым выглядзе, да якога, бадай, звыклася большасць беларусаў (ялінка, Дзед Мароз са Снягурачкай, шампанскае, салат «Аліўе», прамова кіраўніка дзяржавы) сфармавалася ў савецкі час. Калядную ялінку камуністычная ўлада спачатку забараніла як «буржуазны перажытак», а ў 1930-х гг. дазволіла і нават прапагандавала, але ўжо як частку рытуалу савецкага Новага Года. Вянчала дрэўца, канечне, пяціканцовая чырвоная зорка. Новае свята было патрэбна, каб аб’яднаць шматнацыянальнае і шматканфесійнае насельніцтва СССР, дзе, нагадаем, вялася актыўная барацьба з рэлігіяй.

Ялінку пачалі ставіць зусім нядаўна?

У дасавецкі час ялінка з’яўлялася ў заможных альбо гарадскіх сем’ях, а таксама ў грамадскай прасторы. У міжваенны час у Заходняй Беларусі калядныя ялінкі стаялі ў дзяржаўных (польскіх) школах і толькі пачыналі ўваходзіць у сялянскі побыт.

Ёлка, упрыгожаная на Стрэчанне (Грамніцы) у в. Новае ПалессеЁлка, упрыгожаная на Стрэчанне (Грамніцы) у в. Новае Палессе, Лельчыцкі р. 15 лютага 2018 г. Фота Алены Ляшкевіч

Ва Усходнім Палессі ўпрыгожвалі ялінку на Каляды і вясновыя святы (Грамніцы, Масленіцу, Юр’я), але яна выконвала функцыі не хатняга дэкору, а абрадавага атрыбута (з ёй абыходзілі двары альбо вадзілі карагоды). Вось расповед з в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага раёна: «На Шчодрыкі ёлачку маленькую бралі і ўкрашалі яе: з бумагі такія ланцужкі дзелалі, кветачкі навязвалі. Хадзілі з ёлкаю па хатах шчадраваць».

У сімволіцы ўпрыгожанага дрэўца даследчыца Таццяна Агапкіна адзначае адсылкі да сусветнага і райскага дрэва, усё, што адбываецца вакол яго — нібы адбываецца ў цэнтры Сусвету і на яго пачатку (Каляды і вясновыя святы пазначаюць навалецце).

Галоўным у калядным (і велікодным) інтэр’еры было саламянае аб’ёмнае ўпрыгожанне — павук. Яго вешалі на покуці над сталом. Павук мог быць шарападобным (нагадваў сонца) — такога можна зрабіць, напрыклад, з бульбіны, утыркнуўшы ў яе саломінкі. Бадай, шырэй вядомыя рамбічныя і зоркападобныя павукі. Такі саламяны выраб увасабляў дасканалы сусвет і павінен быў спрыяць дабрабыту ў хаце.

Siamia-kaliady.jpgСям'я святкуе Каляды. Малюнак Андруся Такінданга

Выцінанка сёння асацыюецца з Калядамі дзякуючы сняжынкам на вокнах, якія, бадай, сталі выразаць ужо ў савецкі час. Але традыцыйна сялянскую хату выцінанкі таксама аздаблялі: выразалі фіранкі на вокны і абразы, карункі на палічкі, дзверы. Лагічна, што да святаў гэтыя ўпрыгожанні абнаўлялі. Таму выразанне аздобаў у сямейным ці сяброўскім коле — вельмі добрая ідэя.

А як жа Дзед Мароз са Снягуркай? Хіба гэта не старажытныя фальклорныя персанажы?

Персанажы Дзед Мароз і Снягурка, з якімі мы звыкліся, былі папулярызаваныя ў савецкі час. Карані вобразу Дзеда Мароза варта шукаць у народнай казцы «Марозка» і рускіх літаратурных казках — «Мороз Иванович» Уладзіміра Адоеўскага і «Мороз, красный нос» Мікалая Някрасава. На тэрыторыі Беларусі запісаны варыянты казкі «Марозка», але персанаж адтуль не «ажыў» і не прыносіў сялянскім дзецям падарункі. У беларускіх калядных традыцыях мароз не набыў персаніфікаванай формы. Да яго звярталіся падчас каляднага застолля — Мароз-мароз, хадзі куццю есці! А ўлетку не бывай, пасеваў не марозь... — але гэта зварот да стыхіі.

Святкаванне Новага года, 1930-я, архіўнае фотаСвяты Мікалай у дзіцячым садку ў Гродне, 1930-я гг. Фота з архіву Руслана Кулевіча

На тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час праз дзяржаўныя польскія ўстановы адукацыі папулярызаваўся вобраз святога Мікалая як надаўцы калядных падарункаў. У беларускіх сялян святы Мікола лічыўся абаронцам «ад усяго», да яго маліліся ў розных справах, аднак яго вобраз не звязваўся з Калядамі.

Персанаж Дзед Мароз у традыцыйным калядным гурце в. ДзятлавічыПерсанаж Дзед Мароз у традыцыйным калядным гурце в. Дзятлавічы, Лунінецкі р. 13 студзеня 2014 г. Фота Алены Ляшкевіч

У савецкі час персанаж Дзед Мароз пачаў з’яўляцца ў гуртах каляднікаў.

Карані вобразу савецкай Снягуркі варта шукаць у аднайменнай п’есе Мікалая Астроўскага. У савецкі час дзяўчынка зрабілася пасярэдніцай між дзецьмі і Дзедам Марозам, якога яны маглі баяцца.

Ва Украіне цяпер можна назіраць тэндэнцыю замяніць «савецкага» Дзеда Мароза на «больш правільнага» Святога Мікалая. У культуры іншых еўрапейскіх краін падарункі дзецям на Каляды прыносяць розныя персанажы (напрыклад, дзіцятка Ісус ці калядная зорка).

У беларускай традыцыйнай культуры такога персанажа проста не паспела з’явіцца, бо традыцыя дараваць падарункі на Каляды — адносна новая. У нас надаўцамі сімвалічнага дабрабыту лічыліся каляднікі, якіх за гэта адорвалі гаспадары. Пра калядаванне — наш наступны вялікі матэрыял. Сачыце за навінамі!

Ялінка ў інтэр’еры хаты ў в. Перасудавічы, Бярозаўскі р. 13 студзеня 2015 г. Ялінка ў інтэр’еры хаты ў в. Перасудавічы, Бярозаўскі р. 13 студзеня 2015 г. Фота Алены Ляшкевіч

Калі адзначаць Каляды

Першапачатковы, дахрысціянскі сэнс Калядаў — адзначыць зімовы сонцаварот. Сканчваецца самы кароткі дзень года і самая доўгая ноч, «Сонца паварочваецца на лета» — дзень пачынае прыбываць. У 2023 г. гэта здарыцца 21 снежня, а ў 2024 г. — 20 снежня. Таму ёсць думка, што Каляды трэба святкаваць «па сонцы», то-бок увечары самага кароткага дня года. Адна з інтэрпрэтацый «смерці» Казы ў гурце каляднікаў, калі яна падае, просячы пачастунку ад гаспадароў, — абыгрыванне «памірання» старога сонечнага года і «нараджэння» новага. Але пра калядаванне — наш наступны вялікі матэрыял.

У беларускім традыцыйным календары ў залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці тых, хто адзначае, Каляды прыпадаюць на наступныя даты:

  • Раство 25 снежня (католікі) / 7 студзеня (праваслаўныя);
  • Новы год 1 студзеня (католікі) / «стары Новы год» 14 студзеня (праваслаўныя);
  • Тры каралі 6 студзеня (католікі) / Вадохрышча 19 студзеня (праваслаўныя);
  • 21 студзеня ў некаторых мясцовасцях адбываецца зацягванне каляды на дуб (пра гэта ніжэй).
  • Праваслаўныя спраўлялі тры куцці (застоллі) напярэдадні кожнага з гэтых святаў, а католікі — вігілію 24 снежня.

Значэнне слоў «Каляды» і «каляда»

Слова Каляды пазначае ўвесь святочны перыяд ці, у некаторых лакальных традыцыях, Раство альбо Новы Год. Паходзіць ад лацінскага calendae — «першы дзень месяца».

Каляда — гаршчок з куццёй у сене у в. Восава, Салігорскі р. 13 студзеня 2013 г. Каляда — гаршчок з куццёй у сене у в. Восава, Салігорскі р. 13 студзеня 2013 г. Фота Алены Ляшкевіч

Слова каляда ў адзіночным ліку сустракаецца ў значэннях:

  • каляднае застолле (па ўсёй Беларусі), 
  • куцця (абрадавая каша),
  • рэшата з сенам, куццёй і хлебам (Капыльскі р.),
  • сена, што кладуць на кут і падсцілаюць пад абрус падчас каляднага застолля,
  • калядны абыход,
  • гурт каляднікаў (Віцебшчына),
  • дары каляднікам ад гаспадароў,
  • атрыбуты калядавання (зорка ці іншыя) — на Палессі,
  • ахвяраванні на касцёл (Заходняя Беларусь),
  • персаніфікацыя свята (у песнях па ўсёй Беларусі),
  • сноп, што стаяў на покуці ў святочны перыяд (памежжа Міншчыны і Магілёўшчыны; на Брэстчыне казалі таксама квітка, цвіток з колоскуў).

Святочнае застолле

Стол на Каляды павінны быць багатым. Першая і трэцяя куцця ў праваслаўных, вігілія ў католікаў традыцыйна былі поснымі.

Kuccia.jpgГаршчок з куццёй. Малюнак Андруся Такінданга

З 25 снежня ў католікаў дазвалялася мясная ежа. Другая куцця ў праваслаўных таксама была з прадуктамі жывёльнага паходжання. Таму яна мела характэрныя мясцовыя назвы:

• Мінская вобл.: багатая куцьця, другая/втарая куцьця, жырна куцьця, багатая каляда;
• Гомельская вобл.: Шчадруха, Шчодры веча(-о)р, Шча(-о)дрэц, Шчодрык(і), багатая/богата/скаромная куц(-ь)ця/куц’я/кутя/каляда, втарая/другая куцьця;
• Брэсцкая вобл.: богата ко́леда/куцця, Шчодрэц, Шчодры, Шчэдры, Гутуха, свічкі;
• Гродзенская вобл.: Васілёва куцця, багатая каляда, шчадруха, шчодра, каралёва куцця;
• Віцебская вобл.: тоўстая куцця, багатая каля(-і)да;
• Магілёўская вобл.: сярэдняя каляда.

Пералік страў, якія траплялі на калядны стол беларускіх сялян, можа быць бясконцым. Найбольш характэрная калядная ежа — куцця. Гэта каша, найчасцей з ячных круп. Сёння яе ўсё часцей гатуюць з рысу. На посныя калядныя вячэры куццю прыпраўлялі мёдам, макам (сёння дадаюць разынкі, сухафрукты), а на багатую каляду — маслам, шкваркамі, кавалачкамі мяса.

Багатая куцця ў Давыд-ГарадкуБагатая куцця ў Давыд-Гарадку, Столінскі р. 13 студзеня 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч.

Даследчыкі адзначаюць памінальную сімволіку куцці. Яе гатавалі таксама на памінкі па памерлых і на Дзяды. Таму калядная вячэра мае яшчэ і функцыю памінання продкаў.

Калядныя ігрышчы моладзі

На Каляды забаранялася працаваць. Можна было выконваць толькі самыя неабходныя ў гаспадарцы работы: згатаваць ежу, пакарміць свойскіх жывёл.

Што ж заставалася рабіць? Канечне, святкаваць і весяліцца! Старэйшае пакаленне бавілася застоллямі, а моладзь збіралася на танцы. У некаторых мясцовасцях на Каляды адбываліся не проста танцы, а рытуальныя ігрышчы са сваім сюжэтам і драматургіяй.

Самая вядомае з такіх абрадавых гульняў — Жаніцьба Цярэшкі, характэрная для Паўночнай Беларусі. Ва ўсходняй частцы краіны гулялі кашу, гулялі аладкі, праводзілі Жаніцьбу Бахара. Для Цэнтральнай Беларусі характэрна на Каляды гуляць ката ці пячы ката.

Варожбы

Адным з элементаў традыцыйных Калядаў былі варожбы.

4 2013-01-13-Vosava_А. Ляшкевіч_З. Траскоўскі_IMG_1720.JPGВаражба на ўраджай у в. Восава, Салігорскі р. 13 студзеня 2013 г. Фота Алены Ляшкевіч

Старэйшае пакаленне цікавілі пытанні пра гаспадарку (ці ўраджайны будзе год) і ўласнае жыццё/смерць.
Моладзь жа варажыла на шлюб.

Насуперак стэрэатыпам, у Беларусі варажылі і хлопцы, і дзяўчаты, хаця дзявочых варожбаў запісана непараўнальна больш. Можна ставіцца да гэтага сур’ёзна, а можна — як да забавы на вечарыне. Кожны вырашае сам.

Varazba-kaliady.jpgВаражба. Малюнак Андруся Такінданга

Вось некалькі хлапечых варожбаў (гэтак жа маглі варажыць і дзяўчаты):

● Магчымасць пабачыць лёс у сне: У нас кралі падушкі хлопцы ў дзеўкі. Кажуць, еслі паспіш на той падушцы, то сасніш, на ком жэнішся.
● Парны/няпарны: Хлопцы і дзяўчаты ходзяць да агароджы і абхопліваюць плот рукамі. Калі ў абхваце атрымаецца парны лік — хутка вяселле, няпарны — не хутка.
● Варажба з прадметамі: Хлопцы возьмуць чатыры шапкі, паложаць на лаву ў рад і пад адну шапку паложаць зеркала, пад другую — кусочак хлеба, пад трэцюю — ляльку скруцяць, а чацвёртая — пустая, і хто што выцягне. Калі пуста пад шапкай — гэты год ні жэніцца; каторы зеркала — ой фарсіста <жонка> будзе; а хлеб — так багатую возьме; а лялька — то з дзіцям возьме.
● Пад вокнамі: На першую куццю пасля вячэры хлопцы падслухоўваюць пад вокнамі, што там гамоняць, і па той гаворцы мяркуюць, ці кахаюць іх дзеўкі ці не. Часамі таксама робяць і дзеўкі... Дзяўчаты прыслухоўваліся, ці кажуць нешта накшталт «Ідзі!» (гэта прадказвала хуткае замужжа), ці «Пасядзі!» (гэта значыла, што ў бліжэйшы год не варта разлічваць выйсці замуж). Часам гаспадары, зачуўшы, што нехта слухае пад вокнамі, адмыслова мянялі тэму гутаркі.
● З якога боку возьме жонку: Жадаючы даведацца, з якога боку будзе нявеста, хлопец уласнаруч пячэ блін, пакрывае ім галаву і адпраўляецца на перакрыжаванне: у якім баку забрэшуць сабакі — адтуль будзе нявеста. Калі варажба задавальняе, хлопец кідае блін у бок сабачага брэху, у адваротным выпадку ён ці кідае ў супрацьлеглы бок, ці нясе дадому. Дзяўчаты таксама выпякалі бліны і давалі іх сабаку. Лічылася, у якой паслядоўнасці жывёла іх з’есць, у такой і дзяўчаты, што пяклі бліны, выйдуць замуж.

Завяршэнне Калядаў

Каляды, як любое іншае свята, сустракалі, святкавалі і праваджалі. На большай частцы Беларусі святочны перыяд заканчваўся Вадохрышчам, але ў некаторых лакальных традыцыях цягнуўся яшчэ 1–2 дні і мог завяршацца спецыяльнымі праводнымі абрадамі.

На мяжы Магілёўскай і Мінскай абласцей (Клічаўскі, Бярэзінскі, Чэрвеньскі, Асіповіцкі раёны) казалі «Цягнуць каляду на дуб» і праводзілі абрад, у большасці выпадкаў, 21 студзеня. У якасці каляды на дрэва маглі зацягваць кола, барану, калоду, гаршчок з куццёй, ступу, рэшткі накалядаваных пачастункаў, снапок жыта (часам «апрануты» як жанчына, у спадніцу, фартушок і хустку).

10 2013-01-21_Noviny_0060_А.Ляшкевіч.JPGПадрыхтоўка каляды да зацягвання на дуб, в. Новіны, Бярэзінскі р. 21 студзеня 2013 г. Фота Алены Ляшкевіч

Завяршэнне Калядаў можа стаць нагодай для цікавай і нетыповай імпрэзы ў коле сям’і, сяброў ці аднадумцаў.

Ахвочым даведацца больш пра Каляды аўтарка рэкамендуе сваю навукова-папулярную лекцыю:

Алена Ляшкевіч, budzma.org
Малюнкі Андруся Такінданга

Чытайце яшчэ:

Што гатавалі нашыя продкі на калядны стол? Традыцыйныя калядныя рэцэпты ад «Будзьма»