Старая Камароўка, Новая Камароўка, Камароўскі выган, Камароўскі лес, Камароўскае балота, Камароўскі рынак... Бадай што не кожнаму мінскаму ваколічнаму тапоніму ўдалося так шырока ўпісацца ў сацыяльную і будаўнічую гісторыю горада, як сціпламу Камароўскаму прадмесцю... У ХХ стагоддзі з бруднай, слабазаселенай і малаасвоенай рабочай ускраіны Мінска, зрабіўшы, фігуральна кажучы, эвалюцыйны скок з дагістарычнага балота, Камароўка фактычна ператварылася ў аб’ект мастацкіх твораў, ад вершаў да палотнаў, і праз выразныя архітэктурныя аб’екты і дамінанты — у сапраўдную гарадскую гордасць. Сёння прапануем прасачыць гэтую ўнікальную эвалюцыю мінскага прадмесця...
Крохалеў П. Вясна на Камароўцы. 1964 г. Палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей
Замест уступу
Под хладным камнем сим почил
Муж, уважения достойный.
Он в жизни искренно любил
Жену, детей и кров спокойный.
Он рано вечным сном уснул,
Он жить хотел — но жил по-свински:
В грязи несчастный утонул
На Комаровке в славном Минске.
«Минский голос», 29 снежня 1912 г.
У першым глабальным даведніку па Мінску, выпушчаным у 1911 г., пра Камароўку пазначана проста: «Уся паўночная частка горада, па-за Траецкай Гарой і Залатой Горкай». З пашырэннем гарадской мяжы ў канцы ХІХ ст. жыхары Мінска пачалі адрозніваць Старую Камароўку (раён цяперашніх плошчы Якуба Коласа (Камароўская плошча), бульвара Ул. Мулявіна і вул. Краснай) ад Новай Камароўкі (мясцовасць паміж вул. Варвашэні (Нова-Камароўская; прасп. Машэрава з 2005) і вул. В. Харужай (прыгожая назва «Зялёнае кальцо» пратрымалася ўсяго год, з 1959 па 1960 гг.). На захадзе і паўднёвым захадзе Камароўка межавала з прадмесцямі Пярэспа-Старажоўка, на поўдні — з Залатой Горкай і сляпянскімі ўладаннямі Ваньковічаў, на ўсход ад Лагойскага тракта ляжала частка Камароўскага лесу, якая ад пачатку ХХ ст. у народзе пачала называцца Сляпянскім (Ваньковічавым) Лесам; на паўночным усходзе ад прадмесця знаходзіўся Гарадскі выган (Камароўскае балота).
Неіснуючая забудова на неіснуючай вуліцы. Стара-Камароўская. 1949 г. Кірычэнка В. І. Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944–1952 гг. — Мн.: Беларусь, 2004
Найгалоўнымі вуліцамі прадмесця Камароўкі, безумоўна, былі Лагойскі тракт (вул. Якуба Коласа і далей, суч. Лагойскі тракт) і Барысаўскі тракт (праспект за плошчай Я. Коласа), якія разыходзіліся ад Камароўскай плошчы (плошча Якуба Коласа) — г. зв. «камароўскія ростані». Сярод цікавых назваў мясцовай сеткі вуліц можна назваць Бондараўскую (бо там сяліліся рамеснікі-бондары; сёння — Гікалы), Чырвоная (Красная, адна з нешматлікіх старых вуліц, якая перажыла савецкія перайменаванні), Казакоўская (сёння — Пугачоўская; а назва насамрэч пайшла ад прозвішча мясцовай абшарніцы — памешчыцы Аўгустыны Казаковай). З усталяваннем улады бальшавікоў з’явіліся новыя вуліцы з экзатычнымі назвамі — Кітайская (Усходняя), Турэцкая (Беламорская), прычым ні ўспамінамі, ні дакументамі не пацвярджаецца існаванне тут паселішчаў-слабодак кітайцаў ці туркаў.
Фрагмент міжваеннай польскай тапаграфічнай мапы з пазначанай на ёй новай сеткай вуліц Камароўкі
Як бачна з назваў, асноўнымі насельнікамі тут былі рамеснікі і працоўныя, таксама тут было выгодна здымаць таннае жытло. Гэтая мінская ўскраіна была адной з самых занядбаных, санітарныя ўмовы пражывання былі даволі кепскімі; нізінныя вулачкі і завулкі пасля дажджоў ператвараліся ў непраходнае балота...
Паводка ў Старой Камароўцы. 1946 г. З фондаў БДАККФД
Шэраг вуліц і завулкаў, аднакарэнных па назве ці звязаных агульнай гісторыяй з прадмесцем Камароўка, зніклі пад трасай новых кварталаў, або атрымалі новую назву і новую трасу... Аднак час бярэ сваё: Камісія па найменаванні і перайменаванні вуліц, плошчаў і інш. аб’ектаў Мінска на пасяджэнні 6 мая 2009 г. прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вул. В. Харужай — ГЦ «Люстэрка» — крама «Дом мэблі» назвы Камароўскі.
Камароўская плошча
Так да 1956 г. называлася сённяшняя плошча Якуба Коласа, занятая на той час хаатычна ўзведзенай драўлянай прыватнай забудовай. На заходнім ускрайку сучаснай плошчы (рог Захар’еўскай і Краснай) месціўся Конскі рынак — раз на год, у дзясятую за Вялікаднем пятніцу, тут праводзіліся кірмашы-«дзесятухі», дзе можна было набыць каня мясцовай пароды; тут жа працаваў Дравяны рынак — дровы прадаваліся са складоў ці з вазоў. У 1898 г. з’явіўся праект будаўніцтва на месцы Конскага рынку трамвайнага дэпо, але будаўніцтва пачалося толькі ў 1912 г. і было перапынена Першай сусветнай вайной. Трамвайна-аўтобуснае дэпо з’явілася толькі ў 1920-я гг.
Фрагмент копіі плана губернскага горада Мінска 1898 года з пазначанай на ёй сеткай тагачасных камароўскіх аб’ектаў
Паміж 1910 і 1918 гг. галоўнай дамінантай плошчы, па некаторых звестках, была Свята-Аляксееўская царква, закладзеная на грошы жаўнераў расійскага 120-га Серпухаўскага пяхотнага палка. Царква пры нявысветленых абставінах згарэла, і да пабудовы Інстытута фізкультуры плошча фактычна заставалася пустой, шчыльна аблепленая старой прыватнай забудовай.
Відарысы будучай плошчы Якуба Коласа ля «камароўскіх ростаняў», канец 1940-х — 1950-я гг. З фондаў БДАККФД
Першапачаткова запланаваны як Дом партактыву, агромністы гмах (у параўнанні з дробнымі прысадзістымі драўлянымі дамкамі) каля 15 гадоў быў адзіным значным будынкам усяго кварталу (калі не лічыць корпус Мінскага радыёзавода, пазней — прыборабудаўнічы завод). Але час прайшоў і, цяжка паверыць, як хутка ўсё наўкол змянілася: у 1953–1956 гг. новай дамінантай, своеасаблівымі варотамі ў горад, стаў комплекс Поліграфічнага камбіната; неўзабаве з’явіўся жылы дом для працоўных завода «Ударнік»; саму плошчу паступова пачалі добраўпарадкаваць. У 1956 г. Беларусь развіталася са сваім літаратурным класікам — Якубам Коласам, але плошча, названая ў гонар пісьменніка, яшчэ доўга заставалася без знакамітай скульптурнай групы. Затое ў 1965–1972 гг. плошчу ўпрыгожвала металёвая кампазіцыя «Мірны атам», прысвечаная дасягненням савецкай навукі.
Калаж ілюструе паступовыя змены аблічча Камароўскай плошчы і «камароўскіх ростаняў» на працягу 1940-х — пачатку 1970-х гг. Трамвай № 1, пушчаны ў 1946 г. да вакзала (фота 1), з’яўляўся на той час самым працяглым наземным маршрутам і адзіным спосабам найхутчэй дабрацца да цэнтра горада.
Дарэчы, плошча Коласа магла так і не займець сваю канчатковую назву, каб не вайна: у савецкіх архітэктараў меліся планы арганізаваць тут плошчу Пушкіна!
Праект ператварэння Камароўскай плошчы ў плошчу Пушкіна. Малюнак з газеты «Звязда», 11 мая 1941 г., № 110
Камароўскае поле (Камароўскі выган)
Традыцыйна распавядаецца, што Камароўскае поле, якое знаходзілася прыблізна на месцы сучаснага Камароўскага рынка, атрымала «усенародную» вядомасць дзякуючы першаму ў гісторыі Мінска авіяшоу: 24 і 25 траўня 1911 года знакаміты расейскі авіятар Сяргей Утачкін (1876–1916) здзейсніў палёты на аэраплане. Аднак за год да гэтага, 22 жніўня 1910 г., тут рабіў палёт авіятар Ранк, праўда, авіяшоу тады не атрымалася: з нявысветленай прычыны аэраплан паляцеў не ўверх, а ў натоўп, у выніку чаго некалькі чалавек былі сур’ёзна параненыя.
Па планах Мінска бачна, што на абшарах камароўскага поля былі размешчаныя артылерыйскія склады 30-й артылерыйскай брыгады (яны былі драўлянымі), а ў канцы вул. Шырокай (вул. Куйбышава) у раёне яшчэ не да канца сфармаванай вул. Камароўскай (Варвашэні/Машэрава) размяшчаліся артылерыйскія казармы (потым, у 1927–1928 гг. тут былі пабудаваны цагляныя казармы, якія ў часы вайны выкарыстоўваліся па прызначэнні, потым, у мірны час, яны былі абноўлены і прыстасаваны пад ваенны шпіталь, які дзейнічае і па сёння).
Фрагмент плана горада, складзены перад перапісам 1910 г. Камароўскі выган — гэта край гарадской мяжы, а на захад ад яго, калі прыглядзецца, кварталы прыватнай забудовы, вуліцы якіх аднатыпна названыя пранумераванымі «лініямі» — менавіта ад таго часу захавалася пару мінскіх вулічных «рэліктаў», кшталту 2-я Шостая лінія
Паступова, з пасляваеннай разбудовай былой Камароўскай плошчы і забудовай прылеглых раёнаў, Камароўскі рынак адціскаўся далей, углыб раёна, пакуль не апынуўся на тым месцы, дзе ён і знаходзіцца сёння.
Монас Манасзон. Камароўка. 1980. Нацыянальны мастацкі музей
У 1964 г. быў пабудаваны Дом мэблі, шкляны павільён якога і сёння выглядае даволі стылёва. У 1972 г. узвялі адміністрацыйна-гаспадарчы корпус рынка. А потым — доўгія 8 гадоў чакання: у той час не было спецыяльных прыстасаванняў для ўзвядзення даху без падпор, не было і вопыту такіх работ. Беларускія архітэктары вырашылі зрабіць купал са зборных лёгкіх бетонных панеляў. 37 канатаў са 124 сталёвых дратоў кожны сцягваюць па перыметры краю дах і трымаюць увесь купал. У верхнім пункце купал узняты над зямлёй на 26 метраў — гэта амаль дзевяціпавярховік! Праўда, праект гэты не арыгінальны — гандлёвы цэнтр такой жа формы ёсць і ў Чэлябінску.
Афіцыйна калгасны цэнтральны рынак «Камароўскі» адкрыўся ў 1980 г. Прыгледзьцеся да здымка: па апошняй рэстаўрацыі будынак страціў частку свайго аздаблення, у тым ліку арнаментаваны аб’ёмны пояс.
Камароўскі лес
Яшчэ і на пачатку ХХ ст. абшары Камароўскага леса складалі найважнейшую частку ад прыбыткаў багацейшых людзей мінска — Ваньковічаў з вялікасляпянскай галіны — фактычных патронаў горада. Прыблізна там, дзе сёння стаіць знакавы для многіх мінчукоў універсам «Рыга», ляжаў лясны гушчар. У 1907 г. тут запрацавала першае камерцыйнае прадпрыемства — невялічкі лесапільны заводзік. Хутка ў новыя мясціны пацягнуліся мужыкі разам з сем’ямі наймацца на працу.
На фрагменце плана Генеральнага межавання Мінскага павета, выкананага расійскімі картографамі паміж 1797 і 1800 гг., бачная Камароўка, абкружаная лясамі, а таксама велічэзнае балота на паўночны захад ад яе
Паступова, з высячэннем дзялянак, у гэтых мясцінах пачалі ўзнікаць недарагія дачы і жытло для працоўных.
Па праўдзе кажучы, у Камароўскім лесе быў і свой Рай. Не, гэта не жарт: паглядзіце на калаж з мапаў ХІХ стагоддзя, выкананых у розных маштабах — яны аб’яднаныя ўказаннем на фальварак Рай. Дакладна тапонім лакалізаваць па такіх картах цяжка, але прыблізна можна казаць пра раён сённяшняй плошчы Калініна і Батанічнага саду. Толькі на хвіліну ўявіце сабе Мінск зусім іншых тапанімічных назваў: «Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак — РАЙ!»
У калажы выкарыстаны фрагменты з польскага картаграфічнага атласа Karta dawnej Polski / W. Chrzanowski (1859) і расійскай ваенна-тапаграфічнай карты-«трохвярстоўкі» Г. Шуберта (к. 1874 г.)
Асабліва заўважныя змены ў гэтым Камароўскім раёне адбыліся ў 1930-х гадах: на перыферыі лес быў абсечаны і адсечаны ад кварталаў забудовы, былі пабудаваныя кампус Політэхнічнага інстытута, Дом друку, «генеральскі дом» ля сённяшняй ст. м. Парк Чалюскінцаў; частка лесу ператварылася ва ўласна парк Чалюскінцаў.
Зацемка з газеты «Савецкая Беларусь» аб пачатку асваення абшараў Камароўскага лесу, 3 чэрвеня 1926 г., № 124 (1719)
Да 100-годдя з дня смерці расійскага паэта А. С. Пушкіна частку Барысаўскага тракта ля парку Чалюскінцаў перайменавалі ў Пушкінскую вуліцу (1937). Абапал сённяшняй вул. Чарнышэўскага яшчэ можна пабачыць асобныя будынкі старой забудовы (афіцэрскія дамы), якая на той час атрымала назву Пушкінскага пасёлка. Побач знаходзіліся г. зв. «Пушкінскія казармы» ваеннага гарадка артылерыйскага палка (тры трохпавярховікі і сёння можна заўважыць праз паркан вайсковай часткі) — падчас вайны тут знаходзілася гарадское часовае перасыльнае аддзяленне сумна вядомага лагера для ваеннапалонных Stalag 352, які забраў жыццё па розных падліках да 10 000 жаўнераў...
Калаж ілюструе змены, якія адбыліся за паўсотні гадоў — ад пабудовы Дома друку (фота 1) да зносу прыватнага сектара па Сурганава ў бок плошчы Бангалор (фота 4). На фота 2 — нямецкі канцлагер для савецкіх палонных у Пушкінскім пасёлку, на фота 3 — пасляваенны стан будынка, у якім зараз месціцца рэдакцыя «Вячэрняга Мінска»
Пасляваенная забудова і асваенне камароўскіх абшараў працягнулася. Яшчэ напрыканцы 1970-х гг. вуліца Друкарская (Типографская)-Сурганава ўяўляла сабой масіў прыватнай забудовы. З пачатку 1970-х гг. актыўна забудоўвалася і вул. Усходняя, пачалі ўзнікаць квартальныя забудовы на Цнянскай, уздоўж вул. Горкага-Багдановіча, у раёне вул. Кульман.
Камароўскае балота
Памеры абшара Камароўскага балота спрабуе ацаніць аўтар «Апісання парафіі Віленскай дыяцэзіі», складзенага ў 1784 годзе: «Балота (най)больш значнае, вядомае пад назвай Камароўка, ляжыць за горадам на поўнач у ¼ мілі малой (трэба разумець — польскай мілі, якая прыкладна складала 7,15 км). Яно даўжынёй у мілю (магчыма, тут маецца на ўвазе літоўская міля, у 7,8 км), вялікае і няроўнае ў шырыню, у найвялікшым месцы не пераўзыходзе ¼ мілі». Такім чынам, калі прыблізна падлічыць, на канец XVIII ст. (і, трэба разумець, і да пачатку ХХ ст.) плошча балота сягала да 14 км2 і, калі метрычныя адзінкі ўзятыя правільна, атрымоўваецца абшар да 1400 га!
Каналы, шлюзы, дрэнажныя сістэмы, парнікі і доследныя дзялянкі — і ўся гэта тытанічная праца была выканана збольшага ўручную... Калаж з публікацый у часопісе Працы Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркi (1930, т. 39, вып. 6) і з фондаў БДАКФФД
Усё змянілася на пачатку ХХ ст.: у 1911 г. расійскія ўлады заснавалі Сельскагаспадарчую Балотную станцыю для даследавання магчымасцей выкарыстання асушаных балотных земляў; ад Цнянскіх тарфянікаў да першай электрастанцыі (раён сённяшняга цырка і «Недакемпінскага») па трасе Лагойскага тракта і Савецкай вуліцы (праспект Незалежнасці) пайшла вузкакалейка, а ў 1929 г. Камароўку з Таварнай станцыяй злучыў трамвай. У 1922 г. было прынята рашэнне павялічыць асушальныя плошчы ў 4 разы, — тады праз балота праклалі насыпную пясчаную дарогу (цяпер гэта адрэзак вул. Багдановіча ад Машэрава/Варвашэні да вул. Някрасава). Адначасова быў пракапаны магістральны канал і зроблены асушальныя сеткі з дрэнажу. Канал меў пачатак у паўночнай частцы балотнага масіву і ўпадаў у ручай Пярэспа, які таксама выведзены ў канал (цяпер раён ДС «Кульман»).
Рыццё канавы для спуску вады на Камароўскім балоце. Здымак з часопіса «Профэсыянальны рух Беларусі», 1925, № 12
У 1930 г. на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балотаў Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай гаспадаркі арганізаваўся навукова-даследчы інстытут балотнай гаспадаркі, але важныя доследныя працы перарваліся праз вайну. На жаль, большая частка экспанатаў і шматгадовых даследаванняў, усе архівы, бібліятэка і іншыя фондавыя матэрыялы назаўжды страчаныя для нас з-за патрапілай у будынак Усесаюзнага балотнага інстытута авіябомбы.
Паступовая разбудова пасляваеннага горада ў паўночным кірунку неўзабаве закранула і межы балотнай станцыі. У пачатку 1960-х участкі станцыі былі аддадзены пад будаўніцтва мікрараёна вуліц Арлоўская-Карастаянавай, Сельгаспасёлка. Меліярацыйныя каналы ў выніку дзейнасці водазаборных свідравін у раёне вёсак Навінкі і Цна былі назаўжды асушаны і практычна спынілі сваё існаванне. Верагодна, у памяць аб іх дагэтуль захавалася назва вуліцы Меліярацыйная ў прыватным сектары побач са скверам Катоўка.
Фрагмент мапы Мінска, знятай амерыканскім спутнікам у 1964 г., з нанесенымі арыенцірамі
Толькі ў 1970-я гг. Інстытут меліярацыі і воднай гаспадаркі прапанаваў рэарганізаваць вялізную тэрыторыю Мінскай балотнай станцыі, якая яму належала. Разглядаліся два альтэрнатыўныя варыянты: стварэнне міжвузаўскага спартыўнага комплексу або філіяла Батанічнага сада Акадэміі навук БССР. Выбар зрабілі на карысць апошняга, аднак выдзеленых сродкаў хапіла толькі на арганізацыю звычайнага парку, дэндрапарк, на жаль, рэалізаваць не атрымалася.
Булычоў Ю. А. Мінская Камароўка. 1960-я. Кардон, алей
Сёння, шпацыруючы па парку Дружбы народаў, ці ўглядаючыся ў ягоныя абшары з боку «Несьцеркі», цяжка ўявіць сабе пад нагамі хісткую балотную глебу, як цяжка ўявіць і тагачасныя намаганні супрацоўнікаў Балотнай станцыі па асушэнні і добраўпарадкаванні мясцін.
Спецыялісты запэўніваюць, что садовыя пасадкі балотнай станцыі на тэрыторыі Парку дружбы народаў часткова захаваліся: гэта абгароджаная тэрыторыя парку паміж разваротным кольцам плошчы Бангалор і скрыжаваннем з вуліцай Някрасава. Горад наступае, горад ушчыльняецца, і з кожным годам гэтыя месцы ўсё цяжэй і цяжэй пазнаць...
У горадабудаўнічай гісторыі Мінска і, канкрэтна, — у гісторыі забудовы абшараў Камароўскага балота, ёсць бадай што два яскравыя прыклады, як развіваўся (і мог бы развівацца далей) горад — размова пойдзе пра «Арлоўку» — масіўную забудову ў наваколлі сённяшняй вул. Арлоўская і не менш маштабны Сельгаспасёлак — прыклад малапавярховай прыватнай забудовы ў межах горада.
«Арлоўка»
Раён забудовы вуліцы Арлоўскай так і не атрымаў сваёй назвы — на жаль, тапанімічная традыцыя была перарваная ўжо ў часы Першай суветнай вацны, а потым і за савецкімі ўладамі. Ды й дакладна мікрараёнам яго назваць цяжка: у 1955 г., пасля знакамітай хрушчоўскай пастановы «Аб празмернасці ў архітэктуры», савецкія горадабудаўнікі змянялі падыход да праектавання новых жылых масіваў. Замест сціплых дробных квартальчыкаў 1930-х — 1950-х гг. у класічным «сталінскім» стылі, абкружаных па перыметры малапавярховымі дамкамі, сталі будавацца буйныя мікрараёны, — складаныя урбанімічныя ўтварэнні, якія нават цяжка падзяліць на кварталы.
Але сёння мы можам аднавіць гісторыю раёна і паглядзець на былыя мясціны, што ляжаць пад трасай новых вуліц і завулкаў.
На расійскай тапаграфічнай мапе Шуберта (названая ад імя кіраўніка Ваенна-тапаграфічнай камісіі, Г. Шуберта) — г.зв. «трохвярстоўцы», можна заўважыць, што раён часткова пераразае тэрыторыю былой Балотнай станцыі (пазначана зялёным).
Старэйшымі і галоўнымі шляхамі-артэрыямі раёна з сярэдзіны XIX ст. былі старажытныя Даўгінаўскі тракт (названы па вёсцы Даўгінава ў суч. Вілейскім раёне — важны пункт на шляху з Варшавы ў Полацк) і Сморгаўскі (у расійскамоўных даведніках і на некаторых мапах сустракаецца ў форме «Сморгонскій») тракт, названы па засценку (хутары) Сморгаўка (Сморгаўцы), які месціўся на трасе вуліцы Прыгарадная і зялёнай зоны. Акром таго, на мапе ў тым жа квадраце можна заўважыць Юзэфаў фальварак, засценак Пагарэліца і хутар Навіны (Навінкі). На жаль, амаль усе пазначаныя ўладанні за часам бальшавісцкай улады зніклі і з мапаў, і з памяці. Былыя ўладанні Сморгаўскага пана Даляка падыйшлі у 1923 г. да самай гарадской мяжы і былі ўключаны ў Цнянскі сельсавет.
Як паказваюць аэраздымкі 1940-х, тут яшчэ было фактычна голае поле. У пасляваенныя гады дзяржава аказалася не ў стане забяспечыць жыллём насельніцтва разбуранага Мінска. Па ўскраінах сталіцы пачалі ўтварацца стыхійна забудаваныя кварталы з халупаў і часовых, часта без фундаменту, дамоў. Каб спыніць працэс стыхійнай забудовы, а таксама наладзіць працэс прапіскі, гарсавет пачаў выдзяляць участкі пад індывідуальнае будаўніцтва і даваць ільготы — доўгатэрміновыя крэдыты, выдзяляць будаўнічыя матэрыялы. У 1955–1957 гг. мясцовыя ўлады нарэшце перайшлі да масавага жыллёвага будаўніцтва індустрыяльнымі метадамі. Масівы забудовы ў выглядзе «ўзбуйненых кварталаў» сталі першым досведам у гэтым кірунку, а раён вуліцы Арлоўскай — іх «пілотным праектам» для Мінска.
На сённяшні дзень квартал займае вялізныя абшары на поўначы горада, налічвае сотні дамоў і нясе ў сабе шмат праблем. Па-першае, і па сёння стаяць дамы, збудаваныя рукамі сваіх жа ўласнікаў, — такія дамы, як сумна іранізуюць месцічы, будаваліся «горкаўскім метадам» — то-бок з горам напалам, часта з парушэннямі будаўнічых і іншых нормаў, што з цягам часу прывяло да іх крытычнага стану. Па-другое, пашырэнне горада, наступ на прыватны сектар, ушчыльненне кварталаў — усе гэта трымае ўласнікаў у пастаянных трывозе і няўпэўненасці. Больш за тое, і сёння існуюць сучасныя камфартабельныя сядзібы, але пабудаваныя з парушэннем рэгістрацыйнай дакументацыі на іх — гэта таксама не спрыяе ўпэўненасці іх уладальнікаў у сваім лёсе.
Але ж менавіта тут, у жылым масіве вуліцы Арлоўскай, архітэктары, гарадскія ўлады і будаўнічыя арганізацыі шукалі новую форму арганізацыі жылога комплексу, з гэтага досведу нарадзіліся ідэі планавання і арганізацыі будучых Усхода, Чыжоўкі, Серабранкі, Зялёнага Луга і нават Каменнай Горкі.
«Сельгаспасёлак»
Мазалёў А. П. Ускраіна Мінска. 1959 З кнігі Аляксандр Пятровіч Мазалёў / Л. Н. Дробаў. — Мн.: Беларусь, 1976 Панарама зроблена з акна майстэрні мастака, якая знаходзілася ў будынку мастацкага камбіната па вул. Някрасава. Цяжка паверыць, але зараз гэта раён шматпавярховай забудовы сучаснай вуліцы генерала Леаніда Бяды
Сельгаспасёлак — унікальнае месца на мапе горада. З 1980-х гг. велізарны прыватны сектар вядомы тым, што тут з пераменным поспехам і з пераходамі то ў «гарачую», то ў «халодную» фазу процістаяння адбываецца канфлікт гарадскіх уладаў і ўласнікаў сядзібаў. Сталічны ўклад жыцця наступае па ўсіх франтах — пагрозы зносу, ушчыльнення, перапланіроўка вулічных трас, правядзенне новай лініі метро — усе фактары змушаюць тубыльцаў як бы «закансервавацца» ў часе і месцамі жыць так, быццам прагрэс разам з камунальнымі дабротамі так і не дакаціўся да гэтых шыротаў. Амаль сорак гадоў Сельгаспасёлак нібы падзелены трасай вул. Максіма Багдановіча на два няроўныя па памерах і лёсах участкі: левы бок збольшага застаецца некранутым, а праваму ўвесь час пагражае «знос пад корань».
У Сельгаспасёлку па-ранейшаму сустракаюцца сапраўдныя вясковыя вуліцы — старыя дамкі, ліштва на вокнах і драўляныя аздабленні, драўляныя платы. І некаторыя з такіх дамкоў стаяць ад «першай хвалі» засялення — то-бок ім пад 90 гадоў! Здымак аўтара
Участкі для будаўніцтва на пачатку 1930-х гг. тут атрымлівалі ў асноўным працаўнікі бліжэйшых прадпрыемстваў і арганізацый — з Дома друку, з 1-й клінічнай бальніцы, ад Політэхнічнага інстытута ці ад Балотнай станцыі.
Абавязкова прагуляйцеся па ацалелай брукаванцы вул. Гало — дзесьці тут, на ўзвышшы, магчыма ў сённяшнім скверы Котаўка, у міжваенны перыяд месціўся фальварак (хутар) Падгорнае, а побач, у раёне Камароўскага кальца, — фальварак Скуратава. Пошук і прывязка мапаў выкананы пры дапамозе сэрвісу «Рухомая мапа Беларусі»
Мазалёў А. П. Вуліца Някрасава. 1964 З кнігі Аляксандр Пятровіч Мазалёў / Л. Н. Дробаў. — Мн.: Беларусь, 1976
Некаторыя назвы вуліц — некалькі нумарных Базісных і Пасялковых, Экскаватарная, Меліярацыйная — нагадваюць пра паходжанне ці прафесію іх насельнікаў. У пасляваенны перыяд з’явілася традыцыя надаваць назвы вуліцам імёнамі герояў: Гало, Алешава... Ёсць тут і Літаратурная, і Тыражная, і нават Бібліятэчная, на якой, праўда, няма аніводнай бібліятэкі, але назвы падказваюць, што навасельцы працавалі хутчэй за ўсё ў Доме друку.
Сённяшнія шчаслівыя навасельцы шматпавярховікаў па Някрасава, Багдановіча, Леаніда Бяды, Лагойскім тракце, магчыма, і не ведаюць, што ў свой час згаданыя вуліцы былі забудаваны аднапавярховымі хаткамі, і тагачасная ўскраіна горада была малой радзімай для многіх мінчан у час разбудовы сталіцы, гасцінным прытулкам для пасляваенных генерацый Мінска.
Застаецца пажадаць насельнікам Сельгаспасёлка спакойнага жыцця ў сваіх дамах, а аматарам нестандартных вандровак па Мінску — параіць завітаць у своеасаблівую атмасферу пасёлка, дзе ягоную цішыню і прыгажосць чулае сэрца заўважыць у любы сезон і пры любым надвор’і.
Змітро Пілецкі, budzma.org