Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённешніх.
7 сакавіка
1924. Першае ўзбуйненне БССР
Яшчэ ў лютым 1919 года, літаральна праз месяц пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі, ад яе былі адарваныя этнічна беларускія землі на карысць РСФСР. Частка сяброў першага часовага ўраду, сярод якіх былі Усевалад Фальскі, Язэп Дыла і Фабіян Шантыр на знак пратэсту склалі свае паўнамоцтвы.
Але праца па вяртанні земляў у склад беларускай рэспублікі не была спыненая. Беларускія нацыянал-бальшавікі вялі няспынную працу, даводзячы уладам у Маскве пра тое, што забраныя тэрыторыі трэба вярнуць. І вось 7 сакавіка прэзідыум ЦВК СССР зацвердзіў рашэнне аб узбуйненні БССР.
А ўжо 13-16 сакавіка адбыўся 6 Надзвычайны Усебеларускі з’езд Саветаў, так званы з’езд узбуйнення БССР. На яго было запрошана 47 ганаровых гасцей з правам дарадчага голасу. Сярод іх былі Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля, Уладзімір Дубоўка.
Тэрыторыя БССР у выніку першага ўзбуйнення павялічылася да 110 584 км², а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек. 70,4% насельніцтва БССР складалі беларусы. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.
8 сакавіка
1892. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў
Будучы дзяржаўны дзеяч БССР з’явіўся на свет у вёсцы Дукарка Мінскай губерні ў простай сялянскай сям’і Бацька Чарвякова быў з людзей простых, але ўмеў чытаць і пісаць, чым зарабляў сабе на жыццё. Менавіта ён прывучыў сына да ахвоты спасцігаць новыя веды, разумеючы, што перспектывы ў жыцці адкрываюцца толькі перад адукаванымі.
Чарвякоў скончыў Віленскае народнае вучылішча, затым Віленскі настаўніцкі інстытут, пацвердзіў званне народнага настаўніка. У маладыя гады актыўна цікавіўся палітыкай.
Адзін з падпісантаў «Маніхвэсту» аб утварэнні Савецкай Беларусі. Першы старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР з 1919 па 1938 гады. Адзін з ідэйных натхняльнікаў палітыкі беларусізацыі ў 1920-я гады. Быў аўтарытэтам не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Шанаваўся нават тымі беларусамі, якія ставіліся варожа да савецкай ўлады.
Застрэліўся ў сваім кабінеце ў чэрвені 1937 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
9 сакавіка
1913. Нарадзіўся Менахем Бегін
Ураджэнец Беларусі Менахем Бегін (Мячыслаў Бягун), з’явіўся на свет у 1913 годзе ў Брэсце.
У падлеткавым узросце далучыўся да сіянісцкага руху, стаўшы яго актыўным удзельнікам. А ўжо ў сакавіку 1939 года ўзначаліў польскае аддзяленне моладзевай нацыяналістычнай арганізацыі «Бейтар».
Пасля верасня 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне беларускіх земляў у межах БССР, быў арыштаваны як нібыта брытанскі шпіён і засуджаны на 8 гадоў лагераў. Але ў 1941 годзе быў вызвалены як падданы Польшчы і далучыўся да Арміі Андэрса. А ўжо з 1943 года цалкам прысвяціў сваё жыццё змаганню за стварэнне Ізраіля. У гэты час ён ачоліў падпольную арганізацыю Іргун. У 1977-1983 гадах Менахем Бегін — прэм’ер-міністр Ізраіля. У 1978 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Аўтар некалькіх кніг успамінаў пра сваё жыццё і барацьбу за яўрэйскую дзяржаву.
10 сакавіка
1942. Нарадзіўся Міхась Ткачоў.
Нягледзячы на тое, што Ткачоў нарадзіўся ва ўсходняй Беларусі, у Мсціслаўлі, ягонае жыццё і працы былі амаль што цалкам звязаныя з заходняй часткай краіны — Гародняй і Панямоннем.
Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ Міхась Ткачоў працаваў у Інстытуце гісторыі пры Акадэміі навук БССР. А з 1978 года ва ўніверсітэце ў Гародні. Некаторы час быў рэдактарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», ініцыяваў выпуск «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».
Ткачоў займаўся вывучэннем замкаў ў Беларусі. Ладзіў раскопкі ў Міры, Любчы, Навагрудку, Крэве, Лідзе, Гродне і іншых мясцінах. Яго фундаментальныя працы «Замкі Беларусі» і «Замкі і людзі» дагэтуль не згублі сваёй актуальнасці.
Калі наступіла палітычная адліга, Міхась Ткачоў далучыўся спачатку да БНФ, а потым пайшоў да сацыял-дэмакратаў. Памёр у 1992 годзе пасля збіцця невядомымі.
11 сакавіка
1887. Нарадзіўся Алесь Гарун
Слынны беларускі паэт Аляксандр Прушынскі з’явіўся ў Мінску ў сям’і рабочых. Гарун — гэта псеўданім, які і вызначыў увесь далейшы трагічны лёс Прушынскага.
Ужо ў маладыя гады Гарун зацікавіўся палітыкай і беларушчынай. Чытаў і пісаў у «Нашу Ніву», быў блізкім да эсэраўскага падполля. У 1907 годзе, калі яму было 20 гадоў, арыштаваны і сасланы пажыццёва ў Сібір.
Працуючы на баржы ў высылцы, Гарун не кідае літаратурнай справы. Піша вершы, якія перасылае ў Вільню. Менавіта яны і склалі ягоны зборнік «Матчын дар». Праўда, зборнік гэты пабачыць свет толькі ў 1918 годзе.
Рэвалюцыі, а таксама распад Расійскай імперыі дазволілі Гаруну вярнуцца на радзіму. Але лёс яго ўжо быў вызначаны, бо ён цяжка хварэў на сухоты.
З 1917 года паэт займаўся ўжо не літаратурай, але палітыкай. Выступаў за стварэнне беларускага войска пад польскім сцягам. Быў знаёмы з Юзафам Пілсудскім. Памёр у 1920 годзе па дарозе на польскі курорт Закапанэ.
12 сакавіка
1851. Памёр Ян Баршчэўскі
Самы вядомы містык у беларускай літаратуры нарадзіўся ці то ў 1790 ці то ў 1796 годзе на Віцебшчыне ў сям’і грэка-каталіцкага святара.
Але пачыналася яго кар’ера без аніякай містыкі: навучанне ў Пецярбургу, падарожжы па даручэнні марскога ведамства ў Францыю, Брытанію, Фінляндыю. Баршчэўскі спрабаваў сябе ў паэзіі, быў знаёмы з Міцкевічам і Шаўчэнкам. Пісаў лірычныя вершы па-польску, але некалькі таксама па-беларуску:"Дзеванька", «Гарэліца», «Бунт хлопаў». Ён цікавіўся мінуўшчынай, археалогіяй і эзатэрыкай, што вылілася ў яго найбольш вядомую кнігу —"Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Апошнія гады Баршчэўскі правёў у Чуднаве на Валыні. Яго надмагільны камень быў выпадкова знойдзены толькі ў 2020 годзе — ляжаў на сялянскім падворку. Пасля гісторыі са знаходкай помнік перадалі ў мясцовую каталіцкую парафію.
13 сакавіка
1938. Русіфікацыя СССР
У гэты дзень была прынята пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Па ўсім Савецкім Саюзе было ўведзена абавязковае вывучэнне рускай мовы з першага класа.
Прыкладна з гэтага часу сфера выкарыстання беларускай мовы ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах пачала істотна звужацца. А ўжо на пачатку 1940-х гадоў у большасці гарадскіх школ беларуская мова ўжывалася толькі ў пачатковых класах.
Партыйны апарат, а таксама савецкае грамадства пачынаюць карыстацца ў справаводстве, навуцы і часткова ў культурнай сферы пераважна рускай мовай. За беларускай застаецца хіба што беларуская літаратура і культурная сфера .