Акрамя найлепшых беларускіх паэтаў і паэтак, у шостым фестывалі “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова ўдзельнічаюць замежныя госці. Сёлета яны прыедуць з Літвы, Расіі, Украіны, Швецыі і Чэхіі. Прадстаўляем нашых тытулаваных гасцей.
Дайнюс Гінталас
Дайнюс Гінталас (нар. 1973) – літоўскі паэт, перакладчык, аўтар лібрэта, літаратурны крытык і мастацтвазнаўца.
У 1991 г. скончыў Даўгайскую сярэднюю школу, у 1995 г. – філфак Віленскага універсітэта, філолаг, бакалаўр. У 1998–2000 гг. вывучаў гісторыю мастацтва ў магістратуры Віленскай акадэміі мастацтваў.
У 2000 г. заснаваў і дагэтуль арганізуе гурткі непрафесійных мастакоў, якія называюца „Масколішкаўскім мастацкім фронтам”. У натуральнай прасторы былога хлява ён стварыў “Галерэю ў хляве”. Правёў чатыры выставы канцэптуальнай фатаграфіі “Філасофскія будкі-прыбіральні“.
Аўтар паэтычных кніг “Гадзюка” (1997), “Боа” (2007), “Іголкі” (2016), лібрэта для рок-оперы „Рыбапас“, для музычнага спектакля па кнізе Дж. Оруэла “Ферма” і для монаспектакля-оперы “Ізадора”.
Сяргей Жадан
Сяргей Жадан (нар. у 1974 годзе) — адзін з найвядомейшых украінскіх літаратараў. Паэт, празаік, эсэіст, перакладчык, культуртрэгер, музыка. Бліскучы стыліст і эксперыментатар. Кандыдат філалагічных навук (2000), абараніў дысертацыю прысвечаную украінскаму футурызму «Філасофска-эстэтычныя погляды Міхайля Сяменкі».
Дэбютаваў у 1995 годзе зборнікам вершаў «Генерал Юда», за 20 наступных гадоў апублікаваў 11 кніг паэзіі. Апошнія па часе – “Жыццё Марыі” і “Тампліеры”. Аўтар кніг прозы «Біг Мак», «Дэпеш Мод», «Anarchy in the UKR», «Гімн дэмакратычнай моладзі», «Біг Мак²», «Варашылаўград» і інш. За кнігі “Капітал” і “Варашылаўград” здабыў найпрэстыжнейшую ва Украіне ўзнагароду “Кніга года BBC”. Па-беларуску выйшлі раманы Сяргея Жадана «Дэпеш Мод», «Anarchy in the UKR», “Варашылаўград”, а таксама збор паэзіі “Украінскія авіялініі”.
Перакладае з нямецкай, польскай, рускай і беларускай моў.
Марыяна Кіяноўская
Марыяна Кіяноўская (нар. у 1973 годзе) – паэтка, перакладчыца, эсэістка, літаратурны крытык. Аўтарка паэтычных кніг «Інкарнація» (1997), «Вінки сонетів» (1999), «Міфотворення» (2001), «Кохання і війна» (у суаўтарстве з Мар’янай Саўкай, 2002), «Книга Адама» (2004), «Звичайна мова» (2005), «Дещо щоденне» (2008), ДО ЕР» (2014), «373» (2014), «Листи з Литви/Листи зі Львова» (у суаўтарстве з Мар’янай Саўкай; 2016). Аўтарка кніжкі апавяданняў «Стежка вздовж ріки» (2008). Лаўрэатка прэміі імя Багдана-Ігара Антоныча і прэміі выдавецтва “Смолоскип”. Адзначаная пачэсным званнем “За заслугі перад польскай культурай” (Zasłużony dla kultury polskiej, 2013). Яе вершы перакладаліся на пятнаццаць моваў свету. Жыве і працуе ў Львове.
Юры ІЗДРЫК: “Кіяноўская валодае мастацтвам майстравіта праводзіць спантанную, вобразна насычаную маўленчую плынь у канструктывісцкае рэчышча абраных паэтычных матрыцаў. На тле форматворчай анеміі большасці сучасных аўтараў гэтая здатнасць выглядае ўнікальнай”.
Мары Лундквіст
Мары Лундквіст (нар. у 1950 годзе) – шведская паэтка, пісьменніца, культурніцкая журналістка і перакладчыца.
Нарадзілася ў Ёнчопінгу і вырасла ў Стагольме, дзе жыве і зараз. Яна навучалася ва ўніверсітэце, 14 год працавала бібліятэкаркай, але зараз прысвячае ўвесь свой час літаратурнай творчасці. Таксама працуе перакладчыцай і фрылансерам, рэдагуючы часопіс Ordfront Magasin. Аўтарка кніг “Замест успамінаў” (1997) “Казка на камянях” (1999) “Простае апавяданне” 2002 “Маналог для адзінокай жанчыны”(2005), “Кніга памерлых” (2008) “Пакуль я памятаю, я адна” (2013).
Лаўрэатка шматлікіх шведскіх літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі Сціга Карлсана, Літаратурнай прэміі Карын Байе, Паэтычнай прэміі Жэрара Баньера, Паэтычная прэміі Шведскага Радыё, прэміі Аспэнстрэм.
На беларускую мову творы Мары Лундквіст перакладае Дзмітры Плакс.
Яхім Топал
Яхім Топал (нар. у 1962 г.) — чэшскі паэт, празаік, журналіст і музыкант. Сын літаратара Ёзэфа Топала і брат музыканта і паэта Філіпа Топала.
Да 1898 года друкаваўся толькі ў самвыдаце. Пісаў пераважна паэзію і песенныя тэксты, якія пасля 1989 года выдаў у двух зборніках — «Miluju tě k zbláznění» і «V úterý bude válka». Супрацоўнік часопісаў «Revolver Revue» i «Respekt». За апазіцыйную дзейнасць у часы сацыялізму быў арыштаваны і змешчаны ў вар’ятню.
У 1994 годзе апублікаваў першы раман — «Сястра», постмадэрністычнае апісанне зменаў у Чэхаславакіі на пераломе 80-х і 90-х гадоў.
Аўтар кніг «Я кахаю цябе да вар’яцтва» (1991), «У аўторак будзе вайна» (1992), «Сястра» (1994), «Анёл» (1995), «Начная праца»(2001) «Супермаркет савецкіх герояў» (2004)
У беларускім перакладзе Сяргея Сматрычэнкі ў 2008 годзе ў выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга Яхіма Топала “Анёл”. У 2017-м падчас мінскага кніжнага кірмашу прэзентуецца пераклад рамана “Цэх д’ябла”. Паэзію Яхіма Топала на беларускую перакладала Марыя Мартысевіч.
Умка (Ганна Герасімава)
Ганна Герасімава (Умка) (нар. у 1961 годзе) – расійская паэтка, перакладчыца, спявачка, літаратуразнаўца.
Сольна і разам з гуртамі “Браневічок”, “Новы склад” некалькі дзясяткаў гадоў вядзе маштабную канцэртную дзейнасць, выступаючы як на салідных пляцоўках і фестывалях, так і на стыхійна арганізаваных кватэрніках, дзе з гледачоў не патрабуюць уваходнага квітка.
Ганна Герасімава пераклала з англійскай мовы на рускую раманы бітніка Джэка Керуака “Валацугі Дхармы” і “Біг Сур”, але найбольш вядомая як перакладчыца літоўскай паэзіі: у яе перастварэнні выйшлі вершы Гінтараса Патацкаса, Антанаса Янінаса, Генрыкаса Радаўскаса. Цяпер рыхтуецца да друку том вершаў жывога класіка літоўскай паэзіі Томаса Венцлавы.
Вершы Ганны Герасімавай выйшлі зборнікам “Вершыкі для дзяцей і дурняў” (2012), а таксама распаўсюджваюцца самвыдатам.
Антанас Янінас
Антанас Янінас (нар. у 1953 годзе) – літоўскі паэт, перакладчык. У 1976-1993 гг. працаваў у выдавецтве “Вага”, а таксама вядоўцам на тэлеканале “Baltijos TV”. Старшыня Літоўскага саюза пісьменнікаў з 2011 года.
Дэбютаваў у 1973 годзе. Аўтар некалькіх дзясяткаў кніг вершаў, у тым ліку “Карабель памяці” (1980), “Парабала” (1984), “Мост і іншыя вершы” (1986), “Пакой” (2011), “Вільнюс: рака цячэ ўнізе: жывапіс і паэзія” (2013). Антанас Янінас – аўтар перакладу класічнага нямецкага твора – “Фаўста” Ёгана Вольфганга Гётэ на літоўскую мову.
Вершы перакладаліся на англійскую, армянскую, грузінскую, гішпанскую, італьянскую, латышскую, нямецкую, нарвежскую, польскую, славенскую, французскую, харвацкую, шведскую і іншыя мовы.
Антанас Янінас – лаўрэат прэміі Літоўскага саюза пісьменнікаў (1991), Яцвяжскай прэміі (1997) Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне культуры і мастацтва (2003), літаратурнай прэміі Паўлюса Шырвіса (2015) і інш.