Каляндар. 15 снежня 1862 г. пачалася эксплуатацыя першай у Беларусі чыгункі

15.12.2021 Каляндар

15 снежня1862 г. пачалася эксплуатацыя першай чыгункі на тэрыторыі Беларусі. Яна звязала Гродна з Парэччам і была часткаю Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.


вакзал.jpg
Вакзал у Гродна, 19 ст.

У другой палове XIX стагоддзя беларускія землі сталі аднымі з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Расійскай імперыі. Да 1880 гадоў было здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тысячы кіламетраў чыгуначных ліній, на пачатку ХХ стагоддзя зрабілі яшчэ каля 1 тысячы кіламетраў. У 1913 годзе даўжыня чыгуначнай сеткі перавышала 3,8 тысяч кіламетраў. Паскоранае будаўніцтва чыгунак было абумоўлена эканамічнымі і ваенна-палітычнымі інтарэсамі Расійскай імперыі ў перыяд яе капіталістычнага развіцця.

Першай беларускай чыгуначнай лініяй стала Парэчча — Гродна, адлегласць склала 30 км і далей да сучаснай граніцы з Польшчай. Яна пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 года як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

Будаўніцтва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і двувосевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю да 16 тон.

У часы Другой сусветнай вайны, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваеннай тэхнікі акупантаў на лінію фронту, партызаны вялі на чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, так званую «рэйкаваю вайну». Акупанты ў час адступлення знішчалі чыгуначнае палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваенны перыяд беларуская чыгунка была адноўлена да 1950 года. З 1963 года распачалася электрыфікацыя чыгункі. Зараз агульная эксплуатацыйная даўжыня беларускай чыгункі складае 5479 кіламетраў.

АМ, budzma.org