• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
27.09.2021 | Каляндар

Каляндар на 27 верасня — 3 кастрычніка. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


27 верасня

1533. Нарадзіўся Стэфан Баторый

Найбольш харызматычны, ваяўнічы і загадкавы кароль Рэчы Паспалітай. Баторый нарадзіўся ў Трансільваніі, вучыўся ў Італіі, але быў абраны кіраўніком РП у страшны час Лівонскай вайны, калі краіна была на крок ад гібелі... Даў адпор войскам Івана Грознага, чым падняў аўтарытэт РП у Еўропе.

Стэфан Баторый на тагачаснай манеце.jpg
Стэфан Баторый на тагачаснай манеце

Асоба Баторыя дагэтуль таямнічая і супярэчлівая. Меў манеры «дзікуна» і п’яніцы, але добра ведаў лаціну, разбіраўся ў мастацтве. Вёў спартанскі лад жыцця: спаў на цвёрдым паходным ложку, не любіў раскошы, быў аматарам паляванняў. Пасля сябе пакінуў сталовы набор, безліч бочак такайскага віна і — вялікую краіну.

Баторый кіраваў усяго 10 гадоў: з 1576-га па 1586-ы. Памёр у любімай рэзідэнцыі ў Гродне, у Старым Замку, які так і не паспелі рэканструяваць пры жыцці ўласніка. Хадзілі плёткі, што Баторыя атруцілі, таму цела анатаміравалі — гэта было першае медычнае ўскрыццё ва Усходняй Еўропе.

28 верасня

1708. Бітва пад Лясной

Адна з найбольш значных баталіяў Паўночнай вайны адбылася ля вёскі Лясная на Слаўрагадчыне. Шведская армія генерала Левенгаўпта ішла на злучэнне з асноўнымі сіламі Карла ХІІ. Паміж імі было каля сотні кіламетраў. Пётр Першы не мог гэтага дапусціць, таму пайшоў у наступ.

Лясная - помнік.jpg

Калі шведы даведаліся пра набліжэнне расейцаў, то пачалі рыхтавацца да бітвы. Нечакана... пайшоў снег, жаўнеры разгубіліся, Левенгаўпт аддаў загад адыходзіць. Зброю і ежу для войска Карла ХІІ было загадана тапіць у Сожы, нішчыць. Армія Пятра нагнала адступаючае войска і нанесла вялікія страты: 6500 забітых і каля 3000 параненых шведаў...

Карл ХІІ застаўся без дапамогі, што прывяло да далейшых паразаў, у прыватнасці, у легендарнай Палтаўскай бітве. Задаволены сабою Пётр назыв,аў Бітву пад Лясной «маці Палтаўскай бітвы». Праз 200 гадоў, у 1908-м годзе, ля вёскі быў збудаваны вялізны храм-мемарыял, пастаўлены помнік у выглядзе бронзавага арла на скале.

29 верасня

1891. Нарадзіўся Аркадзь Смоліч

«Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў» — з такім эпіграфам Смоліч выпусціў у свет сваю кнігу «Геаграфія Беларусі», якая некалькі разоў перавыдавалася ў 1920-х. Пазней, калі аўтар быў прызнаны «ворагам народу», арыштаваны і расстраляны, кнігі вымаліся з бібліятэкаў, спальваліся...

Аркадзь Смоліч у ссылцы, 1935 год.jpg
Аркадзь Смоліч у ссылцы, 1935 год

Аркадзь Смоліч заняўся палітыкаў яшчэ да рэвалюыі: далучыўся да БСГ, пасля прымаў удзел ва Усебеларускім з’ездзе, абвяшчэнні БНР, быў міністрам земляробства ў кабінеце Луцкевіча, вёў перамовы з Пілсудскім па беларуска-польскіх справах. Працаваў у эміграцыі, але ў 1922-м вярнуўся ў БССР.

Прафесар, загадчык кафедры ў БДУ, намеснік старшыні Інбелкульта, які з дапамогай Смоліча пераўтварыўся ў Акадэмію Навук. Найперш Смоліч займаўся геаграфіяй: картамі глебаў, сельскагаспадарчых раёнаў, дэмаграфіяй і раянаваннем. У 1930-м арыштаваны, сасланы, паўторна арыштаваны ў 1937-м, расстраляны ў 1938-м. Пасмяротна рэабілітаваны.

30 верасня

1989. Першы «Чарнобыльскі шлях» у Мінску

Арганізатарамі выступілі актывісты БНФ. Людзі сабраліся ля Мінскага гадзіннікавага заводу і прайшлі праз увесь цэнтр да пл. Леніна (сёння — Незалежнасці). Ведаючы пра акцыю, улады прызначылі на гэты дзень суботнік, але ў шэсці ўсё адно прынялі ўдзел 30 000 чалавек. Для позняга СССР, асабліва для Савецкай Беларусі, падзея стала знакавай. Праблема Чарнобылю была яшчэ надзвычай жывой і балючай — тысячы сем’яў перасяленцаў і ліквідатары дамагаліся праўды аб трагедыі. Сэнс акцыі быў адначасна сацыяльным і палітычным.

ЧШ 1989.jpg
Чарнобыльскі шлях 1989 г.

Тады, напрыканцы 1980-х акурат фармаваўся канон вулічных акцый, якія пазней сталі традыцыйнымі: 25 сакавіка, Чарнобыльскі шлях, Дзяды. У пэўным сэнсе гэта было фармаваннем мадэрнага нацыянальнага міфу — дзён смутку і радасці. У пазнейшыя гады акцыі займелі больш палітычны змест, але самі даты ад гэтага не сталі менш значнымі.

1 кастрычніка

1612. Нарадзіўся Ян Антоні Храпавіцкі

Харунжы, падкаморы Смаленскі, ваявода Віцебскі, маршалак соймаў... — дзяржаўныя рэгаліі часоў ВКЛ гучаць як музыка! Храпавіцкі нарадзіўся пад Віцебскам, вучыўся ў Кракаве, Падуі і Лондане. Ягоны род трымаўся кальвінізму, але каб займаць дзяржаўныя пасады Яну Антонію давялося перайсці ў каталіцтва.

Ян Антоні Храпавіцкі.jpg

Ягонае жыццё — цудоўны прыклад кар’ернай лесвіцы, якую мог пераадолець таленавіты і адукаваны шляхціч XVII стагоддзя. Храпавіцкі браў удзел у 24 соймах, працаваў у розных соймавых камісіях, кіраваў соймамі. Ягоная вяршыня — праца сакратаром караля Яна Казіміра. Храпавіцкі быў «усходнікам» па паходжанні, таму ўсё жыццё займаўся усходняй палітыкай. Ад чыста адміністратыўных справаў (размежаванне старостваў ля маскоўскай мяжы), да перамоваў з Масковіяй, падпісання Андрусаўскага замірэння (1667) пасля «Невядомай вайны». Пасля сябе Храпавіцкі пакінуў дзённікі, дзе апісаў час, людзей і норавы Рэчы Паспалітай.

2 кастрычніка

1828. Нарадзіўся Міхаіл Каяловіч

Гісторык, славянафіл, заходнерусіст. Сын святара з Кузні (сёння — Сакольскі павет Беласточчыны). Менавіта тут, на далёкім беларускім захадзе, Каяловіч сфармаваўся як прыхільнік «рускай ідэі» і манархіст. Беларусаў ён лічыў часткай рускага народу, нашу мову — мастком паміж «маларасійскай гаворкай» ды «вялікарускай мовай».

Каяловіч.jpg

Галоўная тэма доследаў Каяловіча — гісторыя Уніі, грэка-каталіцтва на нашых землях. Да Уніі аўтар, вядома, ставіўся варожа. Разам з тым, увёў у навуковы ўжытак шмат невядомых дакументаў, канцэптуальна тлумачыў свае тэорыі. Апроч навукі, займаўся публіцыстыкай ў газетах і часопісах.

Каяловіч — важная і адначасна злавесная фігура. Нібыта рэнегат, які стаўся большым расейцам за саміх расейцаў. Нібыта дзіця свайго часу: выступіць у царскай Расіі з іншымі канцэпцыямі было нерэальна. Сярод іншага, Каяловіч трымаўся думкі, што гісторыя — максімальна суб’ектыўная навука, у якой няма месца аб’ектывізму.

3 кастрычніка

1458. Нарадзіўся каралевіч Казімір

Сын вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра. Яго адукацыяй займаліся лепшыя педагогі свайга часу. Хатнім настаўнікам быў гісторык Ян Длугаш. У 13-гадовым узросце на чале 12-тысячнага войска беспаспяхова спрабаваў заняць вугорскі прыстол. Пазней меў заняць польскі трон, але палітычныя справы перасталі яго цікавіць.

Казімір.jpg

Казімір пераўтварыўся ў фанатычнага верніка-каталіка. Малітвы і чытанне кніг займалі большасць яго часу. Даў зарок цнатлівасці, таму адмовіўся ад шлюбу з дачкой германскага імператара Фрыдрыха ІІІ. Зразумела, што такі чалавек не мог кіраваць вялікай і складанай дзяржавай...

Казімір быў хворы на сухоты, ягоны зямны час хутка сыходзіў. Каралевіч часта наведваў Вільню і Гродна, быў вядомы доўгімі начнымі малітвамі, калі на каленях стаяў на прыступках храмаў. Займаўся дабрачыннасцю. Пасля смерці ў 1484 годзе быў залічаны да ліку святых.


budzma.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Не менш за 132 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову траўня 2023 года,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Выдавецтва Gutenberg шукае падтрымку для выпуску настольнай гульні «Шляхта»

Хто не марыў ненадоўга апынуцца ў Вялікім Княстве часоў Рэнесансу? Балі, паэзія, палацавыя інтрыгі... Еўрапейскае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як размаўляць з тымі, хто думае інакш

Не толькі ў раманах сем’і распадаюцца «праз палітыку», а сяброў робяць ворагамі адрозныя жыццёвыя прынцыпы. Можа...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры

Любая краіна так або іначай адлюстраваная ў літаратуры. І звычайна гэтае адлюстраванне стварае або наўпрост звязанае...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Не менш за 132 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН
    Грамадства
    Выдавецтва Gutenberg шукае падтрымку для выпуску настольнай гульні «Шляхта»
    Грамадства
    Як размаўляць з тымі, хто думае інакш
    Літаратура
    Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры
    Грамадства
    Пара перастаць называць польскім, літоўскім, рускім тое, што належыць беларусам
    Гісторыя Асоба
    Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага
    Літаратура
    Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня
    Вандруем разам
    Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
    Літаратура
    «Не загаснуць зоркі ў небе»: творцы з усяго свету зладзілі флэш-моб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
    Музыка Музыка
    Гурт «Петля Пристрастия» выступіў з канцэртам у Берліне. Паглядзіце, як драйвова там было
    Грамадства Музыка
    Ёсць, што паслухаць. Падборка травеньскіх беларускіх трэкаў на любы густ і гаманец
    Грамадства Кіно
    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў
    Грамадства Кіно
    У анлайн-кінатэатры VODBLISK папаўненне — фільм «II» Улады Сяньковай ужо даступны для прагляду
    Культура Літаратура
    Стартавала выдавецкая ініцыятва «33 кнігі для іншай Беларусі»

Афіша

  • 04.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве

  • 04.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 04.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 04.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 04.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 04.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 04.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 04.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип