Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
30 студзеня
1921 г. Нарадзіўся Іван ШамякінЗ’явіўся на свет будучы класік беларускай літаратуры на Гомельшчыне ў сялянскай сям’і. Скончыў гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, браў удзел у вайне, працаваў настаўнікам у паваенны час.
Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Аўтар нарысаў, вершаў, п’ес, раманаў і аповесцей. У 1972 годзе разам з Іванам Мележам атрымаў званне Народнага пісьменніка БССР. У розны час пабыў і дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага савета.
Аўтар такіх вядомых раманаў, як «Глыбокая плынь», «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль», «Трывожнае шчасце», «Сатанінскі тур». Па ягоным рамане «Атланты і карыятыды» быў нават зняты шматсерыйны мастацкі фільм. Пісаў таксама творы на гістарычную тэматыку.
Пакінуў вельмі змястоўныя і каларытныя дзённікі, дзе сучаснасць арганічна перагукаецца з мінулым. На іх старонках аўтар шукае адказы на самыя розныя пытанні, якія будуць цікавымі не толькі яму самому. Кніга так і называецца — «Роздум на апошнім перагоне».
Пайшоў з жыцця пісьменнік у 2004 годзе.
31 студзеня
1563 г. Пачатак аблогі Полацка
У гэты дзень пачалася аблога Полацка войскамі Маскоўскай дзяржавы падчас Лівонскай вайны 1558–1582 гадоў, якая завяршылася капітуляцыяй горада.
Маскоўцы, якіх вёў сам цар Іван IV, сцягнулі пад горад вялікія сілы. Нешматлікі полацкі гарнізон ваяводы Станіслава Давойны меў невялікі выбар: або скласці зброю, або бараніць горад да апошняга. Абаронцы Полацка выбралі другое і трымалі абарону 16 дзён.
Ваявода Давойна адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадам. Гэта была памылка: пад прыкрыццём густога дыму царскія стральцы ўварваліся ў горад і перацягнулі гарматы зусім блізка да замкавых сценаў. Пасля сёмага варожага прыступу Давойна папрасіў літасці, і 15 лютага Полацк быў захоплены непрыяцелем.
Іван IV абвясціў палоннымі не толькі жаўнераў, але таксама і жыхароў горада. Удзельнік вайны італіец Аляксандр Гваніні, які быў віцебскім камендантам, у сваёй кнізе «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» пісаў, што цар вывеў з Полацка 50 тысяч нявольнікаў, многія з якіх загінулі на зімовых дарогах ад марозу і голаду.
Страта была немагчымай: Вялікае Княства Літоўскае не магло яе прыняць, а маскоўскі цар нават і не думаў вяртаць горад. Таму ў студзені 1564 года вайна разгарэлася з новай сілай. А вярнуў у склад княства Полацк ужо Стэфан Баторый, які асабіста ўзначаліў 40-тысячнае войска, якое ўзяло горад летам 1579 года пасля трохтыднёвай аблогі.
1 лютага
1733. Памёр Аўгуст ІІ Моцны
Пасля смерці Яна III Сабескага летам 1696 года ў Рэчы Паспалітай распачалася барацьба за ўладу. Правіцелямі краіны імкнуліся стаць многія, хто шукаў падтрымкі ў магнатэрыі. Найбольш жорсткая барацьба разгарэлася паміж прыхільнікамі Расіі і Аўстрыі з аднаго боку і Францыі з другога.
Аўгуст належаў да першай. Таму на элекцыйным сойме ён быў абраны літаральна пры дапамозе расійскіх войскаў, што абумовіла з’яўленне шырокай апазіцыі. Разам з тым ён імкнуўся прымірыць варожыя бакі ўнутры краіны і шукаў шляхоў да самастойнасці. За гэтыя крокі меў падтрымку буйной магнатэрыі, а таксама карыстаўся папулярнасцю ў дробнай шляхты.
У верасні 1706 года ў часе Паўночнай вайны быў вымушаны вырачыся трону. Вярнуў сабе яго ў 1709 годзе пасля Палтаўскай бітвы пры дапамозе Расіі, але разам з тым трапіў у залежнасць ад Пятра Першага і канчаткова перастаў быць самастойным манархам.
Ягоны сын Аўгуст III працягнуў палітычную лінію бацькі і, як і папярэднік, быў абраны каралём не без удзелу Расеі.
2 лютага
1838 г. Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі
Лідар паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі і Літве нарадзіўся ў Мастаўлянах, якія знаходзяцца на польскім баку беларускай-польскай мяжы. Атрымаў добрую адукацыю для свайго часу, вучыўся ў Пецярбургу.
Разам з аднадумцамі стварыў у пачатку 1860-х гадоў таемную арганізацыю, якая дзеіла на тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Стваральнік першай газеты на беларускай мове — «Мужыцкай праўды», якая была скіравана галоўным чынам на сялян. Належаў да радыкальнага крыла паўстанцаў, якое называюць «чырвонымі». Выступаў не проста за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, але за радыкальныя сацыяльныя і нацыянальныя пераўтварэнні.
Каліноўскі пакінуў па сабе такі значны адбітак на малой радзіме, што ягоная асоба ператварылася ў сапраўдную легенду. А ў часы ранняй БССР пачаў складацца культ Каліноўскага на дзяржаўным узроўні: пра яго пісалі творы, навуковыя працы, ставілі п’есы і нават здымалі фільм.
3 лютага
1919 г. І Усебеларускі з’езд
Першы Усебеларускі З’езд Саветаў. Карціна А. Д. Шыбнёва
Першы Усебеларускі з’езд саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які адбываўся 2–3 лютага 1919 года ў Мінску, быў скліканы праз месяц пасля таго, як была абвешчана Савецкая Беларусь.
Нягледзячы на тое, што фармальным старшынёй першага часовага ўрада Савецкай Беларусі быў Зміцер Жылуновіч, мерапрыемства ад імя ўрада адкрываў ягоны візаві Аляксандр Мяснікоў. Гэтая падзея стала пікавай у супрацьстаянні так званых беларускіх «нацыянал-камуністаў» і «аблвыкамзахаўцаў». Бо калі першыя выступалі за беларускую рэспубліку, хай сабе і на савецкай аснове, то другія не ўважалі беларусаў нават за нацыю.
На з’ездзе была прынятая першая канстытуцыя Савецкай Беларусі, якая замацавала і новую назву краіны — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі. На ім жа было ўхвалена выключэнне са складу новай рэспублікі Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскіх губерняў і аб’яднанне таго, што заставалася ў яе межах, з Літвой у адзіную Літоўска-Беларускую СССР.
Летам 1920 года ЛітБел будзе скасавана, а Савецкая Беларусь абвешчана ў другі раз. У снежні 1920 года абудзецца ІІ Усебеларускі з’езд, на якім будзе ўхвалены Рыжскі мір і зацверджана палітыка пераводу партыйных органаў на беларускую мову.
4 лютага
1933 г. Суд над ТБШ
Адзін з гурткоў Таварыства Беларускай Школы
У гэты дзень 90 гадоў таму ў Вільні скончыўся суд над галоўнай Управай Таварыства беларускай школы. Абвінавачанне ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы», якое закідвалася польскімі ўладамі, так і не было даказана. На той час гэтая арганізацыя была адной з нямногіх легальных у Другой Рэчы Паспалітай.
Ад моманту свайго заснавання ў 1921 годзе арганізацыя знаходзілася пад пільным наглядам з боку польскай паліцыі, спецслужбаў і адміністрацыі. Справа ў тым, што стаялі за арганізацыяй беларускія дзеячы, якія паралельна займаліся палітыкай: Браніслаў Тарашкевіч, Ігнат Дварчанін, Рыгор Шырма ды іншыя.
Ужо ў сярэдзіне 1920-х гадоў ТБШ пачало імкліва «лявець»: у рэгіёнах яго гурткі поўніліся сябрамі нелегальнай КПЗБ і разгромленай польскімі ўладамі БСРГ. У той жа час у арганізацыі аформіліся два выразныя полюсы: першы — які выступаў выключна за культурніцкую дзейнасць, другі — які настойваў на ўдзеле ў палітычным жыцці.
Канчаткова дзейнасць ТБШ была забаронена польскімі ўладамі ў снежні 1936 года.
5 лютага
1923 г. Нарадзіўся Леанід Шчамялёў
Гэты слынны беларускі жывапісец з’явіўся на свет у Віцебску. У 30-я гады нават паспеў паказаць свае першыя малюнкі Юдэлю Пэну і атрымаць яго блаславенне займацца мастацтвам. Але працягнуць справу перашкодзіла вайна.
Ва ўзросце 18 гадоў Шчамялёў быў мабілізаваны ў войска і прайшоў усю вайну ад першых дзён да апошніх. У кастрычніку 1943 года быў цяжка паранены ў баі пад Мазыром. Перамогу сустрэў на поўдні Украіны. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, таксама меў шэраг іншых медалёў і ўзнагарод.
У 1952 годзе ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1959-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1958 года прымаў удзел у мастацкіх выставах. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Народны мастак Беларусі.
Сёння яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, а таксама ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі. Акрамя гэтага ў Мінску 20 гадоў таму была створана Гарадская галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, дзе захоўваецца больш за 60 работ, якія мастак падараваў гораду.
Пайшоў з жыцця ў 2021 годзе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.