Новы спектакль «Камедыя Юдзіфі» па п’есе Сяргея Кавалёва прадставілі Незалежныя Купалаўцы 14 ліпеня ў Варшаве. Пастаноўку, зробленую ў калабарацыі з польскім neTTheater, паказалі ў межах тэатральнага фэсту INEXKULT. Рэжысёрам выступіў Павел Пасіні, з якім тэатральная група ўжо раней супрацоўнічала на праекце «Дзяды». Аб эксперыментах, шматсэнсовасці польскай рэжысуры і падрыхтаванасці да яе беларускіх гледачоў — у крытычным матэрыяле і ў размове з удзельнікамі пастаноўкі.
«Ва ўсіх раманах той самы сюжэт, і ты ведаеш яго на памяць»
Срэбранае памяшканне з фантанам крыві — даволі нетыповая эстэтыка для звычайна акадэмічных Купалаўцаў. Гушчыня візуальнага боку (у выкананні польскай сцэнографкі Аляксандры Канарскай) выклікае пачуццё цыклічнасці і адсутнасці паняцця часу. З першых крокаў заля зацягвае ў бясконцы зіхатлівы лабірынт са скрыўленымі адлюстраваннямі, дзе пануе сінтэз міфу, штучнага інтэлекту і неадназначнасці. Такая форма ўвядзення гледача ў «мастацкі пратэст», на які, паводле сваёй анатацыі, спектакль прэтэндуе, ахутвае, але не правакуе — хіба толькі асцярожна заігрывае.
Зоя Белахвосцік у ролі Юдзіфі. Фота: Maciej Rukasz, крыніца: фэйсбук Цэнтра культуры ў Любліне
Цягучы пачатак спектакля ставіць у цэнтр увагі стомленую Юдзіф (у выкананні Зоі Белахвосцік), прыкаваную да інваліднага вазка. Яе твар аброслы ўласнымі пакутамі, а крэсла — зблытанымі паміж сабой часткамі целаў. Статычная ўступная сцэна дазваляе падрабязна вывучыць кожную дэталь і адначасова апускае ў імгненны транс. Да безлічы раптоўна ўзніклых пытанняў кшталту: «Што ўсё гэта значыць?» нарэшце дадаюцца іншыя — калі на сцэне з’яўляецца другі персанаж, Багоас (у выкананні Аляксандра Казелы). Яго белы фрак абвешаны мініяцюрнымі святладыёднымі панэлямі, па якіх чырвонымі радкамі бягуць выразы «ён падманвае», «што яна з ім зрабіла?» ці «гэта пекла».
Багоас пачынае свой выступ працяглай міметычнай фантасмагорыяй і раптам пераходзіць у цытаванне прамовы Францыска Скарыны да біблейскай кнігі «Юдзіф». На працягу ўсяго дзейства персанаж па сутнасці з’яўляецца правадніком у спробах разабрацца, хто такая Юдзіф, як да яе ставіцца, і ці можна абраць адзіную правільную інтэрпрэтацыю яе гісторыі. У выніку прапаноўвае гледачу безліч варыянтаў, з якіх становіцца зразумела, што інсцэніроўка не грунтуецца выключна на п’есе Кавалёва, хаця яе тэкст ужо ўключае ў сябе рысы сучаснай інтэрпрэтацыі міфа — напрыклад, фразамі кшталту: «Меў рацыю Гітлер, калі казаў, што характар Юдзіфі ўвасабляе найгоршыя рысы габрэйскай нацыі!». Паводле п’есы, галоўныя персанажы самі адсочваюць апошнія тэндэнцыі ў трактаваннях сваёй гісторыі, працягваюць чытаць кніжкі, спрабуючы знайсці «нешта новае».
Аляксандр Казела ў ролі Багоаса. Фота: Maciej Rukasz, крыніца: фэйсбук Цэнтра культуры ў Любліне
Стрыжань спектакля — п’есу Сяргея Кавалёва — дапаўняюць, акрамя ўсяго, і ўстаўкі з абсурднай драматургіі Сэмюэля Бэкета. Паводле слоў акцёркі Валянціны Гарцуевай, якая выконвае ролю яскравай служкі Анжэлы, такім чынам рэжысёр Павел Пасіні хацеў «паламаць прастату гэтага міфа і паглядзець на гісторыю з розных перспектыў». Звяртанне да кампіляцыі тэкстаў з рознымі сэнсавымі нагрузкамі актор Аляксандр Казела таксама тлумачыць як спосаб «выклікаць разнастайныя асацыяцыі, адносіны да гераіні і паглядзець, як гэта пераклікаецца з сённяшнім часам — і як міф, якому тры тысячы гадоў, працуе ў сённяшніх умовах».
Быццам дапаўненне паміж радкоў, з’яўляюцца ў спектаклі і арганічныя аўтарскія мультымедыйныя задумы. Напрыклад, экраны з выявамі ў рознай стылістыцы, пачынаючы з сярэднявечных фрэсак і заканчваючы Пікаса, якія ляжаць прама перад гледачом і адлюстроўваюць бачанне гісторыі Юдзіфі штучным інтэлектам. Альбо вялікі тэлевізар, які ў прамым эфіры засяроджаны на дэтальным назіранні за галоўнай гераіняй, і рухамі камеры ў чорна-белых колерах нагадвае стылістыку млявых фільмаў Эндзі Уорхала.
«Пастаў лепш музыку, каханая»
Замест класічных арый і араторый, якія Алаферн просіць паставіць Юдзіф, рэжысёр Павел Пасіні і яго калега Марцін Судзіньскі прапаноўваюць гледачу аўтарскі жывы музычны даправод экспромт, які нагадвае стылёвую рэйв-дыскатэку. Доўгія маналогі Юдзіф у цішыні альбо на фоне ледзь распазнавальных музычных тонаў раптоўна змяняюцца суворым і рэзкім рытмам, пад які Анжэла і Багоас, нібыта на канцэрце, спяваюць радкі з п’есы і рухаюцца ў шалёным танцы, чаргуючыся з водбліскамі страбаскапічнага святла.
Аляксандр Казела ў ролі Багоаса і Валянціна Гарцуева ў ролі Анжэлы. Фота: Maciej Rukasz, крыніца: фэйсбук Купалаўцаў
Дуэт герояў Валянціны Гарцуевай і Аляксандра Казелы арганічна працуе на сцэне менавіта дзякуючы спалучэнню мастацкай эклектыкі, якая пачынаецца касцюмамі і заканчваецца акцёрскім увасабленнем характараў персанажаў. Срэбнае адзенне Анжэлы, якое зліваецца з агульным сцэнічным фонам, ідзе ўразрэз з асляпляльна белай вопраткай Багоаса так, як яе паторгванні дапаўняюць яго павольныя рухі, і абое, быццам на матчы па настольным тэнісе, спрытна мяняюцца сваімі пазіцыямі. Асаблівую цікавасць выклікаюць моманты, калі ўсё гэта бурнае дзейства адбываецца на другім плане, а на авансцэне паміж Юдзіф і Алафернам у той жа самы час пануе нерухомая цішыня.
Хаця музычнае і танцавальнае аздабленне на першы погляд павінна выклікаць жаданне рухацца ў такт персанажам, падтэкст гэтых сцэн стрымлівае на месцы. Скрываўленая ад носу да спадніцы Анжэла разам са стэрыльна чыстым д’ябальскім Багоасам на абцасах у сваіх крыху правакатыўных «стэндапах» распавядаюць нюансы гісторыі Алаферна і Юдзіфі, у якой, акрамя рамантычных дэталяў, усё ж перамагаюць трагічныя моманты. Асабліва, калі на галаве Анжэлы апынаецца белы мяшок з тоўстай крывава-чырвонай мяжой на лініі шыі, становіцца зусім нявесела — бо сваёй сімволікай нагадвае адсечаную галаву Алаферна.
Аляксандр Казела ў ролі Багоаса і Валянціна Гарцуева ў ролі Анжэлы.
Фота: Maciej Rukasz, крыніца: фэйсбук Купалаўцаў
«Яны прыйшлі да мяне і сказалі: «На цябе наша апошняя надзея»»
Разам з Юдзіф стае назаўсёды захраслым у гісторыі і Алаферн (у выкананні Аляксандра Гарцуева) — ваявода, да якога Юдзіф увайшла ў давер, нават паспела шчыра пакахаць, а потым забіла ў сне, каб выратаваць свой народ ад нападу Алафернавай арміі. Менавіта з-за свайго крывавага ўчынку персанаж Юдзіфі дагэтуль застаецца неадназначным. З аднаго боку, яна знарок зблізілася з Алафернам, а калі ён закахаўся ў яе, ліквідавала яго, а з іншага боку — любымі спосабамі намагалася дапамагчы свайму народу застацца вольным.
У гэтым кантэксце на пытанне, чаму трэба было паставіць менавіта гэты міф, Аляксандр Гарцуеў удакладняе: «Гэта непрамая, складаная асацыяцая з вобразам моцных жанчын, на якіх па сутнасці ў Беларусі ў 2020 годзе ўсё трымалася». Праз Юдзіф, якую Алаферн іранічна называе «Жаннай Д’арк», можна прасачыць павярхоўную алюзію на жаночную барацьбу за волю і праўду на фоне апошніх падзей у Беларусі.
Незалежныя Купалаўцы пра спектакль
Які сэнс у мастацкім і нацыянальным кантэкстах мае такі эксперымент менавіта ў беларускай тэатральнай прасторы, і чаму выканаўцы роляў аднагалосна пагаджаюцца з тым, што «Камедыя Юдзіфі» — самы адважны спектакль Незалежных Купалаўцаў, мы паспрабавалі разабрацца разам з чальцамі тэатральнай групы — Зояй Белахвосцік, Валянцінай Гарцуевай, Аляксандрам Гарцуевым і Аляксандрам Казелам.
Аляксандр Гарцуеў у ролі Алаферна. Фота: Maciej Rukasz, крыніца: фэйсбук Цэнтра культуры ў Любліне
Якія ў вас уражанні ад «Камедыі Юдзіфі»?
АГ: Спектакль ствараўся разам з намі, акцёрамі было прыдумана вельмі шмат рэчаў. Было таксама шмат тэарэтычнай працы. І мне падабаецца, што ў нас атрымаўся актуальны тэатр не ў сэнсе дакументальнага. У такім тэатры мне асабіста не хапае вобразнасці — тады атрымоўваецца нейкая газета, публіцыстыка ці проста публічны выступ. Гэта мае права на існаванне, але я ўсё жыцьцё займаюся тэатрам, і для мяне ён быў заўсёды звязаны з вобразным і асацыятыўным вырашэннем. Таму менавіта такі ход у «Юдзіфі» быў мне блізкі.
ЗБ: Артысту вельмі карысна апынуцца ў нязвыклых абставінах і гэткім чынам развівацца прафесійна і інтэлектуальна. Трэба заўсёды мяняцца. Таму пачуцці — толькі прыемныя.
Як лічыце, ці гатовы беларускі гледач да такога эксперыменту, тым больш — ад акадэмічных Купалаўцаў?
ВГ: Мы рыхтуем. І самі шмат рыхтаваліся — падчас працы над спектаклем мы вельмі доўга сядзелі, размаўлялі, чыталі. Усталі на ногі мы літаральна за дзесяць дзён да прэм’еры. Але беларускія гледачы пакуль, напэўна, не зусім падрыхтаваныя. Я нават уявіла сабе — калі б гэты спектакль зараз пабачылі на сцэне тэатра Янкі Купалы, то хіба б моладзь успрыняла нармальна... А вось наконт астатніх цяжка сказаць.
А што дакладна можна зрабіць, каб гледача да такіх эксперыментаў падрыхтаваць, ці трэба наадварот — скажам так, кінуць яго ў ваду і пакінуць вучыцца плаваць у гэтым усім самому?
АК: Думаю, глядач павінен рыхтаваць сябе сам. Цяпер, у эпоху інтэрнэту, ён можа сам даведацца загадзя, куды ідзе. Але ў чалавека, безумоўна, павінен быць выбар, і сёння ў яго магчымасць альтэрнатывы ёсць. Хаця існуюць і такія гледачы, якія ідуць у тэатр, як з Месяца: прачытаюць хіба толькі назву і нічога пра сам спектакль не ведаюць. Нікому ж не перашкаджае прачытаць п’есу перад праглядам спектакля — потым будзе нават лягчэй арыентавацца. Тым больш, у выпадку «Юдзіфі» — тут няма нейкіх звар’яцелых аб’ёмаў тэксту. Лічу, што часам наогул вельмі нядрэнна для гледача пабачыць нешта новае, пазнаёміцца з іншымі жанрамі.
АГ: Гэта цалкам вельмі старая спрэчка, якая тычыцца не толькі тэатра: не мастацтва павінна «апускацца» да гледача, а глядач павінен цягнуцца да яго і пазнаваць новыя формы.
ЗБ: Тэатр прапаноўвае. І чалавек можа сам абраць, паспрабаваць і вырашыць, ці падабаецца яму, ці для яго гэта, альбо не. Знайсці нешта для сябе — прыемнае ці непрыемнае.
ВГ: Галоўнае — каб гэты выбар і падобныя спектаклі сапраўды былі.
ЗБ: На прэм’еры ў Любліне якраз былі ў асноўным палякі — і даследчыкі тэатра, і тэатральныя крытыкі. Гэтыя людзі ведаюць Паўла Пасіні і ўжо добра знаёмыя з намі, асабліва пасля праекта «Дзяды». Водгукі былі пазітыўныя — палякам галоўным чынам спадабалася канструкцыя спектакля.
ВГ: Я думаю, што для палякаў такі спектакль — гэта звыкла, бо рэжысура польская.
Зоя Белахвосцік у ролі Юдзіфі і Валянціна Гарцуева ў ролі Анжэлы.
Фота: Maciej Rukasz, крыніца: фэйсбук Цэнтра культуры ў Любліне
АГ: Эстэтыка спектакля польская — як знешняя, так і ўнутраная. Палякі ўжо даўно на волі, свабодна думаюць і выражаюцца, таму дазваляюць сабе тыя рэчы, на якія мы яшчэ сто разоў азіраемся. І гэтая польская рэжысёрская школа існуе яшчэ з савецкіх часоў. Тады з’явіўся Ежы Гратоўскі, нават калі быў сацыялізм — але вось у нас, у Беларусі, ніякага Гратоўскага не было. Польскі тэатр быў зусім не апошні ва ўсе часы.
ЗБ: Польскі тэатр заўсёды быў больш сінтэтычны, і падрыхтоўка польскіх артыстаў была зусім іншая. У выпадку Паўла Пасіні, напрыклад, цікава, што ён ніколі не насаджае меркаванне і не кажа, як дакладна трэба рабіць. Ён можа паставіць нейкую задачу на адной рэпетыцыі, пасля чаго ты сам корпаешся ў гэтым, а на другой рэпетыцыі ён ужо кажа штосьці змяняць і шукаць — як роля спалучаецца з табой, з тваёй акцёрскай прыродай, і вывучаць, на што ты здольны.
ВГ: Палякі вельмі любяць знайсці шмат сэнсаў, каб глядач потым сам абіраў, што думаць. Не пакідаць ніводнага персанажа ані добрым, ані злым — гэтага ў іх няма, у адрозненне ад беларускага тэатра. Заўсёды застаецца нейкае адкрытае пытанне. Палякам ужо нецікава ставіць адзнакі ні ўчынку, ні падзеі, ні сцэне, ні характарам. Ім цікава задаць пытанне, каб ты потым сам сядзеў і вырашаў, што ты пабачыў.
Чаго прагнеце дамагчыся ад гледача гэтым спектаклем?
АК: Гэта ўжо больш пытанне да рэжысёра. Наша задача як артыстаў у першую чаргу — перадаць той канструкт, які задумаў рэжысёр, выклікаць нейкую рэакцыю ў гледача, але няма мэты выйсці на сцэну і памяняць яму светапогляд. Бо ты як артыст знаходзішся ўнутры гэтага канструкта, ты яго частка.
ЗВ: У артыста, мяркую, можа быць толькі жаданне быць зразумелым. Трапіць у мэту, не праляцець міма і выклікаць у гледача водгук.
А якія думкі павінна выклікаць у беларускага гледача «Камедыя Юдзіфі»?
ВГ: Думкі і пачуцці павінны ўвогуле з’явіцца.
АГ: Вось адзін глядач пасля прагляду спектакля сказаў: «Дзякуючы тэатру Янкі Купалы ў мяне ўзнікае нацыяльная гордасць ад датычнасці да беларускай нацыі».
ЗБ: Вось і выклікала.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org