Прапануем Вам падборку знакавых дат на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1468. У ВКЛ прыняты крымінальны кодэкс.
У гэты дзень быў прыняты першы, які дайшоў да нашага часу, помнік права ў ВКЛ, больш вядомы пад назвай Судзебнік Казіміра.
Нягледзчы на свой зусім невялічкі аб’ём — няма і дзесяці старонак, гэты дакумент з’яўляецца вельмі каштоўнай крыніцай па прававой гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У ім адлюстраваныя нормы літоўскага звычаёвага права, якія паходзілі яшчэ з самых старажытных часоў. А таксама фіксуюцца этапы развіцця дзяржавы ў другой палове 15 стагоддзя.
Паводле судзебніка, за злачынствы пачыналі караць ужо з сямі гадоў.
Арыгінальны акт аб выданні Судзебніка не захаваўся.
1933. Памёр Уладзімір Жылка
Нарадзіўся будучы беларускі паэт у вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна 27 мая 1900 года.
З малых гадоў шмат вандраваў па блізкім і далёкім замежжы. Пасля таго, як у 1914 годзе скончыў гарадскую вучэльню ў Міры, разам з бацькамі перабраўся ў Мінск. Але з-за Першай сусветнай вайны быў вымушаны з сям’ёй выехаць у бежанства пад Тулу, дзе скончыў Багародзіцкае агранамічнае вучылішча.
З 1917 года жыў, вучыўся і працаваў у Мінску, Вільні, Коўне, Дзвінску. А з 1923 года стала атабарыўся ў Празе. У 1926 годзе прыехаў на знакамітую моўную канферэнцыю, пасля якой вырашыў застацца ў БССР, бо «эмігрантчына была яму неўмагату».
Вярнуўшыся ў Мінск, актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю: працаваў у газеце «Звязда», быў сябрам пісьменніцкіх аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша».
Арыштаваны 18 ліпеня 1930 года па справе так званага «Саюза вызвалення Беларусі» і атрымаў судовы вырак — 5 гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласці, дзе і памёр ад сухотаў.
1918: нарадзіўся Алесь Бачыла
Будучы беларускі паэт з’явіўся на свет у простай сялянскай сям’і на Пухавіччыне.
Вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, пасля сканчэння якога быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію ў верасні 1939 года, дзе служыў да 1945 года. Удзельнік пахода ў Іран, а таксама многіх іншых вайсковых кампаній. Пакінуў пра гэта ўспаміны.
Пасля вайны працаваў у розных выданнях: «Настаўніцкай газеце», «Літаратуры і мастацтве», часопісе «Полымя».
Даследаваў творчасць Максіма Багдановіча. Аўтар знакамітага верша «Радзіма мая дарагая...».
Памёр 4 студзеня 1983 года ў Мінску. Пaxaвaны нa Уcxoднix мoгiлкax.
1067. Бітва на Нямізе
У гэты дзень, роўна 955 гадоў таму, адбылася легендарная бітва паміж злучанымі дружынамі Яраславічаў і войскам полацкага князя Усяслава Брачыславіча, у якой палачане прайгралі.
Дзякуючы гэтай падзеі, мы маем першую летапісную згадку пра беларускую сталіцу, бо пасля бітвы горад Менеск быў спалены, а яго насельнікі забраныя ў палон.
Пэўна, гэтыя радкі са «Слова аб палку Ігаравым» ведае кожны беларус:
«На Нямізе снапы сцелюць
Галавамі,
А малоцяць жа стальнымі
Іх цапамі».
1956. У Беластоку пачала выходзіць газета «Ніва»
Тыднёвік беларусаў Польшчы быў заснаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам.
Газета распавядае пра жыццё нашай дыяспары ў гэтай краіне, асвятляючы самыя розныя аспекты: палітыка, культура, літаратура, грамадскія справы. А таксама істотную ўвагу надае таму, што адбываецца ў Беларусі.
На старонках «Нівы» друкуюцца не толькі польскія, але і беларускія аўтары. У свой час малады пісьменнік-пачатковец Вячаслаў Адамчык даслаў свой твор у рэдакцыю, за што потым займеў праблемы.
2000. Памёр Мікола Ермаловіч
Мікола Ермаловіч загінуў трагічнай смерцю, трапіўшы пад колы машыны на сталічнай вуліцы. З малых гадоў у яго быў кепскі зрок, які амаль знік у сталым узросце.
Ужо адзін толькі вобраз гэтага чалавека прываблівае: паўсляпы даследчык, седзячы над паперамі кожны дзень, вяртае беларусам іхную ж спадчыну.
Галоўны даробак Міколы Ермаловіча ў ягонай творчай дзейнасці — абгрунтаванне таго, што Вялікае Княства Літоўскае — не чужая нам дзяржава.
Зараз, калі гістарычная навука пайшла далёка наперад, ягоныя працы нельга чытаць без крытычнага падыходу. Гэта добры старт для цікаўных. Але і нельга адмаўляць ягонага істотнага ўнёску.
1937. Нарадзіўся Уладзімір Крукоўскі
Вядомы беларускі мастак-плакатыст з’явіўся на свет у Асіповічах. У 1954 годзе скончыў сярэднюю школу ў Ружанах. Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, служыў у войску, скончыў Віцебскі педінстытут.
На шлях беларушчыны трывала стаў яшчэ за савецкім часам. Пра што кажуць многія ягоныя працы таго часу, якія прысвечаны Янку Купалу, Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму ды іншым выбітным беларускім асобам. А таксама праблемам двухмоўя, культуры і экалогіі ў нашай краіне.
Сумесна з Яўгенам Куліком распрацаваў эталон герба «Пагоня», а таксама сцяга, якія ў верасні 1991 года былі зацверджаны ў якасці дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.
Акрамя мастацтва, вядомы таксама сваімі журналісцкімі публікацыямі ў многіх беларускіх выданнях.
budzma.org