Імпрэза з нагоды 10-годдзя Музея радзімазнаўства з удзелам яго заснавальніка Сяргея Панізьніка, а таксама барда і мастака Андрэя Плясанава і пісьменніка Васіля Якавенкі адбылася ў мястэчку Лявонпаль Мёрскага раёну Віцебскай вобласці 27 верасня.
Сьвяткаваньне пачалося з экскурсіі па музеях. А прадоўжылася ў вялікай зале Лявонпальскага клуба.
Імпрэза сабрала поўную залю. На ёй прысутнічалі родзічы тых, чые галасы запісваў Сяргей Панізьнік у 1960–1970-я гады, інтэлігенцыя з Мінску, Мёраў, Магілёва, і іншых гарадоў Беларусі, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады.
Сяргею Панізьніку ўручылі граматы з падзякаю за захаванне спадчыны і культурніцкую дзейнасць прадстаўнікі сельскага савету Лявонпаля і Мёрскага раённага выканаўчага камітэту.
Падчас імпрэзы С. Панізьнік адзначыў:
– Самае галоўнае – нашае мястэчка на скрыжаваньні духоўных шляхоў. Некалі нашыя продкі прыйшлі ў гэты куток, пасунулі мяжу плямёнаў, што тут жылі – і цяпер стагодзьдзі гэта нашая зямля. А ў нашых прозьвішчах, тапонімах і адметных мясцовых словах можна знайсьці ўплывы латышоў, фіна-уграў ды іншых народаў, што жылі поруч з намі. Нам шанаваць і памнажаць багатую спадчыну, нам перадаваць яе нашчадкам. Вось шкада, што пакуль ня ўсе бачылі, як азалацілася нашае мястэчка: у адначасьсе тут зьявіліся некалькі мемарыяльных дошак – на графскай афіцыні, што каля палацу, на школе, збудаванай у 1930-х гадох на загад Ю. Пілсудскага і на мемарыяльнай калоне ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай; паўстаў памятны знак таксама ў гонар роду Лапацінскіх, якія тут жылі і зрабілі нямала дзеля ўзвышэньня ў свеце Лявонпаля. Усё гэта стараньнямі мастака Аніськовіча, чые продкі паходзяць адсюль і які захапіўся багатай гісторыяй мястэчка.
На мерапрыемстве была прадстаўленая “выстава кніг”, якія напісалі прысутныя пісьменнікі, Андрэя Плясанава выклікалі на біс, а пісьменніка Васіля Якавенку слухалі тройчы і былі неверагодна задаволеныя.
Прадстаўнікі мясцовай улады пахвалілі ўсіх выступоўцаў за выдатную творчасць і, як сказаў Сяргей Панізьнік: “Згода і паразуменне паміж людзьмі творчымі і “начальствам” былі лейтматывам святочнай імпрэзы”.
Публіка была ўзрушаная, бо гэтая святочная імпрэза была неверагодна шыкоўнай для мястэчка Лявонпаль. А мясцовыя ўлады прапанавалі надаць музею статус нацыянальнага.
Канцэрт-імпрэза прайшоў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Мёры