Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1945. Нарадзіўся Рыгор Семашкевіч
Гэты беларускі паэт з’явіўся на свет у вёсцы Дамашы пад Маладзечнам у сялянскай сям’і.
Цікавасць да літаратуры агулам і да беларускай у прыватнасці пачаў праяўляць юнаком, калі вучыўся ў Лебедзеўскай школе. Пісаць і публікавацца пачаў ва ўзросце 14 гадоў. Пісаў прозу, эсэістыку, складаў вершы. Меў вытанчаны літаратурны густ і добрае пачуццё гумару, што знайшло адлюстраванне ў ягоных творах.
Паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1966 годзе. Пасля ўніверсітэта працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігадовай школы ў Смаргонскім раёне. У 1967–1969 гадах быў аспірантам кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1970 годзе стаў кандыдатам філалагічных навук, а ў 1980 годзе — дацэнтам.
З 1970 года працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ. Акрамя выкладання і літаратурнай творчасці займаўся таксама даследаваннем літаратуры. Апублікаваў шэраг літаратуразнаўчых прац, сярод якіх даследаванне жыцця Браніслава Эпімах-Шыпілы.
Трагічна загінуў 11 чэрвеня 1982 года пры нявысветленых абставінах. Пакінуў па сабе багатую літаратурную спадчыну.
Чытайце па тэме: Рыгор Семашкевіч: «Перамагчы ў самім сабе раба»
1562. Палявы сойм пад Віцебскам
У гэты дзень 460 гадоў таму літоўскія князі і баяры на абозным сойме каля Віцебска ўхвалілі прапанову аб новай дзяржаўнай уніі з Польшчай і накіравалі яе вялікаму князю.
Абмумоўлена гэтае рашэнне было вайной з маскоўцамі, якая паказала, што самастойна Вялікае Княства Літоўскае даць рады праціўніку, а тым болей перамагчы ў ёй не зможа. Менавіта таму на палявым сойме каля Віцебска літоўскай шляхтай быў складзены акт са зваротам да свайго правіцеля.
Шляхта пры гэтым мела свой інтарэс: яна хацела мець роўныя правы з польскай шляхтай, супольна выбіраць польскага караля і вялікага літоўскага князя, разам супрацьстаяць ворагам. Пры гэтым у Вільні рашуча выступілі супраць новай уніі прадстаўнікі знаці. Найперш Мікалай Радзівіл Чорны і магнатэрыя, якая згуртавалася вакол яго і не спяшалася дзяліцца сваёй уладай. Калі унія ўсё ж будзе заключана, яны здолеюць захаваць шэраг пунктаў аб самастойнасці, якімі гатовая была паступіцца шляхта.
Віленскі сойм у 1563 годзе разгледзеў пытанне аб уніі з польскай каронай і адправіў адмысловую дэлегацыю для перамоваў з палякамі. Затым перамовы працягваліся ў розных лакацыях да 1569 года, калі 1 ліпеня паміж дзвюма дзяржавамі была ўрачыста падпісаная Люблінская унія.
1937. Расстраляны Сяргей Астрэйка
З’явіўся на свет гэты арыгінальны творца 9 ліпеня 1912 года ў вёсцы Каласоўшчына на Капыльшчыне ў сялянскай сям’і. Паводле іншых даных, нарадзіўся ён у латвійскай сталіцы — Рызе. Так ці іначай, але дзяцінства і юнацтва паэта прайшло на Бацькаўшчыне.
Астрэйка вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Некаторы час быў рэдактарам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, а ў 1932–1933 гадах — навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Займаўся складаннем слоўнікаў.
У 1933 годзе быў арыштаваны разам з Лукашам Калюгам і асуджаны да пяці гадоў высылкі. Пакаранне адбываў у горадзе Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Працаваў бухгалтарам матэрыяльнага аддзела Ірбіцкага падшыпнікавага завода. У 1937 годзе, не адбыўшы тэрміну, арыштаваны паўторна. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.
Першыя паэтычныя творы Астрэйка апублікаваў у 1928 годзе на старонках газеты «Чырвоная змена» пры падтрымцы Змітра Жылуновіча. Вершы з адметнай лексікай друкаваліся ў часопісах «Полымя» і «Чырвоная Беларусь». Рукапіс першага зборніка «Смарагды кроз» не ўбачыў свет праз арышт Астрэйкі.
Рэабілітаваны Сяргей Астрэйка быў праз 20 гадоў пасля сваёй заўчаснай смерці — у 1957 годзе.
1862. Памёр Уладзіслаў Сыракомля
Пайшоў з жыцця Людвік Кандратовіч, а менавіта так звалі таленавітага беларускага і польскага паэта, ва ўзросце 38 гадоў у Вільні. Акурат у час, калі іншло следства супраць яго.
Паходзіў Уладзіслаў Сыракомля з паланізаванай беларускай шляхты. Яго дзяцінства прайшло ў пераездах па фальфарках Міншчыны, якія арандаваў бацька. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, а далей навучанне працягнуў у Нясвіжскай дамініканскай школе. Пасля яе закрыцця перавёўся ў дамініканскую школу ў Навагрудку, якую скончыў у 1837 годзе.
Гэты прадстаўнік шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псеўданім, займаўся не толькі літаратурай. Ён многа вандраваў па Беларусі, Літве і Польшчы. Трымаў сувязь з рознымі патрыятычнымі асяродкамі, за што трапіў пад сакрэтны нагляд паліцыі.
У 1861 годзе быў арыштаваны пасля чытання вершаў на патрыятычнай акцыі ў Коўне і змешчаны ў віленскую турму. У хуткім часе быў вызвалены як хворы на сухоты дзякуючы дбанням блізкіх сяброў.
Пахаваны на віленскіх могілках Росы.
1697. Аўгуст Моцны стаў правіцелем Рэчы Паспалітай
У гэты дзень 325 гадоў таму каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны малодшы сын саксонскага курфюрста з роду Ветынаў Іагана Георга III.
Пасля смерці Яна III Сабескага ў чэрвені 1696 года ў Рэчы Паспалітай распачалася барацьба за ўладу. Правіцелямі краіны імкнуліся стаць многія, хто шукалі падтрымкі ў магнатэрыі. Найбольш жорсткая барацьба разгарэлася паміж прыхільнікамі дзвюх груповак, якія арыентаваліся на Расію і Аўстрыю з аднаго боку і Францыю з другога. Аўгуст належаў да першай.
На элекцыйным сойме быў абраны літаральна пры дапамозе расійскіх войскаў, што абумовіла з’яўленне шырокай апазіцыі. Разам з тым ён імкнуўся прымірыць варожыя бакі ўнутры краіны і шукаў шляхоў да самастойнасці. За гэтыя крокі меў падтрымку буйной магнатэрыі, а таксама карыстаўся папулярнасцю ў дробнай шляхты.
У верасні 1706 года ў часе Паўночнай вайны быў вымушаны вырачыся трону. Вярнуў сабе яго ў 1709 годзе пасля Палтаўскай бітвы пры дапамозе Расіі, але разам з тым трапіў у залежнасць ад Пятра Першага і перастаў быць самастойным манархам.
1912. Нарадзіўся Максім Танк
З’явіўся на свет Яўген Скурко, а менавіта так насамрэч звалі класіка беларускай літаратуры, у вёсцы Пількаўшчына на Мядзельшчыне ў сялянскай сям’і.
Скончыў пачатковую польскую школу, потым вучыўся ў Віленскай рускай і Беларускай гімразіі ў Радашкавічах, з якой быў выключаны за ўдзел у забастоўцы. З 1927 года быў у камуністычным руху Заходняй Беларусі. У 1933–1934 гадах сядзеў у Лукішскай турме.
Пісаць і публікавацца пачаў у 1932 годзе ў розных падпольных беларускіх выданнях. Першы раз псеўданім «Максім Танк» выкарыстаў у газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё», якая выйшла ў Львове. Там апублікаваў верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны». Першая кніжка паэзіі называлася «На этапах» і пабачыла свет у Вільні ў 1936 годзе.
Максім Танк да верасня 1939 года — гэта абсалютны нонканфарміст, бунтар, рэвалюцыянер, падпольшчык. Пра тыя часы ён пакінуў досыць цікавыя ўспаміны пад назвай «Лісткі календара» — адна з лепшых кніг, прысвечаных міжваеннай Вільні і напісаная беларусам.
Пасля вайны паэт займаў высокія пасады і даволі ўтульна пачуваўся ў межах савецкай сістэмы. Гэта адзін з нямногіх сябраў легендарнай КПЗБ, які перажыў рэпрэсіі 1930-х гадоў, вайну і дабіўся поспеху. Пакінуў смелыя і досыць арыгінальныя дзённікі, дзе распісана амаль усё ягонае жыццё.
Памёр у 1995 годзе.
1992. Памёр Ян Скрыган
Нарадзіўся Іван Аляксеевіч Скрыган у 1905 годзе ў вёсцы Труханавічы на Капыльшчыне ў сялянскай сям’і.
У 1918 годзе скончыў парафільяна-царкоўную школу, пасля чаго працягнуў навучанне ў Слуцкім духоўным вучылішчы і іншых установах. Затым вучыўся ў Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які кінуў у 1924 годзе. З таго ж часу працаваў у слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік», а потым у рэдакцыі «Чырвонай Полаччыны». У 1933–1936 гадах быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва».
У 1928–1932 гадах вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкай камуны» Паўлюка Шукайлы.
Арыштаваны ў канцы 1936 года, а ў кастрычніку 1937 года прысуджаны да 10 гадоў высылкі. Цалкам рэабілітаваны ў 1954 годзе. З 1955 года працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1959 года быў супрацоўнікам «Полымя», а ў 1967 годзе перайшоў на працу ў «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю», дзе з часам заняў пасаду галоўнага рэдактара.
Пісаў і публікаваўся з 1925 года. Аўтар шэрагу кніг апавяданняў, аповесцяў і літаратурных партрэтаў. Таксама пісаў аб праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы. Пакінуў цікавыя ўспаміны пра сваё жыццё.
Пайшоў з жыцця ва ўзросце 87 гадоў. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
К.К., budzma.org