Працы майстроў ХХ стагоддзя былі вернуты амаль праз дзесяць гадоў пасля іх крадзяжу з самай вялікай дзяржаўнай мастацкай галерэі краіны ў Афінах, паведамляе The Guardian.
Учора позна вечарам грэчаская паліцыя выступіла з заявай, у якой распавяла, што працы «Жаночая галава» Пабла Пікаса і «Млын ў Штамеры» Піта Мандрыяна, скрадзеныя з Нацыянальнай галерэі ў Афінах у 2012 годзе, знаходзяцца ў руках праваахоўнікаў. У якім стане карціны — невядома. Выкраданне, якое атрымала назву «крадзяжа стагоддзя», адбылося 9 студзеня 2012 года, за дзень да закрыцця Нацыянальнай галерэі на капітальны рамонт і цягнулася каля сямі хвілінаў.
«Жаночая галава» Пабла Пікаса, 1939 год
Наступныя дзевяць гадоў злачынцы спрабавалі вывезці скрадзеныя карціны з краіны, каб прадаць іх на чорным рынку.
«Млын ў Штамеры» Піта Мандрыяна, 1905 год
Як аказалася, да гэтага моманту палотна былі схаваныя на складзе ў невялічкім горадзе Кератэя — на іх месцазнаходжанне паказаў 49-гадовы жыхар Афін, які, па меркаванні паліцэйскіх, быў адным з двух удзельнікаў выкрадання. Мужчына забраў карціны з тайніка і збіраўся вывезці іх за мяжу, але заўважыўшы назіранне паліцыі, выкінуў іх.
Карціну «Жаночая галава» Пікаса напісаў у 1939 годзе, на ёй мастак выявіў сваю сяброўку і музу Дору Мар. «Млын ў Штамеры» Мандрыяна была напісала ў 1905 годзе. Вядома, што «Жаночая галава» ацэньваецца ў 20 мільёнаў еўра.