Каляндар. 26 студзеня

26.01.2009 Каляндар

У гэты дзень адбылася бітва на рацэ Уле, падпісаны пакт Гітлера-Пілсудскага, беларуская мова абвешчаная дзяржаўнай, памерлі Алесь Адамовіч і Уладзімір Мулявін…

1564: адбылася бітва на рацэ Уле

Пасля захопу Полацка Іван Жахлівы марыў ужо пра ўсю Літву. У пачатку 1564 года дзве раці рушылі ў паход. Першую, у 20 тысяч ваяроў, якая выйшла з Полацка, узначаліў князь Пётр Шуйскі, любімец цара за перамогі ў Лівоніі. А другая (50-тысячная) раць на чале з князем Пятром Сярэбраным выступіла з Вязьмы. Каля Воршы на Друцкіх палях яны павінны былі злучыцца, а пасля ісці на Менск, Наваградак і Вільню.

26 студзеня каля рэчкі Вула Мікалай Руды з атрадам ліцьвінскай шляхты разбіў войска Пятра Шуйскага. Расійскія крыніцы сведчаць, што ліцьвіны напалі “безвестно” на маскавітаў, якія не сцерагліся, даспехі свае і ўсялякі рыштунак везлі на санях. І, маўляў, удар ліцьвінаў быў настолькі нечаканы, што царскія ваяводы не толькі не паспелі палкі паставіць, але і даспехі надзець. Быццам і не адбылося чэснай сечы, а ліцьвіны пасеклі бяззбройных людзей. Аднак самі ўдзельнікі гэтай бітвы кажуць зусім інакш. Даведаўшыся аб варожай раці, Мікалай Радзівіл з шасцітысячным войскам пайшоў насустрач ворагу. Імклівым маршам ліцьвіны дасягнулі рэчкі Вулы, дзе іх ужо чакаў вораг. Па дарозе ад конніцы адстала пяхота. Давялося пакінуць і гарматы. Упэўнены ў лёгкай перамозе, Шуйскі даў магчымасць ліцьвінам выйсці з лесу і пастроіцца. Почты чэрскага старосты Зяновіча, князя Саламярэцкага і наваградскага ваяводзіча Мікалая Сапегі стрымалі першы ўдар. Радзівіл умелымі манеўрамі і своечасовымі падмацаваннямі не даваў магчымасці маскавітам дамагчыся перавагі ні на адным з участкаў бітвы. Доўгі час чаша вагаў хісталася, то адступалі ліцьвіны, то пад іх ударамі адступалі маскавіты. Вырашальным у гэтай бітве стала не зброя і не колькасць ваяроў, а прысутнасць духу і мужнасць. Ліцьвіны, як пісаў кардынал Камендоне, “мужнасцю сваёй збілі непрыяцеля з месца, чым аднялі ў іх магчымасць страляць”. І калі ноч апусцілася на зямлю, маскавіты, хаваючыся ў цемры, кінуліся наўцёкі. Прыклад паказаў сам Шуйскі, які так і не выратаваўся. Параненага ваяводу засек сякерай нейкі селянін. За сваім ваяводам з поля сечы ўцякло і войска.

Такім чынам перамогу каля Ўлы ліцьвіны здабылі сваёй мужнасцю і крывёй у жорсткай сечы, а не дзякуючы хітрасці і раптоўнаму нападу. Сам Мікалай Радзівіл так апісваў бітву ў лісце да Чорнага:

“Справа ж пачалася з таго, што маскоўскі гаспадар, выправіўшы пасольства да нашага ўсяміласцівейшага гаспадара, караля польскага, пажадаў ваяваць у землях яго панства і спустошыць іх мячом і агнём.

І вось даў ён свайму ваяводзе Шуйскаму (знатнаму маскоўскаму князю, які быў віноўнікам усіх бед Ліфляндыі) даволі вялікую дапамогу з Смаленска і з Пскоўскай, Ноўгарадскай, Таропецкай і Луцкай абласцей дзеля таго, каб гэтыя раці злучыліся каля Воршы. Шуйскі выступіў з Полацка ў нядзелю 23 студзеня. Пра гэта я атрымаў вестку. Даведаўся і пра тое, што ён пойдзе да Вулы.

У гэты час я з маім войскам стаяў каля Лукомля, літоўскага горада, які знаходзіцца непадалёк ад Полацка і на адлегласці сямі міль ад Вулы. І хаця, у параўнанні з непрыяцелем, я быў слабым, але сорам і ганьба, што выпалі мне і ўсяму нашаму народу і нашаму імю захопам у нас горада і вобласці Полацкай, заахвоцілі мяне выступіць супраць ворага і паблізу самой Вулы сустрэцца з ім тварам у твар, што і адбылося ў сераду 26 студзеня і адбылося так:

Калі згаданы ваявода са сваім войскам выйшаў з лесу ў поле, што ляжала каля Вулы, я з другога боку, з Лукаўскага лесу, выйшаў на тое ж поле. Дарэчы, ён перада мною і маім войскам меў значную перавагу не толькі ў занятай пазіцыі, але і ва ўсіх іншых адносінах, чым і скарыстаўся. Калі ж я выступіў з лесу, уведамлёны аб усім маімі віжамі, дык ён, ведаючы аб маім прыходзе, чакаў мяне на палове поля, а другую палову аддаў (ды ўзнагародзіць яго Бог) мне і майму войску. Стаяў ён спакойна і ў баявым шыхце, не кранаўся з месца, пакуль я не пастроіў сваё войска і не зрабіў належныя загады. Пасля, даручыўшы сябе і войска ўсемагутнаму Богу і з цвёрдай надзеяй на яго, пачаў я бітву. Скажу, што вораг разбіты мною дазвання. Так што, самаго ваяводу і яго войска я праследаваў цэлых пяць міль і што ўся гэтая прастора была завалена целамі забітых, якія ляжалі адзін каля аднаго. Мы думаем загінула дзевяць тысяч чалавек. Сам ваявода, убачыўшы паразу перадавога палка, пабег да Полацка. Маскоўскія палонныя паведамляюць, што іх войска было да 20 000; аднак я, як чалавек, які неаднойчы рабіў падобныя назіранні, думаю, што іх стаяла на чале 17 000 або 18 000. Адным словам, па дабраце і міласэрнасці Ўсявышняга Шуйскі пераможаны мною і, ратуючыся ўцёкамі, пакінуў на полі сечы ўвесь свой абоз у пяць тысяч вазоў… Сярод нашых забіта не больш за 20 чалавек, але паранены ад шасці да сямі рот. У роце князя Саламярэцкага амаль усе параненыя, тое самае і ў роце Зяновіча, і сам ён паранены ў галаву.

Вось, міласцівы пане, як усё гэта здарылася з Боскай дапамогай і дзякуючы ўдзелу пана Хадкевіча. Ды і я са свайго боку зрабіў усё магчымае…”.

Перамога мела важнае значэнне для Літвы. Князь Сярэбраны, даведаўшыся пра паразу Шуйскага, пачаў адступаць са сваім войскам да Смаленска. Маскавіты былі настолькі напалоханыя, што невялікі атрад Філона Кміты і амсціслаўскага ваяводы Юрыя Осціка, які праследаваў іх, прынялі за ліцьвінскае войска. Увесь абоз у 25 тысяч вазоў з харчам і зброяй уцекачы пакінулі на Смаленскай дарозе. Шматтысячная раць, якая збіралася здабыць цару Літву, ператварылася ў натоўп баязлівых людзей, якія без аглядкі ўцякалі ад купкі смельчакоў. Вера ў непераможнасць сваіх палкоў пакінула Івана Жахлівага. Цару ўжо мроіліся баярскія змовы супраць яго асобы. І паляцелі галовы вінаватых і невінаватых. У жаху з Масковіі пабеглі ратавацца віднейшыя людзі і сярод іх улюбёнец цара князь Андрэй Курбскі.

(Крыніца: Вітаўт Чаропка – “Уладары Вялікага Княства”)

1617: мінскі кашталян Пётр Тышкевіч пацвердзіў права мусульман на мячэць, пабудаваную ў Татарскай слабадзе.

1927: заснаваны Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі (з 1969 – БелНДІ земляробства і кармоў)

1934: паднісаны пакт Гітлера – Пілсудскага паміж фашысцкай Германіяй і Другой польскай рэспублікай.

1961: з’явіўся на свет Уэйн Грэцкі, знакаміты канадскі хакеіст, продкі якога паходзілі з Беларусі.

1990: Абвяшчэнне беларускай мовы дзяржаўнай.

1994: памёр Алесь Адамовіч, беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч (нар. 03.09.1927)

2003: памёр Уладзімер Мулявін, стваральнік гурта “Песняры”.

Уладзімір Георгіевіч Муляявін (нарадзіўся 12 студзеня 1941 году ў Свярдлоўску, памёр 26 студзеня 2003 году ў Маскве) — народны артыст СССР і Беларусі, музыка, заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамблю «Песняры».

Нарадзіўся 12 студзеня 1941 году ў Свярдлоўску. Бацька — працоўны заводу «Уралмаш». У дзіцячым узросце пачаў захапляцца музыкай і ў 12-ці гадовым веку пачаў граць на гітары.

У 1956 годзе — пасля школы паступіў у Свярдлоўскую музычную вучэльню, на аддзяленне струнных інструментаў. Быў выключаны з вучэльні за захапленне джазам, хутка быў прыняты назад, але кінуў вучэлню на ўласнае жаданне. У 1959 годзе ажаніўся з Л. Крамальскай. У 1958–1963 гадах працаваў музыкам у розных абласных філармоніях. У 1963 годзе быў запрошаны на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію. У 1965–1967 гадах служыў у Савецкім войску ў наваколлі Мінску. Стварыў у вайсковай частцы вакальны квартэт, прымаў удзел у арганізацыі ансамблю Беларускай вайсковай акругі.

Пасля сканчэння службы ў войску вярнуўся ў Беларускую дзяржаўную філармонію, пры якой, у 1968 годзе, быў створаны вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Лявоны». У 1970 годзе ансамбль, мастацкім кіраўніком якога быў Уладзімір Мулявін, змяніў назву на «Песняры».

За значны ўнёсак у разьвіццё беларускага эстраднага мастацтва у 2001 годзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Загінуў у выніку траўмаў, атрыманых у аўтакатастрофе 14 траўня 2002. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У гонар Уладзіміра Мулявіна названая вуліца ў Мінску (Пераназваны бульвар Луначарскага, побач з філармоніяй).