• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
20.09.2022 | Каляндар

Каляндар з 19 па 25 верасня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


19 верасня

1952. У Мінску пайшоў тралейбус

Роўна 70 гадоў таму ў гэты дзень у беларускай сталіцы з’явіўся новы від грамадскага транспарту — тралейбус. Першая лінія, якая стала даступнай для пасажыраў, звязвала вакзал з Круглай плошчай.

800px-First_trolleybus_of_Minsk_02.jpg

З часам сетка маршрутаў разраслася, раскінулася на ўвесь горад ды прыняла той выгляд, які мы ведаем сёння. Па цэнтральным праспекце тралейбусы кіравалі да пачатку 2000-х гадоў, калі іх потым замянілі на аўтобусы маршруту нумар 100 ад старога аэрапорта да мікрараёна Усход.

У пачатку лета адбылося «вяртанне» тралейбуса на цэнтральную магістраль горада. Тралейбусны маршрут нумар 22, які раней хадзіў з вуліцы Карастаянавай да плошчы Якуба Коласа і быў адносна невялікім, працягнулі ажно да Лошыцы.

Як можна здагадацца, у пэўны момант гэты маршрут паўтарае першы маршрут беларускага тралейбуса, бо ідзе ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці цэнтральным праспектам, а потым паварочвае ў бок чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў.

20 верасня

1945. Пачаў працу музей Янкі Купалы

Літаратурны музей Янкі Купалы запрацаваў у беларускай сталіцы па сканчэнні вайны і праз тры гады пасля трагічнай і заўчаснай гібелі класіка беларускай літаратуры і фактычна аднаго з яе стваральнікаў.

Г._Менск_-_Дзяржаўны_літаратурны_музэй_Янкі_Купалы_PICT7366.jpg

Сённяшні музей мае 8 экспазіцыйных залаў, дзе прадстаўлены розныя перыяды жыцця творцы. У музеі захоўваюцца купалавыя рукапісы, выданні яго твораў розных гадоў, асабістыя рэчы, мноства фотаздымкаў, а таксама творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія прысвечаны песняру.

На вялікі жаль, многае з таго, што ў свой час належала паэту, не ўдалося ўратаваць, бо ці не ўся ягоная маёмасць згарэла ў час пажару, які быў выкліканы бамбёжкамі горада яшчэ ў першыя дні вайны. Тады Купала, вярнуўшыся з Літвы, спачатку выехаў з палаючай беларускай сталіцы на сваё лецішча, а ўжо адтуль накіраваўся ў Маскву.

Цяперашні будынак музея знаходзіца на так званых «Плябанскіх млынах» — невялічкім раёне, які раскінуўся побач са Свіслаччу. Вядома, што Купала любіў гуляць па наваколлі і найбольш яго прываблівала Траецкая гара. Тая, дзе цяпер стаіць Оперны тэатр.

21 верасня

1975. Памёр Міхась Лынькоў

У гэты дзень у Мінску пайшоў з жыцця вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік ды літаратуразнавец савецкай эпохі Міхась Лынькоў.

Міхаіл Ціханавіч нарадзіўся ў канцы студзеня 1899 года ў вёсцы Зазыбы на Вілейшчыне ў сям’і чыгуначніка.

Вучыўся ў Старасельскім народным вучылішчы, а ў 1917 годзе скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Па сканчэнні працаваў настаўнікам. У 1919–1922 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Быў удзельнікам польска-савецкай вайны, а таксама браў удзел у змаганні з балахоўцамі. Затым зноў вярнуўся да педагагічнай практыкі.

У 1920-х гадах быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскай філіі «Маладняка», а потым стаў адным з лідараў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.

У 1925–1930 гадах працаваў на розных пасадах у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст»: быў адказным сакратаром рэдакцыі, намеснікам рэдактара, рэдактарам выдання. Затым два гады адпрацаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР. З 1933 да 1941 года быў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (сённяшняе «Полымя»). У 1943–1946 і 1949–1952 гадах быў дырэктарам Інстытута літаратуразнаўства, мовы і мастацтва пры Акадэміі навук. Займаў высокія адміністрацыйныя пасады. Неаднаразова браў удзел у працы сесій Генеральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацый БССР.

Дэбютаваў з вершамі ў 1919 годзе на старонках смаленскай газеты «Борьба». З апавяданнямі пачаў выступаць у друку ў 1926 годзе на старонках бабруйскіх выданняў: газеты «Камуніст» і маладнякоўскага альманаха «Уздым». Аўтар шэрагу зборнікаў прозы, раманаў, а таксама літаратуразнаўчых прац.

Ці не самыя вядомыя творы Лынькова — кніга для дзяцей «Міколка-паравоз» 1937 года, якая праз 20 гадоў была экранізавана, а таксама рамана-тэтралогіі «Векапомныя дні» 1958 года, за які аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа ў 1968 годзе.

Пахаваны на Усходніх могілках.

22 верасня

1917. Памёр Ігнат Буйніцкі

Паводле адной з версій, знакаміты акцёр памёр акурат на сцэне. Паводле іншай — у шпіталі ад тыфу.

Нарадзіўся адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага тэатра ў шляхецкай сям’і на Глыбоччыне ў жніўні 1861 года. Ва ўзросце 19 гадоў скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, затым вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні.

Першапачаткова легендарны тэатр Буйніцкага пачынаўся выключна як шляхецкая забава. Сам Ігнат пісаў п’есы, якія ставіліся ў ягоным маёнтку. Гледачамі і выканаўцамі былі сябры або сваякі. У 1910 годзе па запрашэнні «Нашай Нівы» ўпершыню з трупай ён прыехаў у Вільню, дзе прайшла тэатральная вечарына — гэта быў пачатак кароткага, але лёсавызначальнага для беларускага нацыянальнага тэатра перыяду.

Трупа дзейнічала з 1910 па 1913 год. За гэты час Ігнат Буйніцкі на ўласныя сродкі такім чынам наладзіў працу, што гастролі праходзілі не толькі ў Мінску, Паставах і Слуцку, але таксама ў Варшаве і Пецярбургу.

Менавіта дзякуючы яго дбанням, на тэатральнай сцэне з’явіліся матывы з жыцця тагачаснай беларускай вёскі, а таксама тузін сялянскіх танцаў, у тым ліку і вядомая цяпер «Лявоніха», аб якой чуў ці не кожны. Нават далёкі ад народнай культуры беларус.

Гастролі спыніліся праз фінансавыя цяжкасці: гледачы не маглі фінансаваць працэс, а спонсараў для гэтай справы не знайшлося. У хуткім часе пачалася Першая сусветная, Буйніцкага мабілізавалі ў войска. І нават там ён ладзіў тэатральныя пастановы для жаўнераў.

Першапачаткова пахавалі Ігната Буйніцкага на салдацкім могільніку ля вёскі Палачаны пад Маладэчна, а ўжо пазней ён будзе перапахаваны ў роднай вёсцы Палівачы, дзе і нарадзіўся.

23 верасня

1924. Нарадзіўся Артур Вольскі

Артур Вольскі з’явіўся на свет у сям’і пісьменніка Віталя Зэйдэль-Вольскага ў Койданаве, якое з ліпеня 1932 года пачне звацца Дзяржынскам. Невялікі гарадок у Мінскай вобласці.

Пісаць пачаў рана: ужо ў 1937 годзе дзіцячы часопіс «Іскры Ільіча» надрукаваў ягонае апавяданне «Воўчае гняздо». Магчыма, не апошнюю ролю ў выбары прафесіі адыграў і настаўнік Артура Вольскага са школы Іван Фёдараў, больш вядомы беларускаму чытачу пад псеўданімам Янка Маўр.

У 1938–1941 гадах Артур Вольскі вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, затым працаваў мастаком у БДТ-2 — тэатры, які ў міжваенны перыяд знаходзіўся ў Віцебску і пачаў працу ў сярэдзіне 1920-х, а ў часе вайны быў эвакуяваны ва Уральск.

У 1942 годзе быў прызваны на флот. Служыў на Далёкім Усходзе, браў удзел у баях з японцамі. Дэмабілізаваўся толькі ў 1952 годзе. Затым працаваў у рэдакцыях «Чырвонай змены», «Бярозкі», «Вясёлкі». З 1962 года дырэктар Тэатра юнага гледача. А з 1978 года быў дырэктарам Дома літаратара. У 1981–1984 гадах старэйшы рэдактар у выдавецтве «Юнацтва».

Артур Вольскі быў аўтарам мноства зборнікаў паэзіі, а таксама кніжак вершаў, прозы, казак і п’ес для дзяцей. У БССР яго выдавалі шалёнымі тыражамі: лічба сягала амаль пяці мільёнаў асобнікаў (больш было толькі ў Якімовіча і Коласа)! Гэта ён прыдумаў усім вядомага і памятнага «Дзеда Барадзеда». Бацька вядомага спевака Лявона Вольскага.

Пайшоў з жыцця 5 верасня 2002 года.

24 верасня

1893. Нарадзілася Паўліна Мядзёлка

З’явілася будучая выбітная беларуская дзяячка і муза Янкі Купалы ў Будславе. Адукацыю атрымлівала ў розны час у Глыбокім, Рызе, Вільні, Пецярбургу.

З маладых гадоў мела наравісты характар і выразна падкрэслівала сваю беларускую ідэнтычнасць. Прымала ўдзел у жыцці беларускіх культурніцкіх і палітычных арганізацый. Была там заўважнай і аўтарытэтнай асобай.

Гэта менавіта ёй Янка Купала прысвяціў першую беларускую п’есу «Паўлінка» і многія іншыя творы. Але іх раман так і не склаўся — адзіным мужам Мядзёлкі быў Тамаш Грыб, адзін з лідараў беларускіх эсэраў і міністр унутраных справаў БНР.

«Паўлінка» — гэта дасціпная гісторыя аб тым, як няўрымслівая дзяўчына хоча пабрацца шлюбам насуперак бацькоўскай волі. Гэта была не толькі першая камедыя, якую напісаў Янка Купала, але і першая п’еса ў яго бібліяграфіі.

У студзені 1913 года «Паўлінка» была пастаўлена Алесем Бурбісам у Вільні сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў рабочым клубе «Сокал». Праз паўтары гады пасля першай пастаноўкі купалавую «Паўлінку» пабачылі і ў Беларусі. На паказе прысутнічаў не толькі сам аўтар, але і Паўліна Мядзёлка, якая першай і выканала ролю Паўлінкі.

Паўліна Мядзёлка пакінула даволі каларытныя ўспаміны, якія часткова былі апублікаваныя ў часопісе «Полымя» ў першай палове 1990-х гадоў, а асобнай кнігай пабачылі свет адносна нядаўна.

25 верасня

1765. Нарадзіўся Міхаіл Клеафас Агінскі

Пэўна, ці не кожны беларус у сваім жыцці чуў хаця б адзін раз паланэз «Развітанне з радзімай».

А кожны, хто хай сабе і мінімальна цікавіцца гісторыяй нашай краіны ведае, што ягоны аўтар развітваўся са сваёй радзімай цягам жыцця некалькі разоў. Яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай, калі быў высокім чыноўнікам і дыпламатам, Агінскі многа падарожнічаў па Еўропе. Менавіта там ён і далучыўся да музычнай культуры, пазнаёміўся з Моцартам і Гайднам.

Міхаіл Клеафас Агінскі браў удзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, але пасля паразы быў вымушаны праз Галіцыю ўцякаць у Аўстрыю. Тады на Радзіму ён усё ж вярнуўся. Больш за тое, увайшоў у давер да Аляксандра Першага. Той вярнуў яму маёнткі і нават зрабіў расійскім сенатарам. Агінскі прапаноўваў імператару праект аднаўлення ВКЛ, але гэтая задума не знайшла падтрымкі ў правіцеля.

У 1822 годзе Міхаіл Клеафас Агінскі развітаўся з радзімай у чарговы раз, гэтым разам назаўжды. Бо вымушаны быў выехаць з сям’ёй у Італію. Там ён займаўся літаратурай і музыкай, а памёр у Фларэнцыі. У маёнтку Агінскага ў Залессі, дзе і быў напісаны знакаміты паланэз, сёння месціцца музей.

Варта адзначыць, што вярнуў з забыцця беларусам слаўнага дзеяча Адам Мальдзіс. І адбылося тое яшчэ за савецкім часам.

К.К., budzma.org

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Не толькі пісьменнік, але і мастак: у Віцебску пройдзе выстава малюнкаў Васіля Быкава

29 верасня а 17.00 гадзіне ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбудзецца адкрыццё выставы мастацкай...

valiancina_shauchenka
Музыка

Кацярына Ваданосава, Relikt, ZUJ і B:N. Абвешчана праграма фестывалю «Bardauskaja Vosień 2023»

Фестываль «Bardauskaja Vosień 2023» пройдзе 27-29 кастрычніка ў Польшчы. У межах фестывалю будуць праходзіць разнастайныя мерапрыемствы...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Новы сайт Kamunikat.org: яшчэ больш кніг і магчымасцей

Анлайн-бібліятэка Kamunikat займела абноўленую версію сайта, а таксама запусціла шэраг літаратурных ініцыятыў. ...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Каб не было дарогі назад». Гурт VOLSKI анансаваў альбом «Лісты палітвязням»

26 верасня гурт VOLSKI афіцыйна абвясціў старт працы над новым музычным альбомам «Лісты палітвязням», паведамляе «Наша Ніва»....

Апошнія навіны

    Мастацтва
    Не толькі пісьменнік, але і мастак: у Віцебску пройдзе выстава малюнкаў Васіля Быкава
    Музыка
    Кацярына Ваданосава, Relikt, ZUJ і B:N. Абвешчана праграма фестывалю «Bardauskaja Vosień 2023»
    Літаратура
    Новы сайт Kamunikat.org: яшчэ больш кніг і магчымасцей
    Музыка
    «Каб не было дарогі назад». Гурт VOLSKI анансаваў альбом «Лісты палітвязням»
    Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    Грамадства Асоба
    Мастаку Вячку Целешу — 85. «Каб я асыміляваўся і стаў латышом, то мой шлях у прафэсійнае мастацтва, магчыма, прайшоў бы трошкі лягчэй»
    Культура
    Паглядзіце, якія файныя паштоўкі са Скарынам выйшлі ў беларускім выдавецтве
    Адукацыя
    «Жуйка» на партрэце Лукашэнкі і ангельская мова для... допыту палонных
    Грамадства Адукацыя «Мама, не журыся!»
    Выпрабаваньне «разьмеркаваньнем». Лявон Вольскі пра змены ў беларускай сістэме адукацыі
    Грамадства
    Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
    Грамадства
    «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму
    Гісторыя
    Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?
    Музыка
    Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя
    Культура Беларуская мова
    Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    Літаратура
    Юля Цімафеева: «Я вельмі ганаруся, што нясу нашую беларушчыну, нашую мову да амерыканскай публікі»

Афіша

  • 28.09

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Галіны Рудніцкай пра беларускую народную вышыўку ў Мінску

  • 28.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 28.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 28.09Зміцер Вайцюшкевіч у Варшаве
  • 28.09ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Галіны Рудніцкай пра беларускую народную вышыўку ў Мінску
  • 28.09Прэзентацыя беларускага нумара часопіса «Tygiel Kultury» ў Лодзі
  • 28.09Вольга Гапеева і Дзмітрый Строцаў у Патсдаме
  • 29.09 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    • Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    • Названы лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года
    • Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип