Што паглядзець. Камедыі пра дыктатараў

04.09.2020 Кіно

Пародыя і гумар — адзін з метадаў змагання з абсурднай і жахлівай рэчаіснасцю дыктатуры, які кінематаграфісты ўзялі на ўзбраенне ад самага ўзнікнення кіно. «Будзьма» падрыхтавала падборку камедый пра дыктатараў.


Качыны суп 

1933 г. 

Рэжысёр: Леа Мак-Кэры

Качыны суп.jpg

Амерыканская стужка, у якой зняліся знакамітыя браты Маркс, расказвае пра прыдуманую краіну Фрыдонію і мільянерку, якая абяцае 20 мільёнаў даляраў, калі дыктатарам краіны стане сімпатычны ёй Руфус Файрфлай. А далейшыя падзеі разгортваюцца вакол змагання Руфуса з суседняй краінах Сільваніяй, пасол і шпіёны якой намагаюцца перашкодзіць дыктатару. Амерыканскі інстытут кінамастацтваў адзначыў «Качыны суп» у ліку пяці найбольш смешных стужак у гісторыі Галівуда.

Вялікі дыктатар 

1940 г. 

Рэжысёр: Чарлі Чаплін

Вялікі дыктатар.jpg

Класічная стужка, адметная не толькі тым, што ў ёй здымаўся Чарлі Чаплін (да таго ж ён выступіў аўтарам сцэнара, рэжысёрам і прадзюсарам), але і абставінамі стварэння. Фільм і яго галоўны персанаж — фактычна, пародыя на Гітлера і ягоны рэжым. Акрамя таго, што праект выклікаў шырокія палітычныя дыскусіі ў той час, стужка стала камерцыйна паспяховай і атрымала пяць прэмій «Оскар».

Бананы 

1971 г. 

Рэжысёр: Вудзі Ален

Бананы.jpg

Адна з ранніх прац Вудзі Алена, а таму менш вядомая. У ёй ён таксама выступіў не толькі акторам, але і рэжысёрам і прадзюсарам. Стужка расказвае пра героя, які вырашае ўступіць у барацьбу за ўладу ў адной з так званых «бананавых рэспублік». Але нагодай для гэтага робяцца не асабістыя амбіцыі, а каханне да палітычнай актывісткі. Цікава, што ў гэтай стужцы эпізадычную ролю (адну з першых) сыграў Сільвестр Сталонэ.

Дзядзька Адольф па мянушцы Фюрэр 

1978 г. 

Рэжысёр: Франка Кастэлана

Дзядзя Адольф....png

Не самая вядомая, але надзвычай смешная стужка, у якой зняўся Адрыяна Чэлентана. Падзеі адбываюцца ў Нямеччыне часоў Гітлера. Чэлентана грае нават дзве галоўныя ролі: брата Германа, паплечніка дыктатара, і брата Густава, які выступае супраць нацызму і намагаецца здзейсніць забойства фюрэра.

Чырвоны манарх 

1983 г. 

Рэжысёр: Джэк Голд

Чырвоны манарх.jpg

Брытанская стужка з удзелам вядомага Дэвіда Сушэ (у ролі Берыі), які граў Эркюля Пуаро. Фільм распавядае пра апошнія часы ўлады Сталіна, а дакладней, пра тандэм Сталін — Берыя. Варта адзначыць, што стужка базуецца на аповедах былога супрацоўніка КДБ.

Дыктатар 

2012 г. 

Рэжысёр: Лары Чарльз

Дыктатар.jpg

Нашумелая стужка з Сашам Баронам Коэнам у галоўнай ролі (таксама сцэнарыст і прадзюсар) — пародыя на эпатажнага дыктатара нафтавай дзяржавы. Фільм распавядае пра спробу звяржэння дыктатара з дапамогай двайніка падчас візіту ў ААН і яго «гераічнае» змаганне за ўладу.

Інтэрв’ю 

2014 г. 

Рэжысёр: Эван Голдберг

Інтэрв'ю.jpg

Гісторыя таго, як амерыканская тэлезорка, аматарам шоу якой з’яўляецца сам Кім Чэн Ын, выпраўляецца ў Паўночную Карэю, каб узяць у дыктатара інтэрв’ю, але перад гэтым вярбуецца ЦРУ для місіі забойства Кім Чэн Ына.

Смерць Сталіна 

2017 г. 

Рэжысёр: Арманда Іянучы

Смерць Сталіна.jpg

Надзвычай смешная камедыя, якую, як і многія іншыя стужкі пра дыктатараў, забаранялі ў краінах постсавецкай прасторы і сярод актораў якой шмат кіназорак. Падзеі стужкі разгортваюцца вакол смерці Сталіна і далейшай барацьбы яго нядаўніх паплечнікаў за ўладу ў СССР.

Дарагі дыктатар

 2018 г. 

Рэжысёры: Ліза Адарына і Джо Сірак’юз

Дарагі дыктатар.jpg

Гісторыя сяброўства амерыканскай школьніцы і аднаго з карыбскіх дыктатараў, якое завязваецца праз перапіску. Яго турбуюць паўстанцы, незадаволеныя рэжымам, а яе — банда шкодных школьніц. Таму пасля ўцёкаў дыктатара ён, у падзяку сяброўцы за прытулак, дапамагае арганізаваць школьную рэвалюцыю.

Я вярнуўся 

2018 г. 

Рэжысёр: Лука Міньёра

Я вярнуўся.jpg

Італьянская стужка распавядае пра Беніта Мусаліні, які трапляе ў 2017 год, і з’яўляецца рэмэйкам нямецкай «Ён зноў тут» (2015), у якой аналагічна ў сучаснасць трапляе Адольф Гітлер. Падзеі разгортваюцца вакол дакументальнага кіно, што спрабуюць зняць з Мусаліні, якога спачатку ўспрынялі як добрага актора. Але ягоныя прамовы, крытыка сучаснага ладу жыцця і сама персона дыктатара пачынае атрымліваць сімпатыі і папулярнасць.

Трус Джоджо 

2019 г. 

Рэжысёр: Тайка Вайціці

Трус Доджыо.jpg

Не столькі камедыя, колькі трагікамедыя. Падзеі стужкі адбываюцца ў часы нацысцкай Германіі. Маленькі хлопчык з Гітлерюгенда марыць стаць ахоўнікам дыктатара, ён жыве з маці, ягоная сястра памерла, бацька на фронце, а стасункі з аднагодкамі зусім не складваюцца. Адзіным ягоным сяброў робіцца ўяўны Адольф Гітлер. Але пасля шэрагу трагічных падзей бачанне свету героя цалкам мяняецца.

Кірыл Стаселька, budzma.by