Каралева, якая стала прывідам

17.04.2023 Асоба

Роўна 475 гадоў таму, 17 красавіка 1548 года, адбылася падзея, якая ледзь не перасварыла Польшчу і Літву: Жыгімонт ІІ Аўгуст прадставіў Сойму ВКЛ у якасці сваёй жонкі Барбару Радзівіл. Літоўская і польская шляхта пагадзіліся з такім рашэннем, але толькі не Бона Сфорца. Расказваем трагічную гісторыю кахання, дзе не абышлося без тагачасных паліттэхналогій і інтрыг.


304.jpg
Барбара Радзівіл

Кожны, хто бываў у Нясвіжы, чуў паданне пра Чорную Панну, прывід якой гуляе па начах па замку. Маладая польская каралева і вялікая літоўская княгіня Барбара Радзівіл стала сапраўднай легендай, жыццё і заўчасная смерць якой — добрая нагода для стварэння мастацкіх твораў у самых розных жанрах. Але мала хто ведае, што жыццёвы шлях Барбары быў зусім не такім і салодкім, як можа падавацца на першы погляд.

Яна нарадзілася ў снежні 1520 года ў сям’і вялікага літоўскага гетмана Юрыя Радзівіла, якога за вайсковыя перамогі празвалі «Геркулесам». Родны брат Барбары — Мікалай «Руды» Радзівіл, а сястра — Ганна Альжбэта. Радзівілы таго часу — уплывовы літоўскі род, але не такі, як Гаштольды.

Юнацкія гады Барбары тыповыя для тагачаснай дзяўчыны знатнага паходжання — заняткі танцамі, літаратурай, мастацтвамі. Яна была не толькі вельмі прыгожай, але і вельмі адукаванай ды разумнай. Але разам з бесклапотным баўленнем часу былі і праблемы, якіх рэдка абміналі прадстаўніцы арыстакратычных родаў. Рэч у тым, што ў тыя часы мала калі пыталі меркавання самой дзяўчыны — бацькі звычайна вызначалі, каму яна будзе жонкай. Такім чынам звычайна вырашалі свае пытанні.

У 1537 годзе Барбару аддаюць за ваяводу навагрудскага Станіслава Гаштольда — сына Альбрэхта Гаштольда. Такім чынам Радзівілы і Гаштольды імкнуцца парадніцца, бо абодва роды, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, маюць агульны інтарэс. Як мінімум і адны і другія выступаюць за самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага. Альбрэхт Гаштольд быў у 1520-я гады фактычным кіраўніком ВКЛ, пакуль яго патрон Жыгімонт І Стары караляваў у Польшчы. Гэта з яго падачы быў створаны Першы Статут ВКЛ 1529 года, які павінен быў падкрэсліць чарговы раз адасобленасць ад польскай Кароны.

303.jpg
Жыгімонт Стары

Чытайце таксама: Дык а чаму «Стары»? Гісторыя Жыгімонта І

Маладыя селяцца ў Геранёнах, родавым гняздзе Гаштольдаў. Ёй — 17 гадоў, яму — 30. Але Станіслаў не шануе прыгажосці, вытанчанасці і розуму сваёй жонкі. А ў хуткім часе — у 1542 годзе памірае. На ім род Гаштольдаў згас. Яшчэ раней пайшлі з жыцця Альбрэхт Гаштольд і Юрый Радзівіл — свёкар і бацька. Жыццё прыгожай дзяўчыны, якой было ўсяго 22 гады, яўна не задалося...

Барбара перабіраецца да брата ў Вільню, дзе ўсё часцей пачынае наведваць балі для арыстакратыі. Вядома, яна насіла жалобны строй па рана спачылым мужы, але пры гэтым не адмаўляла сабе ў радасцях жыцця. Так і пазнаёмілася з Жыгімонтам ІІ Аўгустам, які быў раўналеткам Барбары і ўжо прызнаным за вялікага князя літоўскага і караля польскага.

305.png
Жыгімонт Аўгуст

Адбылося гэта праз інтрыгі сярод літоўскай знаці. Мясцовая арыстакратыя на чале з Альбрэхтам Гаштольдам, будучым свёкрам Барбары, надумала абвесціць яшчэ зусім малога Жыгімонта вялікім князем літоўскім. Што і адбылося ўвосень 1529 года — такім чынам літоўская знаць імкнулася займець свайго гаспадара, асобнага ад польскага. Але ў хуткім часе Жыгімонт ІІ Аўгуст быў абвешчаны і польскім каралём — пастаралася ягоная маці, каралева Бона Сфорца. Але да 1544 года рэальная ўлада ў ВКЛ належала бацьку — Жыгімонту І Старому. Той толькі на Берайсцейскім сойме аддаў яе сыну, пакінуўшы пры гэтым за сабой польскую карону.

305.jpg
Бона Сфорца

Для Радзівілаў магчымы шлюб быў назвычай удалай партыяй, яшчэ лепшай за шлюб з Гаштольдамі, бо і без таго ўплывовы літоўскі род узвысіўся б яшчэ больш. Таму стрыечныя браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны прыклалі максімальныя высілкі для таго, каб Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст пажаніліся. Была разыграная цікавая камбінацыя.

306.jpg
Ян Матэйка. Жыгімонт Аўгуст з Барбарай у Радзівілаўскім палацы ў Вільні (1867)

Даведаўшыся аб амурнай сувязі маладых, Радзівілы папрасілі Жыгімонта болей не наведваць Барбару. Да гэтага Жыгімонт Аўгуст не саромячыся наўпрост прызначыў яе фрэйлінай сваёй жонкі — Елізаветы Габсбург, з якой пабраўся шлюбам у 1543 годзе. Паводле згадак сучаснікаў, эрцгерцагіня відавочна саступала літоўскай арыстакратцы і ў прыгажосці і ў розуме. Жыгімонт нібыта і пагадзіўся парваць з Барбарай, але слова сваё не стрымаў. Магчыма, што нават і не збіраўся гэтага рабіць...

Калі чарговы раз Барбару заспелі з Жыгімонтам, то браты вымусілі яго зрабіць прапанову. Праўда, вянчаліся маладыя таемна ў 1547 годзе. На наступны год яна была прадстаўлена ў якасці ягонай жонкі сойму Вялікага Княства Літоўскага, які пагадзіўся вызнаць яе вялікай княгіняй літоўскай. І тут быў свой разлік — малады гаспадар, які толькі замяніў Жыгімонта Старога, пабраўся шлюбам з прадстаўніцай мясцовай арыстакратыі. А да ўсяго Радзівілы былі вядомыя тым, што імкнуліся да незалежнасці. Каралевай польскай Барбара стане толькі праз 2 гады — у снежні 1550 года.

З такім раскладам катэгарычна не магла пагадзіцца Бона Сфорца — амбітная маці Жыгімонта Аўгуста. Яна мела свае планы на сына — збіралася праз яго кіраваць падуладнымі землямі і выходзіла, што нейкая маладзіца перайшла ёй дарогу. Міланская прынцэса задзейнічала ўсе мажлівыя інструменты, каб нашкодзіць шчасцю маладых: пляла інтрыгі і распускала плёткі. Дайшло да таго, што пайшлі чуткі — Барбара не проста здраджвае мужу, але спіць нават... з конюхамі...

Тым не менш сын быў непахісны ў сваёй волі, і Сфорцы давялося адступіць. Канфлікт з-за Барбары стаўся для яе сапраўдным палітычным фіяска — літоўская шляхта, якая цярпець не магла прыезжую італьянку яшчэ пры жывым мужы, узненавідзела яе яшчэ больш. Пра яе паўзлі чуткі ды пагалоскі, што яна злая свякроў, якая не шануе сваёй нявесткі. А калі тая раптоўна памерла ў 1551 годзе, з’явілася версія, што Бона Сфорца атруціла маладую ў лепшых італьянскіх традыцыях.

307.jpg
Ёзэф Зімлер. Смерць Барбары Радзівіл (1860)

Праўда, сучасныя даследчыкі лічаць, што гэта не болей чым прыгожы міф. Пайшла з жыцця Барбара Радзівіл хутчэй за ўсё праз анкалогію. Колькі гадоў таму да такой высновы літоўскія медыкі пасля дэтальнага вывучэння гісторыі хваробы, а таксама супастаўлення вынікаў з данымі антраполагаў, якія рабілі агляд парэшткаў каралевы больш за 20 гадоў таму — у 2001 годзе. Верагодней за ўсё ў яе быў рак маціцы.

Міф пра трагічны лёс прыгажуні, якая рана стала каралевай і ў хуткім часе пайшла з жыцця, пачаў складацца не ўчора, і нават не пазаўчора. Рамантыкі і папулярызатары нашай даўніны заўжды ставіліся вельмі прыхільна да асобы Барбары Радзівіл.

308.jpg
Войцэх Герсан. Прывід Барбары Радзівіл (1886)

Нездарма яе партрэт змешчаны на віньетцы да кнігі «Черты из истории литовского народа» 1854 года побач з выявай Вітаўта Вялікага. Кнігу тую рабілі 3 чалавекі — Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля і Павал Кукальнік. Дык вось Сыракомля, сапраўдны пясняр «даўнейшай Літвы», напісаў для гэтага выдання артыкул пра «прыўкрасную і няшчасную» жонку Жыгімонта Аўгуста — там на поўным сур’ёзе ён ставіць яе вышэй за Анну Балейн або Мэры Сцюарт.

309.jpg
Віньетка да кнігі «Черты из истории литовского народа», 1854 год. На літоўскім дубе бачым выявы Вітаўта Вялікага і Барбары Радзівіл

Ф. Т., budzma.org