Дызайнера Анатоля Лазара, вядомага пад творчым псеўданімам Wiecier Mechaniczny, асудзілі на 15 сутак. Пра гэта паведамляе тг-канал by_cult**e. Анатоля Лазара затрымалі днямі ў Мінску. Вядома, што ў яго дома адбыўся ператрус, забралі кампутар і тэлефон. Пра прычыны затрымання інфармацыі няма.
Раней Анатоля ўжо затрымлівалі — у студзені 2021 года яго забіралі ў ДФР, нібыта каб праверыць, ці заплаціў ён падаткі.
Анатоль Лазар, вядомы пад творчым псеўданімам Wiecier Mechaniczny, – дызайнер, рэкламіст, выдавец. Сузаснавальнік і выдавец музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў», быў партнёрам і кіраўніком мінскай студыі рэкламы і дызайну «Адліга».
Грамадская культурніцкая Кампанія «Будзьма беларусамі!» шмат год паспяхова супрацоўнічала з Анатолем Лазарам, рэалізавала шмат цікавых праектаў. Менавіта Анатоль Лазар быў нязменным дызайнерам папулярнага і любімага многімі календара з малюнкамі «Не маўчы па-беларуску», які выпускала кампанія «Будзьма беларусамі!».