Акустычны канцэрт гурта J:Морс адбыўся ў чацвер, 10 жніўня, у віленскім клубе Paviljonas. Клуб быў не тое каб набіты бітком, але з улікам сядзячага ці, як назваў яго лідар гурта Уладзімір Пугач, «пляжнага» фармату канцэрта, вольных месцаў таксама практычна не было. Сядзелі гледачы сапраўды, як на пляжы, не на крэслах, а наўпрост на падлозе.
Напачатку канцэрта музыкі гралі ў асноўным адносна новыя песні. Амаль ўсе яны так ці інакш перагуюцца з падзеямі 2020 года, нават калі прысвечаны чарговай гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Для J:Морс гэтая тэма такая ж асабаістая і балючая, як і для большасці наведвальнікаў канцэрта. Па словах Пугача, у Беларусі ён не быў ужо паўтара гады.
Выканаўшы новыя песні (і анансаваўшы неўзабаве выхад новага альбому, над якім гурт зараз якраз працуе), «морсы» перайшлі да правераных часам хітоў, якіх шмат назапасілі за 24-гадовую гісторыю калектыву.
Напрыканцы амаль дзвухгадзінага выступу Пугач паспрабаваў абысціся без традыцыянага вяртання на біс, сказаўшы, што ў клубе няма грымёркі і няма куды сыходзіць, і прапанаваўшы проста зайграць песню на біс нікуды не сыходзячы. Але ж «схалявіць» не атрымалася: пасля некалькіх хвілін бесперапынных апладысментаў музыкі вымушаны былі вярнуцца на сцэну і выканаць яшчэ адну кампазіцыю.
Яўген Ерчак, budzma.org
Чытайце яшчэ: Уладзімір Пугач: Рабіць тое, у што верыш і што ўмееш. Захаваць сябе і беларускасць