8 снежня 2011 года ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбыўся канцэрт барда Таццяны Беланогай у гімназіі №6 г. Маладзечна.
“Я вельмі хвалявалася перад канцэртам у гімназіі, бо гэта не проста школа, гэта мая alma mater, родная школа, якую я скончыла дзевяць гадоў таму. Мяне вельмі цёпла сустрэлі дырэктар, настаўнікі, вучні гімназіі. У мяне было адчуванне, што я і не пакідала гэтых сценаў. Напэўна, такое адчуванне прыходзіць, калі вяртаешся ў родныя мясціны. Для канцэрту я падрыхтавала лірычную праграму. На сустрэчы прысутнічалі вучні з восьмага па адзінаццатыя класы ўсёй школы.
Асабліва я адчуваю, што мае песні адгукаюцца ў душах дзяўчат-дзесяцікласніц, якія пасля канцэрту атачылі мяне і не хацелі адпускаць. Я прыехала з падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, тым самым адкрыўшы цудоўную перадкалядную пару. На ўсе мае пытанні падчас канцэрту вучні адказвалі на прыгожай беларускай мове. Для мяне гэта было вельмі прыемна. З упэўненасцю магу сказаць, што гімназія №6 — гімназія, у якой выхоўваюцца сапраўдныя джэнтльмены і лэдзі!”
Тэгі: Маладзечна