Гэты дзень у беларускай гісторыі.
1900 г.: памёр Францішак Багушэвіч, беларусі паэт
Нарадзіўся ў 1840 г. у фальварку Свіраны на Віленшчыне ў сям’і збяднелага шляхціца. Вучыўся ў Віленскай гімназіі і непрацяглы час у Пецярбургскім універсітэце.
Удзельнік паўстання 1863-1864 гг., дзе быў паранены. Каб пазбегнуць рэпрэсій, да 1884 г. жыў за межамі Беларусі.
У 1868 г. скончыў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Працаваў памочнікам справавода, судовым следчым на Украіне і Расіі.
У 1884 г. пераехаў у Вільню, працаваў адвакатам судовай палаты, вёў пераважна справы сялян і гарадской бедаты.
Апошнія гады жыцця правёў у Кушлянах (Смаргонскі раён).
У 1886-1891 гг. супрацоўнічаў з польскім часопісам “Kraj”, змяшчаючы на яго старонках допісы і артыкулы пра жыццё народа.
У 1891 г. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў зборнік вершаў “Дудка беларуская”, у 1894 г. у Познані – “Смык беларускі” (пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава). Не захаваліся падрыхаваныя ў канцы 90-х гадоў кнігі “Скрыпка беларуская” і “Беларускія апавяданні Бурачка”.