Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
25 ліпеня
1984. Памёр Уладзімір Караткевіч
Будучы класік беларускай літаратуры, напраўду культавы аўтар, з’явіўся на свет у Оршы ў 1930 годзе, дзе і атрымаў сярэднюю адукацыю.
У 1954 годзе скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у 1954–1956 гадах. Потым вучыўся зноў, але ўжо пісьменніцкаму майстэрству. У 1962 годзе перабраўся ў Мінск на сталае жыхарства.
Публікавацца пачаў яшчэ ў 1951 годзе. Праявіў сябе як пісьменнік, паэт, публіцыст, крытык і драматург. З 1957 года сябра Саюза пісьменнікаў. Аўтар раманаў, шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей, а таксама п’ес. Самыя вядомыя творы — «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зямля пад белымі крыламі».
Менавіта дзякуючы ягонай творчасці многія прыйшлі ў беларускую справу яшчэ за савецкім часам. Тэксты Караткевіча натхнялі да цікавасці сваёй мінуўшчынай, рабілі чытачоў неабыякавымі да беларускай гісторыі і культуры.
Пайшоў з жыцця Уладзімір Сямёнавіч у 54 гады пасля працяглай хваробы. Не так даўно стала вядома, што адна з вуліц у Кіеве будзе названа ў яго гонар.
26 ліпеня
1887. Першы падручнік мовы эсперанта
У гэты дзень 135 гадоў таму ў Варшаве пабачыла свет кніга пад назвай «Міжнародная мова», якая была падпісана псеўданімам «Д-ръ Эсперанто». Гэта першы вядомы нам падручнік мовы эсперанта.
Яе аўтарам быў Людвіг Лазар Заменгоф, вядомы доктар-акуліст, які нарадзіўся ў Беластоку. Менавіта пражыванне на Беласточчыне, дзе насельніцтва гаварыла ў той час сама меней на трох мовах — беларускай, польскай і ідыш — і натхніла яго на стварэнне «ўніверсальнай» мовы, якая б не належала да нейкай канкрэтнай нацыі.
З 1893 года Заменгоф жыў у Гародні, дзе працягваў медыцынскую практыку і развіццё сваёй мовы. Менавіта тут ім былі створаныя «Усеагульны слоўнік», «Зборнік практыкаванняў», а таксама з’явіўся клуб эсперантыстаў. У нашым «каралеўскім горадзе» ён пераклаў на эсперанта «Гамлета» Уільяма Шэкспіра.
Прапанаваная доктарам Заменгофам мова стала важным чыннікам камунікацыі, а таксама вехавым этапам на шляху глабальнага спазнання і ўзаемаразумення.
27 ліпеня
1990. Прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР
У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэта быў першы рашучы крок на шляху да здабыцця сапраўднай незалежнасці.
Дэкларацыя вызначала поўны дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны. Згодна з ёй Беларусь станавілася прававой дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу».
Разам з тым сілу канстытуцыйнага закона дэкларацыя набыла толькі праз год — 25 жніўня 1991 года. А ўжо ў канцы таго года ў беларускіх Віскулях кіраўнікамі Беларусі, Украіны і Расіі была дэнансавана дамова 1922 года аб утварэнні СССР. Былыя саюзныя рэспублікі пайшлі кожная сваім шляхам.
Адметна, што ў першыя гады пасля атрымання самастойнасці менавіта 27 ліпеня святкаваўся ў Беларусі на дзяржаўным узроўні Дзень незалежнасці. Хаця многім, у тым ліку і беларускім патрыётам, такі падыход не надта падабаўся. Прапаноўваліся даты 25 сакавіка і 25 жніўня.
28 ліпеня
1897. Памёр Янка Лучына
Гэты беларускі паэт нарадзіўся ў ліпені 1851 года ў Мінску. Іван Неслухоўскі, а менавіта так звалі творцу насамрэч, належаў да старажытнага беларускага шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх.
Вучыўся ў Мінскай класічнай гімназіі. Потым паехаў у Пецярбург, дзе атрымаў адукацыю па спецыяльнасці інжынера. Пасля вучобы быў накіраваны на працу ў Тыфліс (Сёння гэта Тбілісі), дзе працаваў начальнікам чыгуначных складоў. Менавіта там пазнаёміўся з Максімам Горкім.
Літаратурны дэбют паэта адбыўся ў 1886 годзе ў газеце «Мінскі лісток», а таксама ў польскім часопісе «Kłosy». Першыя творы Лучыны былі напісаныя на польскай і расейскай мове. У 1889 годзе з’явіліся вершы напісаныя па-беларуску, тады ж Неслухоўскі ўзяў сабе і псеўданім Янка Лучына. Праўда, вершаў на беларускай мове з той пары да нас дайшло не так і шмат.
Пражыў Янка Лучына нядоўгае жыццё — усяго 46 гадоў. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
29 ліпеня
1939. Менск стаў Мінскам
Ілюстрацыя: Чатырохмоўная шыльда на Віленскім вакзале ў 1926 годзе
У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне перайменаваць беларускую сталіцу з Менска ў Мінск.
Парадокс, але канчаткова беларуская форма назвы нашага галоўнага горада замацавалася толькі ў часы ранняй БССР. Бо ва ўстаўных граматах БНР бачым то «Мінск-Беларускі», то «Менск-Беларускі». А вось менавіта Менск быў канчаткова замацаваны на афіцыйным узроўні і ўжываўся ў дакументацыі пасля 1920 года. Прычым звалі так горад і за межамі рэспублікі.
Згадваем знакаміты твор Францішка Аляхновіча «У капцюрах ГПУ» аб тым, як галоўны герой перабраўся з Вільні ў Савецкую Беларусь:
«Праводжаная энэргiчна, паводле загаду зьверху, беларусiзацыя ня надта падабалася старым расейскiм чыноўнiкам, якiя апанавалi ўсе савецкiя ўстановы ў Менску, але цешылася беларуская iнтэлiгенцыя з таго i гэтага боку гранiчнае мяжы. У беларускай сацыялiстычнай савецкай рэспублiцы беларусы бачылi свой П’емонт, якi злучыць парэзаныя рыскiм трактатам беларускiя землi».
Захоўвалася гэтая форма і ў 1930-х, калі фактычна палітыка беларусізацыі была згорнутая і пачалася барацьба з так званымі «нацыянал-дэмакратамі». Уласна з гэтай, а не нейкай там лінгвістычнай прычыны, і была прынята пастанова 2-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР аб перайменаванні.
У пачатку 1990-х былі захады па вяртанні гістарычнай назвы горада, але яны так і засталіся не ўвасобленымі ў жыццё.
30 ліпеня
1840. Указ аб найменні Беларускіх і Літоўскіх губерняў
У папулярнай літаратуры па гісторыі Беларусі можам нярэдка сустрэць інфармацыю, што расійскі імператар Мікалай I забараніў выкарыстанне тэрміна «Беларусь» або «Літва», замяніўшы іх на «губерні Паўночна-Заходняга краю». Але насамрэч гэта не болей чым міф.
18 ліпеня 1840 года па старым стылі, то-бок 30 ліпеня па новым, у Расійскай імперыі быў апублікаваны ўказ «Аб найменні губерняў Беларускіх і Літоўскіх кожную асобна Віцебскаю, Магілёўскай, Віленскаю і Гродзенскаю».
Чыноўнікам было загадана адмовіцца ад агульных назваў і ўжываць канкрэтныя найменні кожнай паасобнай адміністратыўнай адзінкі. Зроблена гэта было для таго, каб у дакументацыі не ўзнікала бюракратычнай блытаніны.
Ні пра якую забарону ўжывання назваў «Беларусь» і «Літва» ў тым сенацкім указе гаворкі не вялося. Як няма там згадак і аб тым, што беларускія землі мусяць называцца Паўночна-Заходнім краем. Гэта пацвярджае той факт, што ў пазнейшых дакументах і публікацыях мы ўсё адно працягваем сустракаць назву нашай краіны. Найперш, вядома, у форме «Белоруссия».
Сам жа міф аб нібыта забароне ўжывання назваў з’явіўся роўна праз сто гадоў пасля публікавання таго ўказа і з’яўляецца спадчынай сталінскай пары. Як бачым, жыве ён і да нашага часу...
31 ліпеня
1920. Другое абвяшчэнне ССРБ
Першае абвяшчэнне Савецкай Беларусі адбылося ў студзені 1919 года ў Смаленску, калі Змітром Жылуновічам быў напісаны і апрылюднены знакаміты «Маніхфэст». Але ўжо ў лютым 1919-га бальшавікі паспрабавалі стварыць супольную беларуска-літоўскую дзяржаву са сталіцай у Вільні.
З гэтага нічога добрага не атрымалася і не магло атрымацца, таму што беларускія і літоўскія камуністы, якія цяпер апынуліся ў адным «чоўне», не мелі нічога супольнага. Аб’ядноўвалі іх хіба што бальшавісцкія ідэі. Тым часам і палякі і літоўцы ўспрымалі гэтае ўтварэнне як частку Савецкай Расіі. Яе лагічны працяг.
Калі пачалася польска-савецкая вайна, то гэтая беларуска-літоўская савецкая дзяржава пасыпалася. У красавіку 1919 года палякі ўзялі Вільню і Гародню, а ў жніўні занялі Мінск. Існаваць ЛітБел ССР працягвала хіба што фармальна.
У траўні-чэрвені 1920 года бальшавікі робяць паспяховы наступ. І ўжо 11 ліпеня займаюць Мінск, адкуль сыходзяць польскія войскі. А на наступны дзень паміж урадамі РСФСР і Літвы была заключана мірная дамова. Савецкая Расія прызнала «буржуазную» Літву і яе права на Вільню, а таксама частку беларускіх земляў.
Патрэба ў існаванні Літоўска-Беларускай ССР адпала, таму яна спыніла сваё існаванне. Адбылося Другое абвяшчэнне ССРБ, але ў межах былой Мінскай губерні. Аднак на дзяржаўным узроўні адзначалі ў міжваеннай Беларусі не 1 студзеня (калі адбылося першае абвяшчэнне) і не 31 ліпеня (калі адбылося другое), але 11 ліпеня.