1983: памерла Ларыса Геніюш, беларуская паэтка.
Ларыса Геніюш (сапраўднае імя Ларыса Антонаўна Міклашэвіч) – беларуская пісьменніца, дзеяч беларускага адраджэння.
Нарадзілася ў 1910 г. у маёнтку Жлобаўцы Гродзенскага пав. (цяпер Ваўкавыскі р-н) у шматдзетнай і заможнай сям’і. Вучылася ў польскай школе, у 1928 г. скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію, якія не змаглі пазбавіць яе выразна ўсвядомленай беларускасці. Захоплена знаёміцца з сусветнай літаратурай – польскай, скандынаўскай, англійскай класікай. Тады і пачала пісаць вершы. У 1935 г. пабралася шлюбам з Янкам Геніюшам, выпускніком Карлавага ўніверсітэту (Прага). Шлюб карэнным чынам змяніў жыццё: маладыя прыязджаюць у Зэльву. Тут Л.Геніюш пазнаёмілася з бунтарнай паэзіяй М.Танка і зборнікам Я.Купалы “Шляхам жыцця”. У 1935 г. Ларыса Геніюш нарадзіла сына, і светлашчырыя матчыны пачуцці былі занатаваныя ў патаемным сшытку.
У 1937-48 гг. жыла з сям’ёй у Празе. На новай кватэры суседкаю Геніюшаў аказалася А.Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі, чыю паэзію Л.Геніюш вельмі любіла. Ларыса Геніюш была сакратаром прэзідэнта БНР В.Захаркі, займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіву, апякунствам беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. Вершы Геніюш спрабавала пісаць яшчэ на Радзіме, але толькі ў Празе адчула магутны творчы імпульс. Друкавацца пачала ў 1939 г. у берлінскай газеце беларускай эміграцыі “Раніца”.
У 1942 г. у Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі “Ад родных ніў”. Літаратурны талент Л.Геніюш дасканаліўся імкліва. Ад часу першай публікацыі на старонках “Раніцы” да выхаду першага зборніку прайшло ўсяго 2 гады. У кнігу трапіла далёка не ўсё напісанае. “Ад родных ніў” уяўляла з сябе выбранае зычлівым да паэткі і патрабавальным да паэзіі В.Тумашам (будучым шматгадовым кіраўніком Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку). Зместам і тэматыкай кніга набліжалася да паэзіі Я.Купалы. Матывы волі і настальгіі па пакінутай Радзіме літаральна пранізваюць усе вершы.
Пайшлі рэцэнзіі, дзеячы шукалі кантактаў з вядомай паэткай. Вызначыўся ў гэтай справе колішні дыпламатычны прадстаўнік БНР у Канстанцінопалі І.Ермачэнка, які здолеў увайсці ў давер як да акупацыйных уладаў, так і да пражскіх беларусаў. З яго ініцыятывы быў створаны пражскі аддзел Беларускага Камітэта самапомачы, у якім сам ініцыятар стаў старшынёй, сакратаром быў абраны А.Бакач, а Л.Геніюш атрымала пасаду скарбніка. Янка Геніюш увайшоў у склад рэвізійнай камісіі. (Палітычныя амбіцыі І.Ермачэнкі праявяцца пазней, калі ён даможацца кіравання ўсёй Беларускай самапомаччу, стане дарадцам гаўляйтэра Кубэ, пашле Гітлеру тэлеграму, сфальсіфікаваўшы пад ёй подпісы пражскіх беларусаў…) Пасля выхаду кнігі Геніюш “Ад родных ніў”, куды ўвайшлі вершы аб перакроеным родным краі, гестапа пацікавілася – а дзе ўхвала пераможнага паходу nach Osten, чаму няма ні радка пра фюрэра? (Праз шэсць гадоў ужо МГБ папракне аўтарку ў адсутнасці савецкага патрыятызму, у ігнараванні мудрай палітыкі генералісімуса.)
“А яна, на кускі пакрамсаная, у хлуслівым чужым тумане, плугам родных сыноў неўзараная, ціха помачы просіць ў мяне…” – так напіша яна, наведаўшыся на Радзіму ў 1943 г. Навіны былі страшныя – маці загінула на высылцы ў Казахстане, бацька расстраляны бальшавікамі ў Гродна. Святара Якабсона, які хрысціў сына Юрку, расстралялі энкавэдысты на вачах прыхаджанаў.
У Зэльве да Л.Геніюш завітаў беларускі хор з Беластока, зайшлі па духовую падтрымку. Л.Богуш прыгадваў потым: “Праз вусны яе недзе аж з глыбіні сэрца падаюць шчырыя словы падзякі за тое, што мы завіталі з песняй і танцамі ў гэты куток беларускай зямлі, дзе яна спаткала нас, як маці спатыкае сваіх дзяцей, якіх даўно не бачыла…”. А “маці” не споўнілася яшчэ і 33, некаторыя харысты былі нашмат старэйшыя… На развітанне госці грымнулі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. (Праз 30 гадоў у Зэльву прыедзе іншы беларускі хор, савецкі, са сталіцы, і Л.Геніюш не знойдзе, каму падараваць букет півоняў, – ніводзін артыст не ўмецьме размаўляць па-беларуску!..)
Па вяртанні ў Прагу спакайней на сэрцы не стала. Памёр прэзідэнт БНР В.Захарка. Трэба было думаць пра ўшанаванне яго памяці, парадкаваць бэнээраўскія архівы. Тым часам пасля Сталінградскай бітвы немцы пераглядзелі сваю палітыку на акупаваных абшарах, дазвалялі стварэнне нацыянальных вайсковых фармаванняў. 27 чэрвеня 1944 г. у Мінску быў праведзены 2-гі Усебеларускі Кангрэс. (Непрыхаванае іранічнае стаўленне Л.Геніюш да БЦР і яе кіраўніка Р.Астроўскага знайшло пазней сваё адлюстраванне на старонках “Споведзі”.)
Яе тагачасная творчасць адлюстравана ў рукапісным зборніку 1945-47 гг., які паэтка паспела перад арыштам перадаць у верныя рукі. Яе высакадумны паэтычны малебен звернуты да ўсвятарненай Бацькаўшчыны і Бога. (Сёння зберагаецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане, дзе быў выдадзены ў 1992 г. пад назвай “Вершы”. Англамоўную прадмову да яго напісаў прафесар Лонданскага ўніверсітэту А.Макмілан.)
У 1948 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі арыштаваныя, знаходзіліся ў турмах Чэхаславакіі, Львова, з канца 1948 г. у турме Мінску. Дапытваў паэтку сам Цанава – міністр дзяржбяспекі БССР. На прапанову Л.Геніюш гаварыць да яе па-беларуску, як і належыць беларускаму міністру, пагражаў катаваннямі. У 1949 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі асуджаны на 25 гадоў кожны. Пакаранне Л.Геніюш адбывала ў лагерах Комі АССР і Мардоўскай АССР, дзе станавіла сабой прыклад фенаменальнай духовай трывушчасці, яднала вакол сябе беларусаў. Яе шчырае і мужнае паэтычнае слова дапамагала суайчыннікам выжыць у нялюдскіх умовах. Сярод вязняў яе клікалі Маці, вершы яе называлі “глюкозай”, іх завучвалі на памяць, як малітвы. Сем гадоў яе рукі знясільваліся ад кіркі і рыдлёўкі, а дух заставаўся нязломным. Падпольна пісала вершы. Тым часам працягвалася замоўчванне яе імя і лёсу. У альманаху твораў беларускіх эміграцыйных пісьменнікаў “Ля чужых берагоў” (Мюнхен, 1955) вершы Л.Геніюш былі змешчаныя ў адным раздзеле з творамі паэтаў, якія лічыліся памерлымі.
У 1956 г. Геніюшы былі вызвалены і вярнуліся на Беларусь. Яны дажывуць у Зэльве свой век з пазнакай у пашпарце “без грамадзянства”, штораз на просьбу аб рэабілітацыі іх чакала катэгарычная адмова. 27 гадоў зэльвенскага жыцця Л.Геніюш праходзілі пад наглядам КДБ.
Выпускніку медыцынскага факультэта Карлавага ўніверсітэту Янку Геніюшу было дазволена падпрацоўваць у раённай паліклініцы, паэтцы на кароткі час дазволілі зарабляць швабрай і венікам. Потым і гэтай магчымасці пазбавілі. У 1979 г. памёр Янка, Ларысе прызначылі мізэрную пенсію. Улады пазбавілі паэтку спакойнай старасці, не дазваляючы паехаць да сына Юркі, які жыў побач, у Беластоку, і рос сіратой пры жывых бацьках.
Духовай падтрымкі ад паэткі чакалі суайчыннікі ў Мельбурне і Рыме, Лондане і Нью-Ёрку, Маскве і Празе, Вільні і Мінску, Вроцлаве і Львове… Сотні лістоў з розных краінаў і кантынентаў спяшаліся ў заходнебеларускае мястэчка, сотні лістоў з Зэльвы адляталі ў далёкія выраі. Геніюш прынцыпова не прымала савецкае грамадзянства, не ўступала, як ёй настойліва прапаноўвалі, у Саюз пісьменнікаў. Ад уладнай сваволі Л.Геніюш неаднаразова спрабаваў бараніць М.Танк.
Упершыню яе паслялагерныя вершы здолелі прабіцца на старонкі беларускай афіцыйнай перыёдыкі толькі ў 1963 г. (“Полымя”, “Голас Радзімы”, “Гродненская праўда”). У 1967 г. выйшаў першы на Радзіме зборнік “Невадам з Нёмана”, які ўяўляў з сябе выбранае за тры дзесяцігоддзі – з 1937 па 1966. Чытачы прынялі зборнік прыхільна, з’явіліся станоўчыя водгукі ў друку. Але зборнік азмрочаны тым, што з аўтарскага рукапісу ідэалагічнымі рэцэнзентамі выкрэслена 120 радкоў! Пры перавыданні ў 1990 г. да творчай спадчыны паэткі выдаўцы зноў паставіліся не ўважліва: выбранае “Белы сон” (укладальнік Б.Сачанка) даслоўна паўтарыла знявечанае цэнзурай выданне. Першай творчай рэабілітацыяй паэткі трэба лічыць зборнік, выдадзены “Беларускім кнігазборам”, у якім адноўлены аўтэнтычны тэкст і выпраўленыя шматлікія агрэхі.
Паэтычнай творчасці Л.Геніюш характэрны цнатлівы лірызм, глыбокія народнасць і гуманізм, філасофскае асэнсаванне жыцця, моцныя хрысціянскія і нацыянальна-патрыятычныя матывы. Прыкметнае месца ў яе творчасці займае гістарычная тэматыка, на якую напісаны вершы “Князь Усяслаў Чарадзей”, “Ефрасіння Полацкая”, “Скарына”, “Кастусь Каліноўскі”, “Над старымі друкаванымі кнігамі”, паэма “Даўніна”. Шэраг вершаў прысвечаны выдатным сучаснікам, дзейнасць і творчасць якіх становяцца або сталі з’явай айчыннай гісторыі – П.Клімуку, У.Кавалёнку, М.Забэйду-Суміцкаму, У.Караткевічу, З.Пазьняку і інш.
Літаратурны наробак Ларысы Геніюш не абмяжоўваецца паэтычнымі творамі. У яе архіве захоўваецца вялікая колькасць празаічных тэкстаў – успаміны, апавяданні, абразкі на гістарычную тэму. Частка з іх апублікаваная пры садзейнічанні М.Танка, У.Караткевіча, Д.Бічэль-Загнетавай, надрукаваны 2 зборнікі паэзіі і 2 кніжкі вершаў для дзяцей. Сапраўднай падзеяй у беларускай мемуарыстыцы стала пасмяротная публікацыя кнігі ўспамінаў Л.Геніюш “Споведзь”. Гэта твор вялікай мастацкай сілы, напісаны збалелым сэрцам, гэта бясстрашнае абвінавачанне антычалавечай камуністычнай сістэме, што спляжыла ў турмах і лагерах мільёны жыццяў, гэта кніга пра незвычайную людскую самаахвярнасць, пра сапраўды апостальскі шлях жанчыны-беларускі, для якой Бог і Бацькаўшчына былі найвышэйшымі праўдамі на зямлі. Ва ўспамінах увасобіліся драматычная рэчаіснасць Заходняй Беларусі ў часы польскай акупацыі, шматграннае жыццё беларускай эміграцыі ў Празе, нацыянальна-вызваленчы рух, лёс заснавальнікаў БНР і іх пераемнікаў, падзеі ваеннага часу ў Цэнтральнай Еўропе і на Беларусі.
Памерла Л.Геніюш у 1983 г. Пасля адпявання ў царкве ў апошні шлях паэтку праводзілі тысячы зэльвенцаў. Пахавалі Ларысу Геніюш поруч з апошнім прытулкам мужа на ўзвышшы. Да магілы Ларысы Геніюш трэба ўзнімацца, як на вяршыню. (Паводле матэрыялаў Міхася Скоблы і Лідзіі Савік)