Каляндар з 8 па 14 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

08.05.2023

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


8 траўня 

1993. Заснавана Таварыства Вольных Літаратараў

18341641_634237543453600_6546465405638445915_n.jpegНа фота: Устаноўчы сход ТВЛ, які адбыўся 8 траўня 1993 года ў Наваполацку

У гэты дзень роўна 30 гадоў таму ў Наваполацку было створана Таварыства Вольных Літаратараў, якое стала заўважнай з’явай у беларускім літаратурным працэсе ў 1990-я гады.

Стваральнік і натхняльнік гэтага аб’яднання — полацкі пісьменнік і паэт Алесь Аркуш. Акрамя яго ў суполцы былі Вінцэсь Мудроў, Славамір Адамовіч, Юры Гумянюк, Ігар Сідарук, Юрась Пацюпа, Сяргей Шыдлоўскі. Таварыства Вольных Літаратараў было такім сабе нонканфармісцкім адказам на існаванне афіцыйнага пісьменніцкага саюза.

Пры аб’яднанні выходзіў часопіс «Калосьсе», а таксама была выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», якая выдавала кнігі сяброў ТВЛ. Таксама была заснаваная літаратурная прэмія «Гліняны Вялес», лаўрэатамі якой у розны час былі Ігар Бабкоў, Уладзімір Арлоў, Артур Клінаў, Андрэй Федарэнка, Сяргей Дубавец, Ганна Севярынец ды іншыя літаратары.

Атрымаць прэмію за найлепшую мастацкую кнігу на беларускай мове і гліняны стод апекуна мастацтва можна толькі аднойчы.

9 траўня

1892. Нарадзіўся Міхаіл Мялешка

Міхаіл_Мялешка.jpeg

Гэты вядомы беларускі гісторык, этнограф і пісьменнік з’явіўся на свет у вёсцы Скары на Мядзельшчыне. 

Скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут. Працаваў у Віцебскім аддзяленні Белнацкома, аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута, архівах, з 1927 года ў Цэнтральным архіўным упраўленні БССР. Быў таксама супрацоўнікам Інбелкульта. 

У 1913 годзе ў альманаху «Маладая Беларусь», які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу, надрукаваў замалёўку «Родныя абразкі», пазней выступаў пад псеўданімам Міхалка Скарэўскі ў «Нашай Ніве», іншых беларускіх газетах і выданнях.

У артыкуле «Забыты край. Нарысы Беларусі» пісаў пра гісторыю Беларусі, станаўленне і развіццё нацыянальнай літаратуры. Аўтар верша «Разгані па небе», апавяданняў «Шэпты», «Асенні шолах» і інш. 

Міхаіл Мялешка вывучаў гісторыю сялянскага руху ў Беларусі, удзельнічаў у арганізацыі архіўнай справы, этнаграфічных і краязнаўчых даследаваннях. 

У 1930 годзе быў арыштаваны па справе неіснуючага «Саюза вызвалення Беларусі». Сасланы ў Самару, дзе і памёр у 1940 годзе.

10 траўня 

1883. Нарадзіўся Янка Маўр 

3vcnkcb30uw8dlz1wqh0i8g4fdgl4ms7.jpeg

Фёдараў Іван Міхайлавіч, а менавіта так звалі пісьменніка насамрэч, з’явіўся на свет у латышскай Ліепаі.

Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў літоўскім Панявежысе, настаўнічаў у школах пад Барысавам. Браў актыўны ўдзел у нелегальным настаўніцкім сходзе, які арганізаваў Якуб Колас у 1906 годзе ў Мікалаеўшчыне. За гэта пацярпеў — быў пазбаўлены права выкладаць.

Пасля 1917 года вярнуўся да педагагічнай дзейнасці ў адной з мінскіх гімназій. Працаваў у Наркамаце асветы БССР, Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 

Друкаваўся з 1923 года з невялікімі фельетонамі. Першы буйны твор — навукова-мастацкая аповесць «Чалавек ідзе!..» пра паходжанне чалавека, якая пабачыла свет у 1926 годзе. Ад гэтага моманту пісьменнік зрабіўся адным з самых чытаных аўтараў у беларускай літаратуры і не губляе гэты статус дагэтуль. 

Янка Маўр — аўтар першага ў беларускай літаратуры прыгодніцкага рамана «Амок». Ён стварыў новы від прыгодніцкага рамана і аповесці, якіх раней не ведала наша літаратура — «Палескія рабінзоны» і ТВТ. Таксама пісаў нарысы, п’есы, перакладаў на беларускую мову.

11 траўня

1953. Памёр Гасан Канапацкі

75429663_3206831896025330_8199196003761389568_n.jpeg 

У гэты дзень 70 гадоў таму ў польскім Быдгашчы пайшоў з жыцця вядомы вайсковец і дзеяч беларускага руху. 

Гасан Канапацкі нарадзіўся ў лютым 1879 года ў Мінску ў шляхецкай татарскай сям’і. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу, служыў у царскім войску. Браў удзел у руска-японскай вайне 1904–1905 гадоў і ў Першай сусветнай вайне 1914–1918 гадоў. Кавалер Ордэнаў Святой Ганны (I і II ступені), Святога Станіслава (I і II ступені), Святога Уладзіміра (IV ступені).

22 кастрычніка 1919 года ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі пры польскім войску, быў прызначаны гетманам Беларускіх вайсковых аддзелаў. У 1920 годзе пераехаў у Вільню, дзе браў актыўны ўдзел у беларускім руху ўвесь міжваенны час. 

Быў у прыязных стасунках з Францішкам Аляхновічам, Макарам Касьцевічам і Арсенем Паўлюкевічам. Належаў да тых беларускіх арганізацый, якія супрацьстаялі беларускаму пасольскаму клубу, адкуль потым вырасла Беларуская сялянска-работніцкая грамада.

12 траўня 

1833. Нарадзіўся Бенедзікт Дыбоўскі 

Benedykt_Dyboŭski._Бэнэдыкт_Дыбоўскі_(1910).jpg

Бенедзікт Дыбоўскі з’явіўся на свет у маёнтку Адамарын у сям’і ўдзельніка паўстання 1830–1831 гадоў. Пасля заканчэння Дэрпцкага ўніверсітэта вучыўся таксама ў Берлінскім і Вроцлаўскім універсітэтах. Працаваў прафесарам кафедры заалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Быў адным з першых паслядоўнікаў вучэння Чарльза Дарвіна.

Разам з братам Адольфам, таксама навукоўцам, быў высланы ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў. Там Дыбоўскі заняўся даследаваннем флоры і фаўны Байкала і зрабіў шмат навуковых адкрыццяў. У прыватнасці, ім было адкрыта каля 20 невядомых раней рыб Байкала, апісаны 116 зусім невядомых навуцы бакаплаваў, а ў 1875 г. вучоны правёў першую серыю замераў тэмпературы вады ў Байкале да глыбіні 1320 метраў.

За ўсё гэта геаграфічнае таварыства Расіі ўзнагародзіла Дыбоўскага малым залатым медалём, а царскія ўлады ў 1877 годзе дазволілі яму вярнуцца на радзіму. Пазней Бенедзікт Дыбоўскі загадваў кафедрай заалогіі Львоўскага ўніверсітэта, дзе арганізаваў музей. 

Памёр 30 студзеня 1930 года ў Львове і пахаваны на Лычакоўскіх могілках у пантэоне паўстанцаў 1863 года.

13 траўня 

1840. Нарадзіўся Цітус Далеўскі


Цітус Далеўскі быў адным з найбліжэйшых сяброў і паплечнікаў Кастуся Каліноўскага напярэдадні і ў часе паўстання 1863–1864 гадоў. Паходзіў са шляхецкай сям’і, якая мела маёнтак на Лідчыне. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе блізка сышоўся з Францішкам Багушэвічам ды іншымі паўстанцамі. 

Арыштаваны 20 снежня 1863 года царскімі жандарамі на кватэры ўдавы паэта Уладзіслава Сыракомлі, за актыўны ўдзел у паўстанні быў прыгавораны да смерці. Публічна расстраляны акупантамі на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Апалонія Серакоўская ўзгадвала пра смяротнае пакаранне роднага брата, якое адбылося 11 студзеня 1864 года ў Вільні на Лукішскай плошчы: 

«Дзень быў светлы, але марозны. Цітус, выходзячы, выцер твар хустачкай (яна ў мяне) і запатрабаваў паліто і галёшы, сказаўшы: „Калі я буду дрыжаць ад холаду, вы будзеце казаць пра мяне, як і пра Зыгмунта Серакоўскага, якога цягнулі на смерць пасля зробленай напярэдадні цяжкай аперацыі, што ногі пада мною дрыжаць ад страху перад смерцю“». 

Цітус Далеўскі з’яўляецца адным з герояў рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

14 траўня

1917. Пачынае выходзіць «Грамада»

Без названия.jpeg

У гэты дзень у Мінску пачала выдавацца газета на беларускай мове «Грамада» — друкаваны орган Беларускай Сацыялістычнай Грамады, нацыянальнай палітычнай партыі левага кірунку. Рэдактарам выдання выступіў тагачасны кіраўнік мінскай суполкі БСГ Аркадзь Смоліч.

«Грамада» давала ацэнку грамадска-палітычных падзей у краіне, абмяркоўвала пытанні сацыялістычнага светаўпарадкаваньня, будучага дзяржаўнага будаўніцтва, асноваў духоўнага жыцця народа.

Таксама ў газеце публікаваліся матэрыялы пра сацыяльна-палітычныя прычыны вайны, пра падзеі на фронце, заклікі да міру. У ёй друкаваліся асобныя творы Змітрака Бядулі і Леапольда Родзевіча, рэвалюцыйныя песні, навіны з рэгіёнаў. Змяшчаліся таксама матэрыялы пра культурніцкае жыццё ў Мінску і рэгіёнах.

Усяго выйшла 4 нумары газеты. Апошні нумар пабачыў свет 24 чэрвеня 1917 года па новым стылі.