Паэзія Чэслава Мілаша, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, вядомая ва ўсім свеце, перакладзеная на мноства моў, у тым ліку на беларускую. Менш вядома тое, што Мілаш меў эпізоды ў сваім жыцці, звязаныя з Беларуссю, у тым ліку з прыгожым горадам Глыбокае.
Чэслаў Мілаш. Фота: newsweek.pl
Дзе жылі Мілашы ў Глыбокім
Чэслаў Мілаш некалькі разоў наведваў Глыбокае ў канцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэта было звязана з месцам працы яго бацькі, інжынера Аляксандра Мілаша, які ў красавіку 1936 года стаў кіраўніком павятовага дарожнага ўпраўлення ў Глыбокім. Да пачатку Другой сусветнай вайны інжынер Мілаш адказваў за стан дарог у Дзісенскім павеце, які быў самым усходнім паветам у ІІ Рэчы Паспалітай. Цэнтрам Дзісенскага павета ў міжваенны час было Глыбокае.
Канцылярыя павятовага дарожнага ўпраўлення ў Глыбокім месцілася ў будынку староства — двухпавярховым корпусе былога кляштара кармелітаў босых, у якім у ліпені 1812 года спыняўся Напалеон. Будынак з сонечным гадзіннікам на сцяне прылягае да былога касцёла кармелітаў, які ў 1864 годзе царскія ўлады аддалі праваслаўным.
Вераніка з Кунатаў і Аляксандр Мілашы. Фота з сямейнага архіва Анджэя і Чэслава Мілашаў у Нацыянальнай Бібліятэцы ў Варшаве. Крыніца: kosinskamiloszwkrakowie.com
У Глыбокае Аляксандр Мілаш перабраўся разам з жонкай, Веранікай з дому Кунатаў. На новае месца жыхарства Мілашы прыехалі на сваім «Фордзе», які галава сям’і набыў у час сваёй папярэдняй працы дарожным інжынерам у Сувалках. Гэтак Аляксандр Мілаш увайшоў у лік вельмі нешматлікіх аўтаўладальнікаў міжваеннага Глыбокага. Глыбоцкі адрас Мілашаў дайшоў да нас дзякуючы спісу ўладальнікаў транспартных сродкаў, які надрукаваў «Wileński Dziennik Wojewódzki» (№ 1, 1937 год). Мілашы жылі па адрасе вул. Пілсудскага, 4 — гэта быў адзін з дамоў так званай «калоніі ўрадоўцаў», якую ў 20-я гады ХХ стагоддзя пабудавалі як службовае жыллё для чыноўнікаў.
Фрагмент спіса ўладальнікаў механічных транспартных сродкаў, абавязаных прадастаўляць іх на патрэбы войска / Wileński Dziennik Wojewódzki, № 1, 1937 год
1936 г. Візіт на Божае нараджэнне
Чэслаў Мілаш у той самы час жыў у Вільні і працаваў на радыё. На Божае Нараджэнне 1936 года паэт выбраўся ў Глыбокае, каб правесці свята з сям’ёй. Пасля падарожжа ў яго засталіся сумныя ўражанні і рэфлексіі, якімі ён падзяліўся 13 студзеня 1937 года ў лісце да свайго сябра, варшаўскага паэта Яраслава Івашкевіча:
«На святы быў у Глыбокім, дзісенскі павет. Закарэлыя халупы, мястэчкі, праз якія нібы прайшоў Вердэн [горад у Францыі, месца жорсткіх бітваў Першай сусветнай вайны, назва якога была сімвалам разбурэння — заўв. аўт.], з дадаткам залежаў бруду. Станцыі-баракі, адзін ліхтар і пустка, селянін у вялізным кажуху і бараняй шапцы, у лапцях, з кіем. Адтуль прыйшлі мне рэфлексіі аб абыякавасці — аб яе сіле — гэта вельмі цікавае пытанне...»
Вуліца Замкавая ў Глыбокім узімку, 1930-я гады. Фота са збораў Марыі Шмалхофер / Archiwum Historii Mówionej Domu Spotkań z Historią
Рынак у Глыбокім узімку, 1930-я гады. Фота са збораў Марыі Шмалхофер / Archiwum Historii Mówionej Domu Spotkań z Historią
Успаміны лета 1939-га
У наступным, 1937 годзе, паэту давялося змяніць горад і працу. Правая газета «Mały dziennik» абвінаваціла віленскае радыё ў тым, што некаторыя яго супрацоўнікі спрыяюць камуністам і нацыянальным меншасцям. Прыкладам «антыдзяржаўнай» пазіцыі газета назвала запрашэнне выступіць на радыё беларускаму хору Рыгора Шырмы. У выніку Мілаш, які са студэнцкіх часоў сімпатызаваў левым ідэям, страціў працу. Ён выехаў з Вільні і ўладкаваўся на радыё ў Варшаве.
Невядома, як часта Чэслаў Мілаш наведваў бацькоў, калі жыў у Варшаве. Наступная згадка пра яго прыезд у Глыбокае датуецца ўжо летам 1939-га. 14 жніўня Мілаш пісаў Івашкевічу:
«Дарагі Яраслаў! З 10 ліпеня я ў адпачынку, які па-рознаму ўдаецца. Захварэў на грып плюс ускладненні з лёгкімі, быў тады ў Вільні, [доўга гэта] цягнулася, мучылі мяне, уколы і г. д. Потым адбываў аднаўленне ў Глыбокім, малым мястэчку (сталіца дзісенскага павета), у якім уладальнікам аднаго з малых драўляных дамоў з’яўляецца бацька слаўнага пісьменніка Далэнгі-Мастовіча. Нават габрэі размаўляюць там па-беларуску, пануе брушны тыф, сяляне ходзяць у лапцях і маюць збанкі залатых рублёў — в[ельмі] багатыя мясціны — лён. Як толькі палітычная сітуацыя пагаршаецца — пазбываюцца польскіх злотых, скупляючы ўсё ў мястэчках: старыя конныя малатарні, ровары, грамафоны, матацыклы, гарэлку».
На рынку ў Глыбокім, 1930-я гады. Фота: Леанард Рачыцкі (?), архіў сям’і Дрозд, Глыбокае
Сяляне на рынку на фоне камяніцы з шыльдай Дзісенскага кааператыўнага банка ў Глыбокім. Фота: Леанард Рачыцкі (?), архіў сям’і Дрозд, Глыбокае
Гасцюючы ў Глыбокім, Чэслаў Мілаш наведаў віленскага паэта Аляксандра Рымкевіча, які з жонкай адпачываў у цешчы, што мела фальварак у ваколіцах. Выпіўшы, паэты дзяліліся сваімі поглядамі на шматнацыянальнае грамадства ўскраін ІІ Рэчы Паспалітай. Гэтыя размовы і рэфлексіі Мілаш шчыра апісаў у лісце да Івашкевіча:
«І акурат па-п’яні вельмі шмат вылазіць шляхетчыны, мы ўлезлі ў нейкую размову, з якой вынікала, што Польшча, што шляхта, што традыцыя, што рыцарства толькі мае сэнс. Гэта было нават шчыра. Так, няма рады, заўсёды польскі пісьменнік ці інтэлігент будзе глядзець на вёску з двара. Ведаеш мае беларускія сімпатыі, мае дэмакратычныя, федэрацыйныя мроі з часоў «Жагараў» [група маладых віленскіх паэтаў, да якой студэнтам належаў Мілаш — заўв. аўт.]. Але калі пакласці на шалі — з аднаго боку рыцарскія традыцыі і крэсовая шляхетчына, школа, «Стралец» у вёсцы [парамілітарная арганізацыя, якая займалася вайсковым і грамадзянскім выхаваннем моладзі — заўв. аўт.], батальёны КАПу [Корпуса аховы памежжа, створанага ў 1924 годзе для аховы ўсходняй мяжы Польскай Рэспублікі — заўв. аўт.], танкавую роту, якая прыязджае на манеўры ў ваколіцы беларускай вёскі — а з другой фальклор, надрыўную песню, мову, Максіма Танка і г. д. — то аднак перамагае гэты сэнс дысцыпліны і ўнармаванай цывілізацыі...»
У скверы ў цэнтры Глыбокага ў святочны дзень, 1930-я гады. Фота паказвае сацыяльны кантраст: побач з модна адзетай сям’ёй афіцэра Корпуса Аховы Памежжа стаіць бедны селянін з дзіцём. Фота са збораў Руслана Кулевіча
«Навокал самая карэнная Беларусь». Успаміны з кнігі «Год паляўнічага»
Глыбокае Чэслаў Мілаш узгадаў яшчэ раз, калі ўжо жыў у ЗША і быў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. У напісанай у 1987 годзе кнізе «Год паляўнічага» паэт прывёў свае назіранні, што святло ў паўднёвых і паўночных шыротах адрозніваецца. Адметнасць паўночнага святла ён упершыню заўважыў якраз у Глыбокім. Згадаўшы гэта, паэт напісаў яшчэ некалькі сказаў пра сам горад.
«Першы раз меў гэтае адчуванне [адрознення святла на поўначы], калі незадоўга перад выбухам Другой сусветнай вайны прыехаў з Варшавы ў мястэчка Глыбокае, дзе тады працаваў мой бацька. Глыбокае не знаходзіцца болей на поўнач, чым мой родны павет, але дужа далей на ўсход, таму можа адгэтуль розніца. Ніколі не апісаў гэтае мястэчка. Навокал самая карэнная Беларусь, а тут — барока былых езуіцкіх касцёлаў і ўсярэдзіне — штэтл, вядомы з габрэйскай літаратуры і жывапісу Шагала, але такой гушчыні драўляных крамаў ні перад тым, ні потым не бачыў. Гэта выглядала як адзін драўляны кораб з перагародкамі на асобныя крамы».
Панарама Глыбокага, каля 1928 года. Справа — парафіяльны касцёл Святой Тройцы, злева — царква Раства Багародзіцы, былы касцёл кармелітаў босых. Фота: Ежы Дулевіч, са збораў Кастуся Шыталя
Верасень 1939
Калі 1 верасня 1939 года Нямеччына напала на Польшчу, у Глыбокім разам з бацькамі быў Анджэй Мілаш, брат паэта. Ён прыехаў у Глыбокае з Гдыні, дзе ў жніўні быў інструктарам у скаўтаў. Калі пачалася вайна, Анджэй паспрабаваў запісацца добраахвотнікам у войска, але яму сказалі чакаць. 16 верасня на вестку пра бамбардзіроўку Вільні Анджэй спакаваў у драўляную скрынку сямейнае срэбра і занёс у гараж, паклаў у багажнік «Форда». А наступнай раніцай мяжу, якая была за дваццаць кіламетраў ад Глыбокага, перайшлі Саветы.
Анджэй Мілаш, брат Чэслава Мілаша. Фота з сямейнага архіву Анджэя і Чэслава Мілашаў у Нацыянальнай Бібліятэцы ў Варшаве. Крыніца: kosinskamiloszwkrakowie.com
«А пятай гадзіне раніцы разбудзіў нас гучны грукат у аканіцы драўлянага дамка, у якім жылі бацькі, — успамінаў Анджэй Мілаш. — Прысланы са староства кур’ер крычаў: «Пане інжынеру! Пан староста загадвае зараз жа ўцякаць! Бальшавікі ідуць!» Мы пачулі гул бальшавіцкіх танкаў на брукаванай дарозе, якая вяла з усходу ў горад. Ускочылі з ложкаў: бацька — у піжаме, маці — у начной кашулі, я — у спартовых шортах. Так як усталі, пабеглі да аўтамабіля, які стаяў у гаражы. Па дарозе маці на начную кашулю накінула каракулі [каракулевае футра — заўв. аўт.], бацька на піжаму — скураную куртку, я схапіў з вешалкі вятроўку. Уцякаючы, пакінулі ўсё, перад танкамі, якія ўжо ўязджалі ў горад».
Староства Дзісенскага павета, былы жылы корпус кляштара кармелітаў босых. У гэтым будынку размяшчалася канцылярыя павятовага дарожнага ўпраўлення, якім кіраваў Аляксандр Мілаш. Фота: Ежы Дулевіч, са збораў Кастуся Шыталя
Сярод іншага, Мілашы пакінулі ў глыбоцкім доме сямейныя дакументы з пячаткамі каралёў. Яны не «ўсплылі» пазней у архівах або музейных зборах — пэўна, новыя гаспадары спалілі іх у печы.
Як стала вядома пра візіты Мілаша ў Глыбокае
Чэслаў Мілаш пакуль што не ўвайшоў у спіс шанаваных асобаў Глыбокага. У адрозненне ад Язэпа Драздовіча, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, Эліэзэра Бен-Ягуды ў Глыбокім няма ні помніка, ні мемарыяльнай шыльды ў гонар Мілаша.
Пра тое, што вядомы паэт наведваў Глыбокае, доўгі час не ведалі нават мясцовыя краязнаўцы — і толькі ў 2019 годзе гэты факт стаў вядомы. Калі адзін з краязнаўцаў супаставіў даваенны адрас Мілашаў з планам горада, знойдзеным у Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве — стала зразумела, што гэты дом захаваўся і цяпер мае адрас Вольная, 20.
Дом Мілашаў у Глыбокім, 2020 год. Фота: Зміцер Лупач
Праз год пра адкрыццё распавялі былому амбасадару Польшчы Артуру Міхальскаму. Дыпламат сказаў, што Чэслава Мілаша ў Глыбокім варта ўшанаваць. Неўзабаве, аднак, адбыліся падзеі, пасля якіх усялякая праца па захаванні і папулярызацыі гісторыі стала неймаверна цяжкай. Але будзем спадзявацца, што часы некалі зменяцца, і ў Глыбокім з’явяцца і шыльда, і вуліца ў гонар Чэслава Мілаша, а ў мясцовых школах будуць вывучаць вершы гэтага паэта — Нобелеўскага лаўрэата.
Ян Рамэйка, Глыбокае — Беласток, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Топ-10 вядомых пісьменнікаў, народжаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі