• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
01.05.2023 | Грамадства Гісторыя

Каляндар з 1 па 7 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


1 траўня 

1576. Каранацыя Стэфана Баторыя і Ганны Ягелонкі


Ваяўнічы князь з Трансельваніі, які меў любоў да выпіўкі і вялікія амбіцыі, стаў польскім каралём у выніку складанай геапалітычнай гульні, якую зведала Рэч Паспалітая ў час бескаралеўя. 

Справа ў тым, што Стэфан Баторый выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай пасля ўцёкаў эксцэнтрычнага Генрыха Валуа ў Францыю. Той пабыў польскім каралём непрацяглы тэрмін ды збег дамоў.
Пасля польская магнатэрыя і літоўская шляхта зрабілі стаўку на імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II, а шматлікая польская шляхта абрала ў якасці каралевы Ганну Ягелонку дачку Жыгімонта І Старога. З ёй Быторыю трэба было пабрацца шлюбам і каранавацца. 

Каб апярэдзіць свайго канккурэнта энергічны Стэфан Баторый у вельмі кароткі час прыбыў у Кракаў, дзе пабраўся шлюбам і быў каранаваны прыхільнікамі Ганны Ягелонкі. Працэдура каранацыі адбывалася без удзелу літоўскіх паслоў, якія вызналі сваім князем Баторыя не адразу. Вялікім князем літоўскім ён стаў толькі пасля выканання цэлага шэрагу ўмоваў. 

Адметна, што Баторый уважаў сябе сапраўдным уладаром, а не «намаляваным», таму ён асабіста павёў 40-тысячнае войска на Полацк. Пасля трохтыднёвай аблогі гарнізон маскоўцаў здаўся і горад вярнуўся ў склад ВКЛ.

2 траўня

1920. Пачынае выходзіць «Рунь» 


У гэты дзень пабачыў свет першы нумар часопіса «Рунь», які непрацяглы час друкаваўся ў Мінску. Выдаўцом тыднёвіка беларускай літаратуры і мастацтва быў Вацлаў Іваноўскі, а галоўным рэдактарам Янка Купала. 

На старонках друкаваліся драматычныя творы Францішка Аляхновіча, проза Змітрака Бядулі, вершы Краўцова Макара і Міхася Чарота, малюнкі Язэпа Драздовіча, артыкулы Яўхіма Карскага і Усевалада Ігнатоўскага, літаратуразнаўчыя матэрыялы Рамуальда Зямкевіча ды іншых вядомых дзеячаў беларускага руху таго часу. 

Цікава, што на некаторых уласных матэрыялах галоўны рэдактар ставіў пазначку — «перадрук забараняецца». Пэўна, хацеў павялічыць чытацкі інтарэс. Адметна таксама, што менавіта на старонках рэдагаванай Купалам «Руні» з’явілася першая апублікаваная партрэтная выява Максіма Багдановіча.
Праўда, ужо 4 ліпеня 1920 года выданне часопіса было спынена. 

3 траўня 

1791. Прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай


У гэты дзень на сойме ў Варшаве быў прыняты асноўны закон Рэчы Паспалітай — Канстытуцыя, якая была першай у Еўропе і другой у свеце. 

У яе аснове ляжаць важныя прававыя дакументы таго часу — амерыканская Канстытуцыя 1787 года, а таксама Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна 1789 года, якая была прынятая ў выніку перамогі Вялікай французскай рэвалюцыі. Асноўны закон Рэчы Паспалітай гэтаксама прасякнуты ідэямі еўрапейскага Асветніцтва, якія былі надзвычай папулярныя ў той час. 

Канстытуцыя рэгулявала правы і абавязкі ўсіх саслоўяў дзяржавы і вызначала прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады. Галоўная ўвага надавалася сферы палітычных адносін — вызначэнню падзелу галін улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, а самы вялікі і дэталёва распісаны артыкул Канстытуцыі прысвечаны каралю (вялікаму князю) як кіраўніку выканаўчай улады. 

Канстытуцыяй назаўсёды касаваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай рэчы, як права liberum veto у сойме і права шляхты на канфедэрацыю. Акурат супраць дзеяння Канстытуцыі была створана Таргавіцкая канфедэрацыя ўвесну 1792 года, якая была інспіравана Расійскай імперыяй. 

4 траўня 

1863. Загінуў Людвік Нарбут


У гэты дзень у час паўстання 1863–1864 гадоў у баі з царскімі войскамі каля вёскі Дубічы загінуў Людвік Нарбут — адзін з найбольш вядомых і паспяховых кіраўнікоў руху інсургентаў.

Людвіг Нарбут нарадзіўся ў 1832 годзе ў сям’і Тэадора Нарбута — знакамітага даследчыка даўніны, які напісаў 9-томную «Гісторыю літоўскага народа». У 1920-я гады гэта грунтоўная праца была перакладзена з польскай на літоўскую мову і выдадзена ў Літве шматтысячным накладам. 

Як і бацька, Людвік служыў у царскім войску, а за свае пагляды яшчэ ў 1850-я гады быў сасланы на Каўказ, дзе адслужыў 10 гадоў. Калі пачалося паўстанне, яго прызначылі кіраўніком Лідскага павета ў чыне палкоўніка паўстанцкага войска. Людвік сабраў адзін з самых баяздольных атрадаў, якія былі здольныя весці эфектыўнае змаганне. У тым ліку і праз тое, што кіраўнік усталяваў у ім жорсткую дысцыпліну. 

Меркавана, менавіта ў атрадзе Людвіка Нарбута быў і Францішак Багушэвіч, які потым стане стваральнікам беларускай літаратуры. Але тое не пацверджана дакументальна — сам паэт быў нешматслоўны і не любіў згадваць маладосць.

5 траўня 

1923. Дэбютуе Кузьма Чорны 


Кузьма Чорны і Адам Бабарэка, 1925 год

У гэты дзень 100 гадоў таму на старонках газеты «Савецкая Беларусь» з’явілася апавяданне «На граніцы», якое было падпісана псеўданімам Кузьма Чорны. 

Яго напісаў студэнт літаратурнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Раманоўскі, які ў хуткім часе стане пісаць для газет «Беларуская вёска», «Звязда» і часопісаў «Беларуская работніца і сялянка», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Полымя», «Узвышша» і «Маладняк» і іншыя. 

За хуткі час дэбютант ператварыўся ў заўважнага літаратара і стаў дапамагаць іншым з апублікаваннем. Ён будзе адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Узвышша», якое паўстане ў выніку расколу «Маладняка». 

Увосень 1938 года Кузьма Чорны будзе арыштаваны і правядзе 8 месяцаў у турме. Потым яго выпусцяць, але ў выніку зняволення здароўе пісьменніка будзе моцна падарвана. Ён пойдзе з жыцця ў 1944 годзе ва ўзросце 44 гадоў.

6 траўня 

1933. Нарадзіўся Юрась Свірка


Фота: беларускія паэты і пісьменнікі Юрась Свірка, Уладзімір Карызна, Уладзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Валянціна Коўтун падчас творчай сустрэчы ва Украіне. Выступае будучы Герой Украіны паэт Іван Драч. 1976 год

Гэты беларускі паэт і перакладчык з’явіўся на свет у вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна ў сялянскай сям’і. Яго дзяцінства прыпала акурат на вайсковае ліхалецце, што адбілася ў тым ліку і ў творчасці. 

У 1953 годзе Юрась Свірка скончыў Бягомльскую сярэднюю школу, а ў 1959 годзе аддзяленне журналістыкі БДУ. Некалькі месяцаў працаваў стыльрэдактарам у часопісе «Камуніст Беларусі», у 1959–1961 гадах — літаратурны супрацоўнік рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». З 1961 года — старэйшы рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. З 1975 года — загадчык аддзела прозы і паэзіі ў газеце «Літаратура і мастацтва». 

Юрась Свірка быў узнагароджаны медалямі і ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Літоўскай ССР. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Куляшова 1993 года за зборнік паэзіі «Узаемнасць».
Цягам творчай дзейнасці выдаў 15 кніг паэзіі, якія на дадзены момант з’яўляюцца класікай беларускай літаратуры. 

Пайшоў з жыцця ў 2010 годзе. 

7 траўня 

1763. Нарадзіўся Юзаф Панятоўскі

пан.jpeg

Гэты польскі князь, які змагаўся за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, паходзіў з роду Панятоўскіх і быў пляменнікам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Служыў у аўстрыйскай арміі, браў удзел у расійска-польскай вайне 1792 года. За бітву пад Зяленцамі разам з Тадэвушам Касцюшкам быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari. Браў актыўны ўдзел у паўстанні 1794 года. 

У 1807 годзе пайшоў на службу да Напалеона, стаў ваенным міністрам Вялікага герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у паходзе Напалеона на Расію ў 1812 годзе, камандаваў польскім корпусам. У 1813 годзе адзначыўся ў бітве пад Лейпцыгам, атрымаў званне маршала Францыі. Праз 3 дні пасля атрымання такога высокага звання загінуў — быў паранены і патануў у рацэ. Пахаваны ў кракаўскім Вавелі ў 1819 годзе. 

Праз 10 гадоў пасля смерці Панятоўскага ў Варшаве яму быў усталяваны помнік, які пасля задушэння паўстання 1831–1831 гадоў аказаўся ў Гомелі — яго забраў туды ўладальнік гомельскага палаца Іван Паскевіч. 

Той помнік прастаяў да пачатку ХХ стагоддзя і быў перададзены палякам паводле Рыжскага міру ў 1921 годзе. У 1944 годзе ён быў узарваны нямецкімі акупантамі. Сёння дакладная копія помніка Юзафу Панятоўскаму знаходзіцца каля рэзідэнцыі польскага прэзідэнта.

8 траўня 

1993. Заснавана Таварыства Вольных Літаратараў 


На фота: Устаноўчы сход ТВЛ, які адбыўся 8 траўня 1993 года ў Наваполацку

У гэты дзень роўна 30 гадоў таму ў Наваполацку было створана Таварыства Вольных Літаратараў, якое стала заўважнай з’явай у беларускім літаратурным працэсе ў 1990-я гады. 

Стваральнік і натхняльнік гэтага аб’яднання — полацкі пісьменнік і паэт Алесь Аркуш. Акрамя яго ў суполцы былі Вінцэсь Мудроў, Славамір Адамовіч, Юры Гумянюк, Ігар Сідарук, Юрась Пацюпа, Сяргей Шыдлоўскі. Таварыства Вольных Літаратараў было такім сабе нонканфармісцкім адказам на існаванне афіцыйнага пісьменніцкага саюза. 

Пры аб’яднанні выходзіў часопіс «Калосьсе», а таксама была выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», якая выдавала кнігі сяброў ТВЛ. Таксама была заснаваная літаратурная прэмія «Гліняны Вялес», лаўрэатамі якой у розны час былі Ігар Бабкоў, Уладзімір Арлоў, Артур Клінаў, Андрэй Федарэнка, Сяргей Дубавец, Ганна Севярынец ды іншыя літаратары. 

Атрымаць прэмію за найлепшую мастацкую кнігу на беларускай мове і гліняны стод апекуна мастацтва можна толькі аднойчы.


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча

«Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падзяліўся навіной у сацсетках вядомы беларускі паэт Андрэй...

valiancina_shauchenka
Літаратура

«Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч

У Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла Надзея Артымовіч. Яе называлі паэткай...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага

Напрыканцы верасня беларускі музыка Андрусь Такінданг прэзентаваў кліп на сваю новую песню «Шэры камень». Гэты твор...

valiancina_shauchenka
Культура

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных

На працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта...

Апошнія навіны

    Літаратура
    «На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча
    Літаратура
    «Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч
    Музыка
    «Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага
    Культура
    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных
    Культура
    «Чаму вы выйшлі з дому?» Хадановіч разважае пра паэзію пратэсту і салідарнасці
    Гісторыя
    Голда Мэір: «У мамы была звычка заяўляць, што ў Мілуокі ўсё горш, чым у Пінску»
    Грамадства
    У пошуках літвінізму. У Сейме Літвы абмеркавалі уплыў літвінізму на адносіны паміж беларусамі і літоўцамі
    Культура
    «Берлінскі сшытак»: загадкавы спеўнік бабулі Кацярыны Ваданосавай
    Грамадства
    Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР
    Мастацтва
    «Ніці супраціўлення»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі
    64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
    Кіно
    Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася
    Музыка
    Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі
    Забавы
    Гульня: Знайдзі аднолькавыя вокладкі
    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Афіша

  • 04.10

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі

  • 04.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 04.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 04.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 04.10 — 08.10Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве
  • 04.10 — 17.11Выстава Руфіны Базловай у Чыкага
  • 04.10ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі
  • 05.10 — 09.11LAZARET. Персанальная выстава Цемры ў Празе

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага
    • «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип