16 верасня ў Варшаве пачаў працу Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. Жадаючых патрапіць на мерапрыемства было настолькі шмат, што максімальна магчымая колькасць удзельнікаў набралася за тры дні да яго пачатку. Buzdma.org распавядаем, чым запомніўся першы дзень кангрэсу.
На Першым кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі
Адкрыццё пачалося аб 11-й раніцы, ужо ў пачатку мерапрыемства зала была амаль поўная. Сярод слухачоў было шмат творцаў з розных сфер: літаратары, музыкі, кінематаграфісты, мастакі. На адкрыцці выступіў «Беларускі вольны хор».
Старшыня Беларускага ПЭНа, літаратарка і праваабаронца Таццяна Нядбай
Удзельнікаў Кангрэсу віталі заснавальніца арганізацыі Інбелкульт 2.0, кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і прадстаўнік Бюро культуры Артур Юзвік.
Артур Юзвік, Ханна Радзіёўска, Марцін Ясінскі
Таццяна Нядбай нагадала, што махавік рэпрэсій у Беларуі не спыняецца, у тым ліку ў дачыненні да дзеячаў культуры.
Нагадваў пра гэта і партрэт Алеся Пушкіна — мастака-палітвязная, які загінуў у калоніі ў ліпені. Ягонае фота паставілі каля сцэны з выступоўцамі.
Партрэт Алеся Пушкіна на Першым кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі
Першая дыскусія ў межах Кангрэсу называлася «Культурная эміграцыя — мінулае i сучаснасць». У панэлі ўдзельнічалі Даследчыца гісторыі беларускай эміграцыі, галоўная рэдактарка альманаха «Запісы БІНіМ» Наталля Гардзіенка, прафесарка ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы, гісторык і палітолаг Алена Глагоўская, а таксама мастак і куратар Андрэй Дурэйка.
Андрэй Дурэйка на Першым кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі
Выступоўцы адзначылі, што беларуская культура ў эміграцыі існавала не адно стагоддзе, а таксама ўзгадалі дзеячаў, якіх можна лічыць мультыкультурнымі. Яскравы прыклад таму — паэт Адам Міцкевіч.
Наступная дыскусия была прысвечана ўзаемадзеянню еўрапейскiх і беларускіх культурных арганізацый. У якасці спікераў выступілі арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка Ambasada Kultury, галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэі «Падземка» Ганна Чыстасердава, каардынатар ініцыятывы Razam Kunst аб’яднання беларусаў Нямеччыны «Razam» e.V., рэжысёр Зміцер Чарткоў і сяброўка Пашыранай Рады асацыацыі RAZAM e. V., асэсарка, адна з арганізатарак фестывалю беларускай культуры ў Нямеччыне Minsk x Minga Іна Валіцкая. З польскага боку прысутнічалі культурны менеджар, дырэктар Старамейскага Дома культуры Марцін Ясінскі, дырэктар Бюро культуры Артур Юзвік і дырэктар Інстытута імя З. Рашэўскага Эльжбэта Вратноўска.
Зміцер Чарткоў, Таццяна Нядбай, Андрэй Дурэйка
На дыскусіі абмеркавалі неабходнасць будаваць культурны мост паміж беларускай культурай і іншымі еўрапейскімі культурамі, а таксама ствараць працы, яктя могуць быць цікавымі не толькі беларусам, але і людзям іншых нацыянальнасцей. Закранулі таксама тэмы інстытуцыйнай падтрымкі беларускіх праектаў.
Ганна Чыстасердава
Ганна Чыстасердава, адзначыла, што ў эміграцыі беларусы сутыкнуліся з новымі ўмовамі для стварэння культурных праектаў, аўдыторыя змянілася і пашырылася за кошт еўрапейскага гледача, і каб беларуская культура была бачная, то трэба вучыцца размаўляць новымі мастацкімі мовамі, паглыбляцца ў іншыя культурныя кантэксты.
Фінальная дыскусія першага дня працы Кангрэса была прысвечана пытанням мастацкай крытыкі i экспертызы праектаў.
Выступілі рэгіянальны дырэктар Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве Лізавета Дубінка-Гушча, супрацоўніца Фонду дэмакратыі для Беларусі Нямецкага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей, каардынатар культурных праграм Гётэ-Інстытута ў Варшаве Iгар Куксiн, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, якая таксама была адной са спікерак, падтрымала тэзу аб неабходнасці культуранага ўзаемадзеяння з іншымі краінамі і прыгадала абвінавачанні беларусаў у прысваенні літоўскай культурнай спадчыны, якія прагучалі з боку некаторых літоўскіх палітыкаў. На думку Аліны Коўшык, пры больш шчыльнай супрацы канфлікта можна было б пазбегнуць.
На Кангрэсе працуе кірмаш, дзе можна набыць кнігі беларускіх выдавецтваў.
Стваральнік і кіраўнік інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк
Кіраўнік выдавецтва "Скарына" ў Лонадане Ігар Іваноў і паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева
Азнаёміцца з праграмай Кангрэсу на другі дзень можна па спасылцы:
Чытайце яшчэ:
«Пашыраем беларускі космас». Вялікая размова з Алінай Коўшык пра развіццё беларускай культуры і выклікі сучаснасці