Каляндар. 18 снежня 1917 г. пачаўся Першы Усебеларускі з’езд.

Прадстаўнічы сход беларускага народа быў скліканы Вялікай беларускай радай. Пачаўся з 18 снежня 1917 года ў Мінску. З’езд сабраў шмат беларускіх палітычных дзеячаў ад усіх населеных беларусамі губерняў.


300px-Miensk,_Novaje_Miesta,_Kupałaŭski._Менск,_Новае_Места,_Купалаўскі_(1903-17).jpg
Будынак Мінскага гарадскога тэатра, у якім адбываўся І Усебеларускі з’езд

Пра намер яго правядзення было заяўлена прадстаўнікамі беларускіх рухаў на нарадзе ў Маскве ў верасні 1917 года. У першай палове лістапада ад імя Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай Беларускай ваеннай рады, Беларускага выканкама Заходняга фронту быў апублікаваны заклік «Да ўсяго народа беларускага». У ім прапаноўвалася правесці пачынаючы з 18 снежня 1917 года ў Мінску «Усебеларускі з’езд». Да 14 снежня было зарэгістравана каля 1800 дэлегатаў. На першым пасяджэнні Усебеларускага з’езда прысутнічалі 1872 дэлегаты, з іх 1167 з правам вырашальнага голасу, якія прадстаўлялі практычна ўсе пласты беларускага насельніцтва.

З’езд прызнаў права беларускага народа на самавызначэнне і дэмакратычную форму праўлення. Падчас яго правядзення выявіліся сур’ёзныя разыходжанні ў палітычных поглядах яго ўдзельнікаў, у прыватнасці сябраў Беларускай сацыялістычнай грамады і прадстаўнікоў пераважна ўсходніх абласцей Беларусі. Так, калі першыя выступалі за шырокую аўтаномію і нават незалежнасць, другія прытрымліваліся курсу на захаванне саюза з Расіяй.

Істотнымі былі разыходжанні і ў плане далейшага беларускага палітычнага ладу. Частка дэлегатаў выступала за буржуазны шлях развіцця. Большасць жа дэпутатаў прытрымлівалася левых поглядаў, ад левацэнтрысцкіх да сацыялістычных. Частка дэлегатаў прыехала на з’езд ад прарасійскіх партый, якія незадоўга да таго планавалі альтэрнатыўны прасавецкі з’езд, але затым пайшлі на пагадненне з Першым Усебеларускім з’ездам. На з’ездзе дэлегаты склалі рэзалюцыю з 15 пунктаў.

Дэлегаты паспелі аднагалосна прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі. У ноч з 17 на 18 снежня 1917 года будынак, у якім праходзіла пасяджэнне Першага Усебеларускага з’езда, быў акружаны бальшавікамі. У залу, дзе засядалі дэлегаты, зайшоў камісар унутраных спраў Заходняй вобласці Людвіг Рэзаўскі, які кіраваў разгонам, і разам з кіраўніком горада і гарнізона Мікалаем Крывашэіным, які з’явіўся на з’езд п’яным, паведамілі, што з’езд распушчаны, а Прэзідыум арыштаваны.

У зале пачалася пабудова барыкад, кулачныя баі. Аднак нягледзячы на гэта, 27 сябраў Прэзідыума былі арыштаваныя, у тым ліку Іван Серада, накіраваны ў Савет народных Камісараў Заходняй вобласці, дэлегаты з’езда былі разагнаныя. Савет з’езда нелегальна сабраўся на наступны дзень. Асноўнай прычынай разгону з’езда стала нежаданне Саўнаркама Заходняй вобласці і аблвыканкама дзяліцца ўладай.

АМ, budzma.org