На раскопках Малога гарадзішча археалагічнага комплексу на рацэ Менка зроблена знаходка, якая змяняе ўяўленне аб жыцці нашых далёкіх продкаў у летапісным Мінску. Упершыню выяўлена каменная ліцейная форма Х—ХІ стст. у вельмі добрай захаванасці, піша тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Каменная ліцейная форма Х-XI стагоддзяў з гарадзішча на Менцы. Фота: t.me/iinanb
— Гэта адна з найважнейшых знаходак за ўвесь час раскопак, — лічыць Андрэй Вайцяховіч, кіраўнік комплекснай экспедыцыі, загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх стагоддзяў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
— Яна сведчыць аб тым, што тыя ўпрыгожанні, трапецападобныя падвескі, якія мы раней лічылі прывезенымі з іншых краін, гэта значыць імпартнымі, маглі быць выраблены тут. Гэта даказвае, што ўжо ў тыя часы ў горадзе на Менцы поўным ходам ішла вытворчасць ювелірных упрыгожванняў. У мінулым годзе была знойдзена падвеска, якую мы аднеслі да прывазных. Гэтую версію варта перагледзець.
Каменная ліцейная форма Х-XI стагоддзяў з гарадзішча на Менцы. Фота: t.me/iinanb
Спецыялісты маюць намер даследаваць ліцейную форму на прадмет мікрачасціц, каб даведацца, з якімі каштоўнымі металамі працавалі старажытныя ювеліры.
З 2022 года Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць на тэрыторыі гарадзішча на рацэ Менцы маштабныя археалагічныя раскопкі.
У кожным з закладзеных раскопаў выяўлена вялікая колькасць разнастайных артэфактаў, у тым ліку ўнікальныя індывідуальныя знаходкі, якія датуюцца перыядамі ад VIII да XVIII стагоддзяў і раскрываюць асаблівасці фарміравання і функцыянавання археалагічнага комплексу на Менцы ў Старажытнарускі перыяд, перыяд ВКЛ, позняе Сярэднявечча і ранні Новы час.