5 сакавіка 2021-га спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры і першага з дзевяці народных пісьменнікаў Беларусі Кандрата Крапівы. З гэтай нагоды «Будзьма!» успамінае жыццё і шматгранную дзейнасць пісьменніка.
Апошні імператар
Біяграфія Кандрата Крапівы (сапраўднае імя — Кандрат Атраховіч) ахоплівае 94 чатыры гады (1896–1991 гг.), дзякуючы чаму яму выпала стаць сучаснікам і сведкам шмат якіх пераломных гістарычных падзей. Згадваючы гэты факт, нярэдка адзначаюць, што ён нарадзіўся ў год каранацыі апошняга расійскага імператара, а памёр у год аднаўлення незалежнасці Беларусі, стаў удзельнікам чатырох войнаў і жыў, калі змянілася некалькі дзяржаў. І гэта не кажучы пра асабістыя трагедыі, у прыватнасці, шлюб каханай з іншым ці смерць дзяцей.
Крапіва нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Маці памерла рана, а бацька пасля гэтага быў яшчэ двойчы жанаты. Спачатку хлопчык навучаўся ў мясцовай царкоўнапрыходскай школе. Але, імаверна, калі б не кепскія стасункі з новай мачахай, якая нават адбірала ў хлопца кнігі, бацька не адправіў бы яго вучыцца далей. Так, Крапіва атрымліваў адукацыю ў 4-класным вучылішчы (спачатку ў Стоўбцах, а потым у Койданаве), экстэрнам здаў экзамен на народнага настаўніка і ў 1914-м пачаў выкладаць у адной вёсак Міншчыны. Пазней скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, зноў працаваў настаўнікам.
І гэты, і наступны перыяд навучання і працы Крапівы перарываліся войнамі і ваеннымі кампаніямі. Так, ён быў мабілізаваны з пачаткам Першай сусветнай вайны, удзельнічаў у баях на румынскім фронце, у 1939 годзе ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. Пазней — удзел у савецка-фінскай вайне, а неўзабаве — і Другая сусветная.
ААН і старшыня Вярхоўнага Савета
Імаверна, істотным для наступнай кар’еры і літаратурнай дзейнасці стаў не толькі настаўніцкі кірунак, але і пераезд у Мінск. Тут Кандрат Крапіва скончыў педагагічны факультэт БДУ (літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне), а перад гэтым далучыўся да такіх вядомых літаратурных аб’яднанняў, як «Маладняк» і «Узвышша» (сябрамі якіх былі беларускія пісьменнікі Чарот, Пушча, Дубоўка, Чорны, Бядуля, Броўка, Глебка, Мрый і іншыя).
Далейшы кар’ерны шлях Крапівы ў нечым блізкі шляхам некаторых іншых беларускіх класікаў (напрыклад, Івана Шамякіна, нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце). Гэта не толькі ўласна літаратурная і калялітаратурная дзейнасць (рэдактарская, выдавецкая і інш.), але і дзейнасць у навуковым і палітычным (ці псеўдапалітычным) кірунку.
Так, калі асобна вылучаць калялітаратурны, навуковы і палітычны кірунак, у 30-я гады Крапіва працаваў загадчыкам аддзела часопіса «Полымя рэвалюцыі». Ужо падчас вайны рэдагаваў газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», а таксама працаваў у франтавых газетах. А з 1945 года быў рэдактарам часопіса «Вожык» (які фактычна ўзнік з вышэйзгаданай сатырычнай газеты-плаката).
Не менш уражвае навуковы напрамак дзейнасці. Ужо з сярэдзіны 20-х гадоў Крапіва працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, пасля вайны — загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук (АН) і дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН і, урэшце, віцэ-прэзідэнтам АН. А сярод найбольш значных навуковых рэгалій можна адзначыць ступень доктара філалагічных навук і званне акадэміка.
На палітычнай ніве, гэтаксама як вышэйзгаданы Іван Шамякін (і некаторыя іншыя пісьменнікі), Кандрат Крапіва неаднаразова абіраўся дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага Савета беларускай рэспублікі, а таксама ўдзельнічаў у сесіі Генеральнай асамблеі ААН.
Кірыл Стаселька, budzma.by