Каляндар з 6 па 12 сакавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?

06.03.2023 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. 

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


6 сакавіка

1953. Малянкоў ачольвае СССР 

332696721226.8776-900x.jpeg

Адбылося тое адразу па смерці Іосіфа Сталіна, якога яшчэ ўвечары 5 сакавіка пазбавілі ўсіх кіроўных пасадаў былыя паплечнікі. Цяпер ля штурвала вялікай краіны сталі тры чалавекі: Георгій Малянкоў, Лаўрэнцій Берыя і Мікіта Хрушчоў. 

Малянкоў заняў пасаду старшыні Савета Міністраў — з фармальнага пункту гледжання гэта была ключавая пасада ў дзяржаве. Яго першым намеснікам стаў Лаўрэнцій Берыя, які акрамя яе ўзначальваў яшчэ і сілавыя органы. Мікіта Хрушчоў сканцэнтраваўся на працы ў ЦК партыі. Разгарнулася схаваная барацьба за ўладу ў візантыйскім стылі. 

Першым з яе выбыў Берыя, які быў арыштаваны ўжо 26 чэрвеня проста на паседжанні Саўміна. Следам у верасні сам Малянкоў зробіць фатальную памылку, калі створыць пад Хрушчова новую пасаду — Першы сакратар ЦК КПСС, што дазволіць апошняму акумуляваць у сваіх руках усю ўладу над партыяй. А ўжо ў 1955 годзе Хрушчоў спачатку падвергне крытыцы былога паплечніка, а потым даб’ецца ягонай адстаўкі. 

Разам з тым менавіта за часам Малянкова пачнецца пэўная «адліга»: менавіта ён выступіць супраць культу асобы, здыме забарону на замежны друк, з’явіцца магчымасць выезда за мяжу, пачнецца дэбюракратызацыя і многае іншае.

7 сакавіка

1938. Нарадзіўся Міхась Чарняўскі 

o2s8ijpeku0usf8wr5b02kw9mz3z7mr6.jpg

Слынны беларускі археолаг, гісторык і дзеяч беларускага руху з’явіўся на свет у вёсцы Круці на Мядзельшчыне. У 1960 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З 1966 года быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук, а з 1990 года загадчыкам аддзела археалогіі першабытнага грамадства. Кандыдат гістарычных навук.

З 2007 года Міхась Чарняўскі — дацэнт катэдры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ. Ён — аўтар дзвюх навуковых манаграфій, шэрагу навукова-папулярных і публіцыстычных кніг, больш як 170 навуковых і 260 энцыклапедычных артыкулаў.

Міхась Чарняўскі ладзіў раскопкі помнікаў фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту ў басейнах Нёмана і Віліі. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» і кнігі «Беларуская археалогія...».

Ён жа апублікаваў успаміны Ларысы Геніюш «Споведзь», якія ўпершыню пабачылі свет у часопісе «Маладосць» у 1990 годзе.

Пайшоў з жыцця 20 студзеня 2013 года ў Мінску.

8 сакавіка

1928. Памёр Пётра Крачэўскі

Piotr_Krečeŭski._Пётр_Крэчэўскі.jpg

У гэты дзень у Празе пайшоў з жыцця беларускі палітычны дзяяч, гісторык, пісьменнік Пётра Крачэўскі. Часам бывае, што яшчэ пішуць Крэчэўскі. 

Ён нарадзіўся ў вёсцы Дубна непадалёк ад Мастоў у сям’і вясковага праваслаўнага дзяка. Але яго дзяцінства і юнацтва прайшлі на Кобрыншчыне, дзе ён і атрымаў пачатковую адукацыю. Пасля Крачэўскі скончыў спачатку Жыровіцкую духоўную вучэльню, а пасля і Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні.

У 1917 годзе Пётра Крачэўскі браў удзел у працы Першага Усебеларускага з’езда, быў абраны ў склад ягонага выканаўчага камітэта. У 1918 годзе ўдзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў сябрам Рады БНР, а з 1919 года займаў пасаду старшыні Рады БНР. 

Калі Аляксандр Цвікевіч у кастрычніку 1925 года склікаў канферэнцыю ў Берліне, дзе было абвешчана аб ліквідацыі палітычнага эмігранцкага цэнтра БНР на карысць Савецкай Беларусі, Пётра Крачэўскі адмовіўся прызнаваць легітымнасць гэтага мерапрыемства. 

Ён так і не здаў свой мандат і працягнуў працу ў замежжы...

9 сакавіка

1918. Апублікавана IІ Устаўная грамата

Другая_Устаўная_грамата.jpg

У гэты дзень 105 гадоў таму Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда апублікаваў Другую Устаўную грамату, у якой абвясціў аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.

З’яўленне гэтага гістарычнага дакумента можна лічыць адказам беларусаў на несправядлівы Брэсцкі мір, які быў заключаны паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. У выніку Беларусь аказалася амаль цалкам пад нямецкай акупацыяй. 

Другая Устаўная грамата абвяшчала аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа. Праўда, грамата не давала ніякай канкрэтыкі адносна суверэннасці новапаўсталай дзяржавы, яе тэрыторыі і яе адносінах з суседзямі. 

Асноўныя законы БНР павінен быў зацвердзіць Устаноўчы сойм Беларусі, які меў быць скліканы на асновах выбарчага права. А да склікання сойму Рада абвяшчалася заканадаўчым органам, а прызначаны ёй Народны Сакратарыят — выканаўчым органам. 

У ідэалагічным сэнсе змест гэтай граматы амаль цалкам супадаў з праграмай Беларускай Сацыялістычнай Грамады: 8-гадзінны працоўны дзень, раўнапраўе моў народаў Беларусі, недатыкальнасць асобы і жытла, свабода слова, друку і сумлення.

10 сакавіка

1933. Нарадзіўся Серафім Андраюк

2-3_15.jpg

Гэты вядомы беларускі крытык і даследчык літаратуры з’явіўся на свет у вёсцы Градзялі на Беласточчыне. У 1945 годзе разам з бацькамі пераехаў у вёску Бербашы на Гарадзеншчыне. 

У 1957 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ, пасля чаго працаваў настаўнікам у сярэдняй школе пад Старымі Дарогамі. У 1965 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.

У 1966–1981 гадах быў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. У 1981–1993 гадах — працаваў галоўным рэдактарам, у 1993–1996 гадах дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. 

З крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі выступаў у друку з 1964 года. Выдаў манаграфіі «Жыццё. Літаратура. Героі», «Традыцыі і сучаснасць», зборнікі крытычных артыкулаў «Вывяраючы жыццём», «Жыць чалавекам», нарыс творчасці Івана Пташнікава «Чалавек на зямлі», кнігу «Стыль пісьменніка». За кнігу «Жыць чалавекам» атрымаў у 1984 годзе літаратурную прэмію імя Івана Мележа.
Пайшоў з жыцця ў красавіку 2022 года. 

11 сакавіка

1903. Нарадзіўся Тодар Кляшторны

Todar_Klaštorny.jpg

Гэты беларускі паэт з’явіўся на свет у вёсцы Парэчча на Лепельшчыне. Пасля службы ў Чырвонай Арміі вучыўся на рабфаку ў Оршы. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Працаваў на радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша» і БелАПП.

Друкаваўся з 1925 года, калі ў часопісе «Аршанскі маладняк» былі апублікаваныя яго першыя вершы — «На смерць Фрунзе», «Брындае вечар...». Праз два гады пабачыў свет першы зборнік паэзіі пад назвай «Кляновыя завеі». Следам выйшлі «Светацені», «Ветразі», «Палі загаманілі», «Праз шторм — на штурм».

Увосень 1936 года Тодар Кляшторны быў арыштаваны, а праз год прыгавораны да смерці і расстраляны ў чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

12 сакавіка

1851. Памёр Ян Баршчэўскі

Jan_Barščeŭski._Ян_Баршчэўскі_(R._Žukoŭski_1826).jpg

Мы мала што ведаем аб тым, кім жа на самай справе быў стваральнік аднаго з самых чытаных і папулярных у беларускай літаратуры твораў. 

Дакладная дата яго нараджэння невядомая, бо ёсць як мінімум тры, кожная з якіх мае права на існаванне: 1790, 1794 або 1796 гады. Мала вядома таксама і аб паходжанні Яна Баршчэўскага. Дакладна вызначана, што быў ён са збяднелай шляхты, імаверна, з сям’і ўніяцкага святара. Вядома, што на свет з’явіўся ў невялікай вёсцы Мурагі колішняга Полацкага павета. 

Пісаць пачаў рана, бо калі вучыўся Полацкай езуіцкай калегіі, сябры празвалі яго вершаскладальнікам. Захапляўся таксама маляваннем. Працаваў спачатку ў Пецярбургу у Марскім ведамстве, што дазволіла пабываць у шэрагу краін Еўропы. Потым хатнім настаўнікам. У 1847 годзе пераехаў у горад Чуднаў, што ва Украіне, дзе і пайшоў з жыцця. 

Самы вядомы твор Баршчэўскага называецца «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Нягледзячы на тое, што напісана гэтая аповесць была на польскай мове, яна абсалютна беларусацэнтрычная