У гэты дзень нарадзіліся Міхась Лынькоў, Іван Шамякін, Апалінар Гараўскі, створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік…
1667: дзень Андрусаўскага замірэння. Яно паклала канец самай згубнай у гісторыі Беларусі вайне 1654—1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, у якой загінуў кожны другі жыхар краю. Паводле Андрусаўскага замірэння, да Расіі адышлі Смаленскае ваяводства і левабярэжная Ўкраіна з Кіевам. Так скончыўся перыяд, які ўвайшоў у гісторыю краю пад назваю “Патоп”.
1833: нарадзіўся Апалінар Гараўскі, мастак. Вучыўся ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (1850—1854), удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме, Парыжы. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу.
1899: нарадзіўся Міхась Лынькоў, беларускі савецкі літаратар.
1921: нарадзіўся Іван Шамякін, беларускі савецкі літаратар.
1925: заснаваны Бярэзінскі дзяржаўны запаведнік (з 1978 — біясферны).
Бярэзінскі біясферны запаведнік
I. Бышнёў, кандыдат біялагічных навук
Бярэзінскі запаведнік створаны 30 студзеня 1925. Асновай для яго паслужылі матэрыялы экспедыцыі, якую ўзначальваў заолаг А.В. Фядзюшын. Тэрыторыя плошчай 1200 кв. км належыць да басейну прытока Дняпра, ракі Бярэзіны і часткова да басейну ракі Эсы, прытока Ўлы, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Такім чынам, запаведнік знаходзіцца на водападзеле паміж басейнамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Праз гэтую тэрыторыю праходзіў найкарацейшы шлях вікінгаў са Скандынавіі ў Візантыю. Галоўная рака запаведніка — Бярэзіна — бярэ пачатак за 45 км ад паўночнай ускраіны запаведніка, працягласць ракі ў яго межах — 110 км. Тут Бярэзіна прымае 70 прытокаў. У даліне ракі шмат старых і заліўных азёраў. У паўднёвых межах запаведніка Бярэзіна ўтварае натуральнае пашырэнне рэчышча — самае вялікае ў запаведніку возера Палік. Усе азёры запаведніка ляжаць сярод буйных лясных масіваў і інтэнсіўна зарастаюць. Тут можна ўбачыць усе тыпы лясных балот. Нідзе ў Заходняй Еўропе няма такіх разнастайных па сваёй расліннасці балотных сістэм, якія амаль поўнасцю захавалі свой натуральны выгляд.
Працяглы рэжым аховы забяспечыў багацце запаведнай флоры. У запаведніку расце каля 800 відаў сасудзістых раслін, 216 відаў імхоў, 198 відаў лішайнікаў, 463 віды грыбоў. Запаведнік — ідэальнае месца для шмат якіх рэдкіх жывёл. Сярод пазваночных тут 52 віды млекакормячых, 230 відаў птушак, 5 відаў рэптылій і 9 відаў земнаводных. У рэках і азёрах — 34 віды рыб. У запаведніку вядуцца буры мядзведзь, рысь, воўк, выдра, бабёр, лось. З 1974 існуе статак зуброў.
Асаблівы гонар запаведніка — птушкі. Усяго іх 230 відаў з 18 атрадаў, у тым ліку 179 гнездавых, 31 пралётны, 14 залётных і 6 зімовых. Багата ў запаведніку цецеруковых птушак. Вясной на асобных такавішчах збіраецца каля двух дзесяткаў самцоў глушца і каля трох дзесяткаў цецерукоў. Мноства кармоў вызначаюць відавую разнастайнасць і вялікую колькасць драпежнікаў. Шматтысячныя чароды мігрантаў вясной і восенню знаходзяць у пойме Бярэзіны, на малых рэчках і азёрах ідэальныя ўмовы, каб адпачыць і падсілкавацца. 56 відаў птушак з 75, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, сустракаюцца якраз тут.
У 1979 г. Бярэзінскі запаведнік атрымаў статус біясфернага. У 1995 г. узнагароджаны дыпломам Савета Еўропы.