8 ліпеня адбылася творчая сустрэча ўдзельнікаў Рэспубліканскага летніка юных краязнаўцаў з бардамі Таццянай Беланогай і Аляксеем Галічам у мінскім Цэнтры краязнаўства і турызма. Пасля насычанага дня краязнаўцаў і іх педагогаў чакала сустрэча з паэтычным словам, купальскімі песнямі і цікавымі конкурсамі. Таццяна пачала свой выступ з расповяду пра свой новы альбом “Святло і цені”, які выйшаў увосень 2013 года дзякуючы беларускай музычнай альтэрнатыве “БМА-груп” і кампаніі “Будзьма беларусамі”. Таццяна прадставіла песні з альбома песні “Мама”, “Там, за акіянам”, песні на вершы Яўгеніі Янішчыц, Максіма Багдановіча. Таццяна абвясціла конкурс на лепшае прачытанне любімага верша на беларускай мове. Гучалі ў цудоўным выканнанні вершы Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц. Асабліва слухачы ўпадабалі верш Пімена Панчанкі “Спарышы”:
Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
I пяюць на сто ладоў сініцы —
Упіліся, пэўна, ад расы.
На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап’яну гаркаваты пах.
I арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах…
Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў —
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, —
Пару запаветных спарышоў.
Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.
У яе пакоі — вокны насцеж,
I сама, як раніца, была.
«На, вазьмі сабе спарыш на шчасце…»
Ціха засмяялася, ўзяла.
Узяла і тут жа раскусіла:
«Дзякую, браточак, шчасце ёсць!»
На вяселле хлопца запрасіла:
«Будзеш у мяне найлепшы госць!»
Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.
А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе…
Ля вачэй — маршчынкі…
Шчасця мала:
Муж — гультай, бадзяецца ды п’е.
Прызнавацца сорамна і горка.
«Як тады аслепнуць я магла?
— Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла».
Вось і ўся гісторыя…
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: «А я збярог».
На тэму маральнага выбару, жыццёвага шляху разважалі ўдзельнікі літаратурна-музычнай сустрэчы. Усе ўдзельнікі конкурсаў атрымалі памятныя падаруначкі ад грамадскай камапніі “Будзьма беларусамі!” – майку, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбу.
Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карцела – сляза закіпала, –
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк…
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць…
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
Усе прысутныя былі ачараваныя срэбным голасам Аляксея Галіча, які выконваў свае песні і песні на вершы беларускіх паэтаў. Вельмі спадабаўся прысутным майстар-клас па спевах. Аляксей прапанаваў падзяліцца прысутных на дзве “вёскі”. Адна “вёска” пачынала спяваць, а другая – падхоплівала яе спеў. Усе адчулі сябе сапраўднымі спевакамі!
Дзве гадзіны праляцелі вокамгненна. Спадзяемся, што ў сэрцах прысутных яшчэ доўга будуць гучаць песні і вершы з ліпеньскай сустрэчы.
Тэгі: Міншчына