Абарончыя канструкцыі старажытнага горада перададуць кампаніі, якая гандлюе мораным дубам, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Разборка канструкцый клецяў, выяўленых пры раскопках вала Вялікага гарадзішча. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Працы на археалагічным комплексе на рацэ Менка, што ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна, пачалі летась, каб пацвердзіць гіпотэзу, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Менск.
Папярэднія маштабныя работы на Менцы праводзіліся ў 1975–1983 гады археолагам Георгіем Штыхавым, які выявіў каля падножжа вала так званага Вялікага гарадзішча дубовыя зрубы — клеці, а ў самім вале некалькі ўзроўняў пагарэлых драўляных канструкцый. У выніку праведзеных даследаванняў Штыхаў прыйшоў да высновы, што паселішча з’яўлялася першапачатковым месцам размяшчэння старажытнага Менска.
Археалагічныя раскопкі вала ў 2023 годзе. Фота: Віктар Талочка / Sputnik
Валы Вялікага гарадзішча былі збудаваны ў пачатку XI стагоддзя і на працягу гэтага стагоддзя некалькі разоў перабудоўваліся. Паселішча прыйшло ў заняпад у сярэдзіне ці бліжэй да канца стагоддзя, тады горад быў перанесены на новае месца, на Свіслач.
Новыя маштабныя раскопкі на археалагічным комплексе, праведзеныя летась, таксама закранулі валы. Побач з прарэзкай вала ў паўночнай частцы Вялікага гарадзішча, зробленай Штыхавам, была зроблена новая прарэзка даўжынёй больш за 25 м і шырынёй больш за 30 м. Глыбіня раскопу склала 8 метраў.
Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Як адзначаюць самі навукоўцы, работы такога маштабу па вывучэнні абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ніколі не праводзіліся.
У часе раскопак вала былі выяўлены драўляныя канструкцыі, з якіх былі ўзятыя ўзоры для правядзення радыевугляроднага і дэндрахраналагічнага аналізу.
Было выяўлена ядро першапачатковага вала, а таксама зафіксаваны прынамсі тры яго падсыпкі, у выніку якіх вал дасягнуў шырыні каля 30 м. Верхняя частка вала, як удалося высветліць, насыпана з грунту з уключэннямі культурнага слоя XI — пачатку XII стагоддзя.
Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Выяўлены таксама каменныя канструкцыі, прызначаныя для ўмацавання вала.
Аснову ядра ж вала складалі парныя драўляныя зрубныя клеці, злучаныя ў ланцужок па перыметры вала. Паўночная частка клецяў з’яўлялася вонкавай вертыкальнай сцяной драўляна-земляных умацаванняў.
Побач з клецямі і непасрэдна ў іх знойдзены археалагічныя артэфакты, як то срэбныя арабскія манеты дырхамы, кубічная гірка, нож, наканечнікі стрэл, бронзавыя гузікі, жаночыя аздабленні з каляровых металаў, якія датуюцца Х — першай паловай XI стст.
Падобная канструкцыя вала з клецямі ўнутры з’яўляецца тыповай для паўднёварускіх гарадоў Х—XI стст. З боку пляцоўкі гарадзішча, побач з валам, былі выяўлены сляды жытла з разбуранай печчу-каменкай, матэрыялы ў якім могуць датавацца другой паловай XI ст.
Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Ва ўсходняй частцы вала быў зафіксаваны драўляны насціл-маставая, які перпендыкулярна праразаў вал. Праезд з насцілам зверху перакрываў клеці і, мабыць, быў створаны ў час існавання феадальнай сядзібы.
У час археалагічных даследаванняў драўляных клецяў выканана фотафіксацыя і аблічбоўка канструкцый з мэтай вывучэння іх структуры і стварэння макетаў.
Кансервацыя раскопа на зіму ў лістападзе 2023 года. Фота: тэлеграм-канал гістарычнага факультэта БДУ
У лістападзе 2023 года навукова-археалагічныя даследаванні на аб’екце былі завершаныя, драўляныя канструкцыі часова закансерваваныя, а сам раскоп часткова засыпаны, каб вярнуцца да яго ў больш спрыяльны летні перыяд. Асаблівая ўвага надаецца драўляным зрубам, якія сёння разбіраюць для кансервацыі археалагічнай драўніны.
Да работ падключылі гомельскую кампанію «Транс-цэнтр», якая з 1998 года займаецца здабычай і апрацоўкай у Беларусі рэліктавага моранага дубу, узрост якога можа складаць звыш 6000 гадоў. «Транс-цэнтр» мусіць закансерваваць драўляныя канструкцыі, выяўленыя ў вале на Менцы.
Кансервацыя драўніны будзе праходзіць у некалькі этапаў, якія ўключаюць папярэднюю апрацоўку, сушку і правядзенне ўласна кансервацыйных работ. Работы зоймуць некалькі месяцаў.
Зруб X стагоддзя. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Археалагічны комплекс на Менцы ўлады хочуць ператварыць у важны турыстычны цэнтр і новы брэнд краіны, пасля таго як большая частка беларускай гісторыі аказалася «нязручнай» для дзяржаўнай ідэалогіі.
У гэтым годзе працягнецца археалагічнае вывучэнне селішчаў і абарончых валоў на Вялікім і Малым гарадзішчах на Менцы. На аснове атрыманых звестак плануюць аднавіць выгляд паселішча станам на XI стагоддзе — перыяд яго максімальнага росквіту. У натуральную велічыню хочуць рэканструяваць як часткі драўляных умацаванняў, так і жылыя ды гаспадарчыя пабудовы, ператварыўшы месца ў скансен.
Чытайце яшчэ: На раскопках пад Мінскам знайшлі яшчэ адзін Трызуб князя Ізяслава