Суд Цэнтральнага раёна горада Мінск ад 6 сакавіка 2023 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі каляндар «Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамi i словамi» ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Апроч календара «Не маўчы па-беларуску», спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі нумары часопісаў «Наша Гісторыя» і «Arche Пачатак», кніга Альгерда Бахарэвіча «Апошняя кнiга пана А», кліп гурта Sumarok «Чэрцi», telegram-чат «Копыль».
Гэта не першае рашэнне суда адносна календара. У верасні мінулага года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі змесціва некаторых міжнародных пасылак. У спісе было каля 70 пазіцый, сярод якіх паштоўкі, майкі, нашыўкі, часопісы, налепкі, кубкі і іншыя сувеніры, у тым ліку і каляндар «Не маўчы па-беларуску».
Каляндар «Не маўчы па-беларуску» ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» выдаваўся з 2014 года і заўжды некалькі разоў перавыдаваўся. Ён стаў адным з самых паспяховых і запатрабаваных беларускамоўных выданняў за апошнія гады.
Каляндар праілюстраваны арыгінальнымі малюнкамі на кожны дзень, якія дапамагаюць запамінаць адметныя беларускія словы.
Нагадаем, дызайнер календара Анатоль Лазар быў затрыманы ў верасні 2022 года. Ён адбыў арышт у 13 сутак па адміністрацыйнай справе за «хуліганскія дзеянні». Праз некаторы час пасля арышту Анатоль Лазар з'ехаў за мяжу.