Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1916. Нарадзіўся Лаўрэнцій Абецэдарскі
У фокусе гісторыкаў БССР найперш былі падзеі ХХ ст., але прайсці міма ВКЛ было проста немагчыма. Лаўрэнцій Абецэдарскі быў ці не галоўным з даследчыкаў гэтага кірунку. Вядома, з папраўкамі на ідэалогію, якая панавала ў тыя часы.
Ягоная асноўная тэма — беларуска-расійскія стасункі ў XVII–XVIII стст. Вядома ж, пад соусам антыфеадальнай і «нацыянальна-вызваленчай» барацьбы беларусаў у межах Рэчы Паспалітай. З іншага боку, менавіта ён увёў ва ўжытак шмат невядомых дагэтуль дакументаў, прасачыў міграцыю на ўсход (не заўсёды дабравольную) беларускіх майстроў і нашы культурныя ўплывы на Масковію.
Адны лічаць Абецэдарскага «злым геніем» беларускай гістарычнай навукі, які дастасоўваў факты да сваіх канцэпцыяў: з’явіўся нават тэрмін «абецэдаршчына». Іншыя — грунтоўным даследчыкам няпростай тэмы ў яшчэ больш складаны час. Ісціна, мабыць, недзе пасярэдзіне. Памёр Лаўрэнцій Сямёнавіч у 1975 годзе.
1944. Савецкія войскі вызвалілі Вільню ад нацыстаў
Горад быў адбіты ў немцаў у выніку «Віленскай аперацыі», якая цягнулася з 7 па 13 ліпеня. Аперацыю ажыццяўляла армія Трэцяга Беларускага фронту пад камандаваннем Чарняхоўскага. У ёй бралі ўдзел 12,5 тысяч байцоў, з якіх загінула амаль тры тысячы, пахаваныя ў мемарыяльным комплексе на Антоклі.
Падзея 13 ліпеня паставіла кропку ў спрэчцы за Вільню, на якую прэтэндавалі палякі, літоўцы і беларусы. Яшчэ ўвосень 1939-га, калі Чырвоная армія ўпершыню заняла горад, Вільня была перададзеная літоўцам, але ненадоўга: 23 чэрвеня яе занялі немцы. Горад трапіў пад акупацыю.
Пасля вайны Вільня была зноў — канчаткова — далучаная да Літоўскай ССР. У паваеннай Вільні стартавала моцная «літуанізацыя», сюды пацягнулася колішняе вясковае літоўскае насельніцтва. У выніку да нашага часу «польская» і «беларуская» Вільня засталіся хутчэй у выглядзе легенды і гістарычнага рэлікту.
1500. Бітва на Ведрашы
Сутыкненне аказалася фатальнай паразай войска ВКЛ і перамогай Масковіі. Войскамі апошняй кіраваў ваявода Данііл Васілевіч Шчэня-Патрыкееў, сіламі ВКЛ — гетман Канстанцін Астрожскі. Лічыцца, што напярэдадні людзі Астрожскага ўзялі «языка» з таго боку, які расказаў, маўляў, сілы Масковіі незлічоныя і лезці ў бой не варта. Гетман яму не паверыў і павесіў.
Пра колькасць байцоў ёсць розныя версіі. Паводле адной — па 40 тысяч з кожнага боку. Яна выглядае фантастычнай. Больш рэальная — 10 тысяч з боку ВКЛ і трохі болей у маскавітаў. У выніку паразы Астрожскі страціў каля 8 тысяч, па маскавітах дадзеных няма.
Сам Канстанцін Астрожскі трапіў у палон. Ягонае войска было фактычна знішчанае. Для ВКЛ Масковія была яшчэ новым праціўнікам, у Вільні не ведалі ўсходняга падыходу да вайны. Рэваншам за паразу на Ведрашы стане перамога пад Оршай у 1514 годзе.
1410. Грунвальдская бітва
Легендарная бітва паміж сіламі Тэўтонскага ордэна і аб’яднаным войскам ВКЛ і Польшчы. Лічыцца, што крыжацкае войска складала 27 тысяч байцоў, польска-ліцвінскае — 31 тысячу. Тэўтоны былі разбітыя ўшчэнт: уратавацца ўдалося крыху больш чым тысячы чалавек, рэшта загінула ці была ўзятая ў палон.
Бітва стала апафеозам Вялікай вайны 1409–1413 гадоў. Шырэй — апафеозам змагання немцаў са славянамі ва Усходняй Еўропе ў часы Сярэднявечча. Перамога пад Грунвальдам спыніла шматсотгадовую экспансію крыжакоў на Усход, адкрыла Вялікаму Княству балтыйскі кірунак для пашырэння эканамічных і палітычных уплываў.
Пасля Грунвальда ордэн не знік, але пачаў занепадаць. Ваенны вектар змяніўся на гандлёва-эканамічны. Аслабелыя нашчадкі крыжакоў наступныя 100 гадоў былі сатэлітамі ВКЛ. Некаторыя даследчыкі лічаць стратэгічнае значэнне Грунвальда неадназначным: маўляў, заняпад ордэна парушыў баланс у рэгіёне і дазволіў развіцца моцнай Маскоўскай дзяржаве.
1990. Памёр Мікалай Арэхва
Легендарны дзеяч КПЗБ, рэвалюцыянер і палітвязень пайшоў у лепшы свет на 88-м годзе жыцця у Мінску. Паспеў убачыць перабудову, раскол Варшаўскага блоку, пачатак краху СССР. Не дажыў года да незалежнай Беларусі. Апошнія дзесяцігоддзі былі для яго часам успамінаў: ён быў ці не адзіным удзельнікам і летапісцам КПЗБ. «Апошні з магіканаў».
Нарадзіўся ў 1902-м на Ашмяншчыне. Ваяваў у Грамадзянскую вайну супраць Юдзеніча. Пасля — камсамол, ЦВК БССР. Як «заходніка» Арэхву паслалі працаваць у падполлі Заходняй Беларусі. Узначальваў Краёвы сакратарыят ЦК КПЗБ. Быў арыштаваны дэфензівай, адседзеў пяць гадоў.
Цягам Другой сусветнай — у Войску польскім. Пасля вайны яго паслалі на новую працу — у кіраўніцтва наваствораных органаў дзяржбяспекі савецкай Польшчы. Вопыт заходнебеларускага падполля і турмы прыдаліся: цяпер ён быў на іншым баку супрацьстаяння. Ужо на пенсіі Арэхва займаўся гісторыяй КПЗБ. Яго найбольш вядомая праца — «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921–1939)».
1399. Памерла каралева Ядвіга, жонка Ягайлы
На момант смерці Ядвізе было 25 гадоў. Яна памерла ў выніку нешчаслівых родаў, так і не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў. Усё яе жыццё чытаецца як сумнаваты сюжэт рыцарскага рамана. У 11 гадоў «заключыла» Крэўскую унію паміж Польшчай і ВКЛ. У 12 — «выйшла замуж» за немаладога ліцвінскага князя Ягайлу.
Зразумела, што і унія, і дынастычны шлюб былі рашэннем элітаў, якія стаялі за дзяўчынай. Яе місіяй пасля шлюбу было нараджэнне дзяцей, але і тое скончылася бядою. Цяжка сказаць пра асабістыя погляды і рашэнні Ядвігі. Прынамсі, ёй прыпісваюць шэраг дабрачынных праектаў: дапамагла студэнтам з ВКЛ бясплатна вучыцца ў Празе, свае сродкі ў запавеце перадала Кракаўскай акадэміі.
У кантэксце нашай гісторыі Ядвіга стала для Ягайлы жывой прыступкай на ягоным шляху да польскага трона. Асабісты поспех стаў прычынай варажнечы з братам — князем Вітаўтам. Крэўская унія аказалася нібы ўдалым тактычным саюзам, але і нагодай для пазнейшага апалячвання і перацягвання нашай шляхты на бок Кароны. Ва ўсім гэтым Ядвіга была толькі пешкай.
1909. Нарадзіўся Андрэй Грамыка
«...Мала хто ў сучасным свеце можа параўняцца з ім... у дыпламатыі ён скрупулёзны прафесійны практык, гэта чалавек вялізных здольнасцей і высокага інтэлекту, што валодае ўсімі рысамі дзяржаўнага дзеяча», — так пра Грамыку ў 1974 годзе пісаў дзяржсакратар ЗША Сайрус Вэнс. На Захадзе Грамыку называлі Mr. Nyet (Містар «Не») за стыль перамоваў, але паважалі, цанілі.
Андрэй Андрэевіч нарадзіўся на Гомельшчыне. Вывучаў у Мінску сельскую гаспадарку. З 1934-га ў Маскве. З 1939-га — у Народным сакратарыяце замежных спраў СССР. У часе вайны быў паслом у Вашынгтоне, адначасова — прадстаўніком на Кубе. Рыхтаваў канферэнцыі ў Ялце і Патсдаме. Удзельнічаў, а пасля кіраваў савецкімі дэлегацыямі на сесіях Генасамблеі ААН.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч