24 верасня ў Баранавічах адбыўся супольны выступ барда Алеся Камоцкага і паэта Усевалада Сцебуракі. Сустрэча прайшла ў межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” на курсах “Мова нанова”.
У новым сезоне заняткі па вывучэнню беларускай мовы набралі яшчэ большую папулярнасць і з’явіліся, акрамя сталіцы, ў абласных цэнтрах, а таксама некалькіх буйных раённых гарадах, у тым ліку і ў Баранавічах. На пачатку мерапрыемства з лекцыйнай часткай выступіла кіраўнік курсаў Юлія Траццяк. Усевалад Сцебурака распавеў публіцы пра досьвед правядзення беларускамоўных святаў і спыніўся на найбольш распаўсюджаных памылках ды моўных асаблівасцях “вясельнай” лексікі. Алесь Камоцкі праспяваў для наведнікаў курсаў рамансы на вершы Рыгора Барадуліна, і новыя песні з “ірландскага” цыклу.
На прыканцы імпрэзы госці атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, а таксама кнігі і часопісы ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Тэгі: Баранавічы